Выбрать главу
Чорт цешыцца: будзе для пекла ахвяра; Штохвіля крываўшую помсту знаходзіць, Штохвіля чарнейшыя думкі наводзіць, І шэпча: «Забі йдзі, як сьпіць у адрыне, Ці ў садзе, як зловіш яго пры дзяўчыне, Ці ў лесе, як пойдзе табе сеч бярвеньні, Але забі толькі, не бойся сумленьня!» Яшчэ не здаецца, яшчэ азірнуўся На кут, дзе абраз быў, душой страхануўся; Схапіў тапор востры рукой подлай, сьмелай І выскачыў з хаты, глухі, азьвярэлы. А хмары па небе ішлі і стагналі І як бы бязбожніку грозна крычалі: «Апомніся, грэшны, вярніся дадому! Аб гэтым ноч-маці не скажа нікому».
У вёсцы, так кажуць, жыве люд шчасьліва, Зжываецца з горам, і з працай, і зь нівай; У вёсцы ціхай люд, кажуць, менш грэшыць, Пакусаў менш мае, малым сябе цешыць, I сцэнаў крывавых менш нойдзеш у вёсцы. Ну, праўда ж, як грушы растуць на бярозцы! І ў местах, і ў вёсках шальмоўства вядзецца, А толькі у месьце бардзей хто уп'ецца, Бардзей і сагрэшыць, другога закрыўдзе. У местах няўмысьне сабаку забіў дзе, А ўжо на сьвет цэлы разбрэшуць газэты, — Як бы генэралам сабака быў гэты! А ў вёсцы прыгледзься ж на крыўды, на сьлёзы, Што выльюць дарэмна у сьпекі, ў марозы, Што за сабак згіне людзей нешчасьлівых У лесе пад дрэвам, з натугі на нівах; А колькі на цёмных «сьвятлейшых» сягае, І больш дзе хто з працы другіх карыстае?!
Не скажаце ў местах, бо знаеце самі, Што вёска больш зьліта людскімі сьлязамі. У вёсцы, хоць горка пакрыўджаны плача, Маўчаць кожны будзе так, як і не бача… Занадта сьляпы люд, занадта баіцца, Каб мог ён за крыўду сваю заступіцца. Праз тое і вёску так хваляць паэты, Найболей такія, што, з'еўшы катлетаў, Віном якім смачным катлет той закусяць; О, гэткія, пэўна, аб шчасьці пець мусяць!
У пуні у панскай, як мёртвы сьпіць Янка, Не выйшаў да саду спаткацца з каханкай (Таго дня да Менску паехала Зося). Ой, дзіўныя часам сны ночка прыносе! Вось Янка шчасьлівы, ўжо гора не знае, За жонку ўжо Зосю прыгожую мае, Ўжо ў новай хацінцы яна гаспадара, А ў стайні ржэ конікаў сыценькіх пара; Саха валоў рослых, чатыры каровы Скубецца на лузе; лясок жа сасновы Тут ж блізка пры хатцы сячэ Янка сьмела, Да пана не мае ніякага дзела, — Не трэба ўжо ўсякаму рук цалаваці. Шмат мае ён поля і шмат сенажаці; А ўсё гэта працай дабыў ён пачцівай, Як жыць пачалі яны з Зосяй шчасьліва; Ды трохі прынесла яна і ў пасазе, А важнае — любасьць, што лепш багацтв князя. Ва ўсім памагае рукамі і радай, Прад ім не азьвецца ні плачам, ні звадай. I робіцца радасна Янку на сэрцы, Што гэтак шчасьлівы, што ўгоры не б'ецца. Не мучыцца так, як уперад бывала… Аж раптам вось гэтага шчасьця не стала. Жудосны зьвер-прывід падходзіць, здаецца, Зубамі скрыгоча і дзіка сьмяецца. Збудзіўся, глядзіць ён на зданьне благое I крыкнуў: «Паночак! За што? За якое?» Сьпіць вёска сном модным па працы па цяжкай, Начлежнікі ў лузе — пад буркай, сярмяжкай, А ў хатах — дзяўчаты, і дзеці, і бабы На ложках, на лавах, на печы — дзед слабы; Нідзе ані шуму, ні плачу, ні крыку, Не чуць і кляцьбы той, якой днём безь ліку. Адзін толькі вецер шамоча бярозкай, Ды недзе сава загукала за вёскай, А далей — ноч-пані, і пуста, і глуха… Аж вось даляцеў гук да чуткага вуха: Што гэта?.. Збудзіліся людзі з пасьцелі, У цэркаўцы блізкай званы загудзелі… Што гэта? Што гэта? Хоць поўнач на сьвеце, А відна, як сонца на небе ўжо сьвеціць. «Пажар, гэй, пажар!» — так вакол загудзела. Крычаць: «Уставайце гасіць дружна, сьмела! Гарыць у двары у Лаўчынскага нешта; Гасіце! Згарыць там будынкаў і рэшта!..» Сабраліся людзі, ды толькі па часе: Ніхто ўжо агню не залье, не загасе. Гарыць пуня панская, полымя мкнецца I знамем крывавым на небе здаецца. Бясьсільны тут людзі, бясьсільны іх рукі… Хто ў полымя ўлезе на болі, на мукі? I… пуня згарэла. Тарчыць куча сена, Дымяць галавешкі, астаткі ад сьценаў; Цягаюць іх людзі з агню на староны. Аж… Божа! Што гэта? Корч нейкі звуглёны… Хто толькі ні гляне — ўцякае з трывогі;