Выбрать главу

якую-небудзь клясыку

але дзяўчына ўсё-ткі была не настолькі сталая

і напэўна спалохалася

бо адразу пабегла сікаць за паблізны гараж

дзе доўга сядзела і думала над маёй прапановай

а калі выйшла то сказала што не маўляў дзякуй

ёй трэба ехаць назад у Берасьце

і ўжо зараз

балазе цягнікі ходзяць даволі часта

на гэтым мы тады й разьвіталіся

я флегматычна паціснуў плячыма

й вярнуўся ў свой відэасалён

глядзець па-мойму «Altered States» Кена Расэла

а недзе праз год мы сустрэліся зноўку

толькі ўжо не на Інстытуце Культуры

а ў менскай кватэры

дзе яна жыла зь іншым хлопцам, старэйшым

такім сама чарнявым і валасатым як я

за якога рыхтавалася выйсьці замуж

бо ў яе ўжо быў ад яго жывоцік

і яна такім чынам нават з намі ня выпіла

толькі ўсё нешта мітусілася ля стала

й пазьбягала глядзець мне ў вочы

а я там сядзеў як тормаз і думаў

што калі б ня тая мая заўчасная й двухсэнсоўная прапанова

то ўсё магло б быць па-іншаму

то бок напэўна прыблізна аднолькава

толькі фільм пра каханьне быў бы не мастацкі а дакумэнтальны

бо ў ролі валасатага героя-абраньніка

давялося б выступіць самому ягонаму прататыпу

15. Пінігін адпачывае

І ўсё-ткі ў Менску я здолеў пабыць рэжысэрам!

А менавіта нашага студэнцкага тэатру

гішпанскага факультэту

ніхто мяне ім не прызначаў

я сам сябе ім прызначыў

Адразу пасьля таго як зь Менску

зьехала папярэдняя рэжысэрка

Эстэр Мальдонадо з Эквадору

што вучылася ў Інстытуце культуры на тэатральным

я пры падтрымцы аргентынскага сябра зьдзейсьніў

тыповы лацінаамэрыканскі пераварот

і захапіў у тэатры адзінаасобную ўладу

у адрозьненьне ад Эстэр я вучыўся рэжысуры толькі ў кіно

і на двух пастаўленых ёю спэктаклях

а ў тэатар хадзіў толькі на опэру

і тым ня менш мы з аргентынскім сябрам

скалацілі ў касьцяк рэшту трупы

абвясьціўшы анафэму адшчапенцам

якім мой спосаб прыходу да ўлады не спадабаўся

і пачалі ставіць п’есу на матывы ўсіх твораў Картасара адразу

на мове арыгіналу

п’есу мы ставілі цэлы год

зь перапынкам на летнія вакацыі

цягам якіх усё дарэшты пазабывалі

і тым ня менш я ультыматыўна прызначыў прэм’еру

на пачатак сьнежня

самы пярэдадзень свайго дваццацігодзьдзя

якое пастанавіў любым коштам адзначыць спэктаклем

каб зрабіць сабе варты сябе падарунак

(я сам мусіў выканаць у п’есе сьціплую ролю

дваццацігадовага дэбіла па імі Ціта – ! –

якая палягала ў тым каб выйсьці на сцэну

й сказаць адзіную фразу: «Soy un genio»)

і вось урэшце надышоў сьнежань!

а зь ім і генэральная рэпэтыцыя

спачатку нічога не прадвяшчала канфлікту

усю трупу ў той дзень вызвалілі ад заняткаў

з раніцы мы сабраліся ў актавай залі ін’язу

ў поўным складзе і баявым настроі

я з такой нагоды трымаўся як сапраўдны генэрал

павольна крочыў па сцэне

і аглядаў свае акторскія шыхты

у якіх былі пераважна акторкі

мае аднагодкі й пару старэйшых

да іхнага выгляду я рабіў кароткія заўвагі

й пляскаў сябе па назе папліскай

але тут да мяне падбег ардынарац

Дзіма Прышчэпаў

і адрапартаваў што мяне на ўваходзе

патрабуе нейкая дзеўка

хто б мог падумаць, што прыехала яшчэ адна дзеўчына зь Берасьця!

у якую гэтым разам я сам калісьці быў закаханы

і ўспаміны яшчэ цалкам не зарубцаваліся

а тут яна зьявілася ў самы конадзень

маёй гістарычнай прэм’еры!

Прыезд дзяўчыны мяне страшэнна ўзрадаваў

я правёў яе пад ручку ў сваю рэжысэрскую ложу

ў першым шэрагу

і сказаў ёй: «Зараз ты ўбачыш нешта!

Гэта будзе закрытая прэм’ера для крытыкаў!

То бок перадусім наўмысна й асабіста для цябе!»

Я запаліў сваю рэжысэрскую цыгарэту

(курыць у актавай залі не дазвалялі)

і махнуў рукой

маўляў пачынайце!

усе думалі што на генэральнай рэпэтыцыі

мы папросту прагонім спэктакль ад пачатку да канца

чаго мы ні разу яшчэ трэба сказаць не рабілі

але ж я нечакана ўсьвядоміў, што я ня толькі генэрал

а яшчэ й патыпу геній

і пачаў перад дзяўчынай паводзіць сябе адпаведна:

на кожнай другой рэпліцы перабіваў выканаўцаў

і крычаў што яны гавораць не па-аргентынску!

то бок зусім не ў картасараўскім духу!

што палова зь іх не разумее глыбокага сэнсу сваіх пэрсанажаў!

а другая палова надае ім зусім нейкі іншы сэнс!

што палова грае як марыянэткі!