Макс Шчур
Адрасная кніга
раман ня ў прозе
Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.
Шчур, М.
Адрасная кніга: раман ня ў прозе / Макс Шчур. — Мінск : ІП А.М. Янушкевіч, 2016. — (Серыя «Электронная кнігарня»). — Электрон. тэкст. дан. (колькасць 0,999 Мб). — Лічбавае электрон. выд. — Загал. з тытул. экрана.
Абчытаўшыся Мантэня і Букоўскага, а таксама ўзброены абсалютнай склератычнай памяццю і google.maps, аўтар робіць дзёрзкую для сваёй параўнальна неглыбокай старасці спробу аднавіць на паперы асобныя эпізоды свайго жыцця і навучання ў Менску ў 1994-1998 гг. Атрыманы ў выніку трохтыднёвага творчага запою «раман не ў прозе» ёсць своеасаблівым дадаткам да раману ў прозе «Там, дзе нас няма» (2004 г.) і адначасова водгукам на кнігу Сяргея Прылуцкага «Дзевяностыя forever».
«Адрасная кніга» можа зацікавіць як старажылаў, што яшчэ памятаюць атмасферу 90-х, так і моладзь, што пра тую атмасферу, магчыма, нешта чула.
© Прозвішча Імя аўтара, 2016
© Афармленне і распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Усе адрасы, асобы і падзеі ў гэтай кнізе – сапраўдныя.
Аўтар
Зьмест
1. Замест пралёгу
2. Альмадовар (Ангарская)
3. Дом зданяў (Першая Ўманская)
4. Менск-Інтэрнацкі (Макаёнка)
5. Краіна Мальбара (Захад)
6. Згвалтаваньне (Юбілейка)
7. А вы ведаеце Бона Скота? (Серабранка)
8. Філяматы (Навінкі)
9. Дачка апазыцыянэра (Сьц/ляпянка)
10. За дружбу народаў (Дом дружбы народаў)
11. Сінэстэзія (Сьлясарная)
12. In My Defence (Круглы пераход)
13. «Чатырыста ўдараў» (ДК Прафсаюзаў)
14. Зьмена стану (Інстытут Культуры)
15. Пінігін адпачывае (Захарава)
16. Валадарка Дум (Валадарскага)
17. Нагана (Акрэсьціна)
18. Сямейныя прычыны (Шаўчэнкі)
19. Гісторыя з самагубствам (Вакзал)
20. Прыцягненьне (Траецкае)
21. Паліклініка (Хмяльніцкага)
22. Альфа й Амэга (Дом літаратара)
23. Замест эпілёгу
1. Замест пралёгу
Маім першым уражаньнем ад Менску
якое я здолеў запамятаць
было тактыльнае –
дотык гладкай паверхні шклянога празрыстага восьліка
бурштыновага колеру
якога мне падаравалі цётчыны менскія знаёмыя
аргентынскія рэпатрыянты
у іх мы былі ў гасьцях у Зялёным Лузе
калісьці ў васьмідзясятых
неяк адразу пасьля Чарнобыля
мне было гадоў дзевяць-дзесяць
з той паездкі я прывёз у падарунак бацькам
два наборы паштовак зь Менскам
сталіцай БССР
праз трыццаць гадоў з таго ўражаньня
Менск для мяне амаль што такі ж далёкі
й загадкавы як упершыню
сярод менскіх у мяне амаль не засталося сяброў
засталіся збольшага знаёмыя
і сябры што жывуць у Менску
але ў ім не нарадзіліся
адзін мой сябар мянчук
зь якім я пазнаёміўся ў Празе
ужо не жыве
а другі ўжо жыве ня ў Менску
вось так неяк усё заблыталася
выбачайце
калісьці я напісаў быў пра Менск раман
у якім абазваў яго Другарадам
і пасьля такой страшэннай абразы
вядома ж перастаў для Менску існаваць
а ён на доўгі час перастаў існаваць для мяне
таму цяпер для мяне Менск таксама ўжо горад сон
толькі бяз «ца»
хаця ў маіх менскіх снах часам бывае сонечна
аднак Менск у іх зусім не падобны да Менску
ён знаходзіцца на высачэзных пагорках
у разы большых за праскія
і на іх стаяць велічныя палацы
ў футурыстычна-імпэрыяльным стылі
але назвы і адчуваньні менскіх мясьцінаў
ад зьмены дэкарацый у снах не мяняюцца
а застаюцца такімі ж
якімі былі ў дзевяностыя
калі я пражыў у Менску
ўсяго тры гады з паловай
Гэта я ўсё да таго што ў прынцыпе
ня маю ніякага права
быць аўтарам гэтай кнігі
2. Альмадовар
У ліпені дзевяноста чацьвёртага году
мы з маці прыехалі ў Менск падаваць дакумэнты ў ін’яз
і запыніліся на адну ноч у карэліцкіх землякоў
на Ангарскай
Але сьпярша быў Партызанскі праспэкт
які, можна было падумаць, цягнецца не да Ангарскай
а да самой Ангары –
і дарэшты набіты тралейбус