Выбрать главу
Корч мае людскія і рукі, і ногі! Пры тулаве, знаць, галава чалавека — Косьць толькі, няма ні вачэй, ні павекаў. Пазнаў народ, што хтось згарэў з пуняй разам, Пакленчыў над трупам, як бы над абразам: Пазнаці люд хоча, хто марна так згінуў, Сьвет гэты пакінуў, радню ўсю пакінуў? Глядзяць… аж тут раптам енк страшны разьнёсься, Аж кожны смуціўся, аж кожны затросься, — Енк гэткага жалю, енк гэткай балесьці, Што можа душой і тырана затрэсьці! Так крыкне па страчаным любым дзяўчына, I маці так енкне, хаваючы сына. I маці тут родная труп той пазнала, Пазнала таго ў ім, каго ўзгадавала, Хто хлеба ёй, беднай, насіў яшчэ ўчора, Хто быў бы ёй, беднай, на старасьць падпорай… Эх, сын яе родны, эх, Янка прыгожы Ляжыць нежывым на пасьцелі на Божай! Не ўстане навекі і сьвету не ўбача… I плача так маці і горка так плача, А зь ёю, здаецца, і ночка галосіць, I сьлёзы зьбірае і к Богу заносіць.
Ці ж добра, ці ж лёгка? Эй, пане, эй, мсьцівы! Што Янка у пуні згарэў нешчасьлівы? Твая ж гэта, пане, рука учыніла, Што будзе на сьвеце адной больш магілай, Адной больш магілай, а сьлёзаў без меры. Прыгледзься, што зробіў ты ўзмахам сякеры? Вось Янка забіты, вось Янкава маці Убогая мусіць ісьці жабраваці, Бо ўжо працаваці застара, заслаба, Не то што мужчына, ат, ведама, — баба! А што скажа Зося, як зь места прыедзе? Што скажа, як спаленым Янку угледзе? Ну, цешся, ну, цешся пацехаю ката! Ужо дамавіна гатова на брата. Ці ж добра, ці ж лёгка? Эй, пане, эй, мсьцівы! Што Янка у пуні згарэў нешчасьлівы, — Так голас таемны пытаецца ў пана; Але грызьць сумленьне ці ж можа тырана? Раз толькі надумаўся збродню ўчыніці, Ахвяру праз помсту са сбвету згубіці, То пэўна, што плакаць па збродні не будзе: Не будзе йсбці роўна, хто раз ужо зблудзе.
Сьвітае. Вот Зося ужо з Менску едзе, Вясёлая, цешыцца — Янку угледзе; Усё ёй так мілым, як лепей не трэба: І гэтыя людзі, і гэтае неба; I рада сьмяяцца, і рада сьпяваці, I з хлопцам прыгожым пайсьці пагуляці… Прыехала ж панна на плач, не на йгрышча, Убачыла з пуні адно папялішча. Што ўбачыла далей, сказаці не можа; Два выбеглі слоўцы: «О, Езу! О, Божа!» I рукі заломіць, і крыкам шалёным Азвалася з жалю над Янкам звуглёным, На брата узгляне: маўчыць той панура, Зубамі заляскае, вочы зажмура. Дарэмна дзяўчына адкрыць праўду хоча; Зжымаецца сэрца, цякуць сьлёзы з вочаў… Га! чымся так жыці, лепш легчы у гробе. У сьлёзах, у муках, у цяжкай жалобе Праходзе дзень гэтак; ноч сьціха ўжо пхнецца, А Зося ні мёртва ні жыва снуецца. Прайшла ноч, і раніцу сонца прыгнала, Дзе ж панна? А панны з пасьцелі не стала, Збудзіліся слугі, і пан прабудзіўся; Сястры няма дома. Спачатку зьдзівіўся, А потым і чорныя думы абселі: Ці ж Зосі праз тое не стала з пасьцелі, Што спалены Янка?.. Тут болей затросься. Заныла на сэрцы, страх нейкі пранёсься, I выскачыць з хаты, і крыкне на слугаў, - Заве ад работы, заве як бы другаў: «Эй, людзі! Дзе Зося, дзе ваша паненка. Шукайце! Няма яе ў гэтых тут сьценках. Была тут у хаце, няўжо яна ў полі? А можа, а можа… не ўбачу ніколі! Шукайце, шукайце! Бярыце багацьце, А толькі каб Зосю я відзеў у хаце!» Крычыць так Лаўчынскі на ўсе на староны, А дзіка, а страшна, як зьвер той шалёны. I збегліся людзі, шукаюць, гукаюць; Дарэмна! Дзе Зося, дзе панна — не знаюць. Аж глянуў брат родны у сад на сасонку — Вісіць сястра пана, вісідь на пастронку.