а другая палова як гістэрычкі!
што некаторыя рэплікі будуць такім чынам іншыя!
я перад пачаткам спэктаклю загадзя папярэджу, якія!
і што асьвятленьне лажа і музыка лажа!
і што на сцэне мне раптоўна не хапае люстэрка!
а таксама шахматнай дошкі!
і цацачнага дзіцячага піяніна на колцах!
і г.д.
а ка лі нехта са злосьці прапанаваў адмяніць МАЮ ідэю фіналу
ў якім акторы мусілі перад сыходам са сцэны
разабраць дэкарацыі й вынесьці іх за кулісы
на знак заканчэньня тэатральнай ілюзіі
й разбурэньня чацьвёртай сьценкі –
тут я ўжо зусім ня вытрымаў
паслаў усіх адкрытым тэкстам нахуй!!!
і выбег з залі
пакінуўшы берасьцейскую госьцю
адну ў рэжысэрскай ложы
здаецца, яна зьбянтэжылася
і ад разгубленасьці запляскала ў ладкі
ня ведаю, ці яна зразумела
што сапраўдны спэктакль адбываўся тады не на сцэне
а ў залі (па-мойму, роля генія была сыграная мною даволі пераканаўча)
Нягледзячы на мае сабатажніцкія закідоны
спэктакль увечары ўсё-ткі адбыўся
на сцэне мы пускалі мыльныя бурбалкі
білі талеркі
стралялі з вадзяных пісталецікаў
пускалі вялізным люстэркам у вочы публіцы зайчыкаў
ну проста рабілі ўсё як напісана ў Картасара
і ўсе нам за гэта як ні дзіўна аплядавалі
вось толькі дзяўчына зь Берасьця
нашага фэнамэнальнага посьпеху не дачакалася
бо ўжо рэпэтыцыя пакінула ў яе ўражаньне
поўнага хаосу й аматарства
але я яе ў гэтым не вінаваціў
яна ж па-гішпанску не разумела
16. Валадарка Дум
На Валадарку я трапіў пры досыць дзіўных абставінах
і ня ў якасьці вязьня а ў якасьці ганаровага госьця
празь нейкіх геяў што падтрымлівалі шчыльныя сувязі зь «Беларусьфільмам»
мы даведаліся, што ў Менск прыяжджае Мэнахэм Голан
галівудзкі рэжысэр і прадзюсар беларуска-ізраільскага паходжаньня
(між іншым адзін з герояў Букоўскага
легендарны творца культавых фільмаў катэгорыі «Бэ»
такіх як «Зэ Дэльта Форс» з Чакам Норысам)
і будзе здымаць тут кіно з Ларэнзо Ламасам
галівудзкай зоркай катэгорыі «Бэ»
што праславіўся ролямі крутых даўбаёбаў
фільм будзе пра пэруанскіх рэвалюцыянэраў з «Сэндэро люміносо»
і пра іхнае змаганьне зь вялікім сябрам Беларусі прэзыдэнтам Фухіморы
і на здымкі фільма маўляў ня толькі бяруць статыстаў
а яшчэ й плацяць ім за гэта грошы
ну хто б не хацеў зьняцца ў галівудзкім фільме
з Ларэнзо Ламасам
сыграць змагара з пэруанскім дыктатарам Фухіморы
ды яшчэ й атрымаць за гэта халяўныя грошы?
збор статыстаў быў прызначаны на шостую раніцы
каля брамы турмы на Валадарскага
дзе мусілі здымаць сцэну вызваленьня пэруанскімі рэвалюцыянэрамі
на чале з Ларэнзо Ламасам іхных таварышаў палітвязьняў
мы зь сябрамі так баяліся праспаць і спазьніцца
што ня спалі ўсю ноч і скурылі ўсе цыгарэты
а а шостай раніцы то бок да адкрыцьця тытунёвых шапікаў
былі як штыхі на Валадарскага
гатовыя да канца змагацца з дыктатарам
такіх як мы было чалавек трыста
нас усіх запусьцілі ў высокую турэмную браму
якая з бразгатам зачынілася
у турме нам раздалі зялёныя гімнасьцёркі
і драўляныя аўтаматы Калашнікава
намазалі нас як пэруанцаў нейкай бурай брыдотай
падзялілі нас на турэмшчыкаў і тэрарыстаў
бы ў дзіцячай гульні на добрых і кепскіх
і пагналі ў турэмныя сутарэньні
папярэдне аднак было трэба вызваліць іх ад вязьняў
не пэруанскіх а сапраўдных тутэйшых валадарскіх
з гэтай мэтай удоўж калідору выстраілася ахова з сабакамі
і з доўгіх вузкіх штольняў перагароджаных кратамі
і схаваных за аднолькавымі жалезнымі дзьвярыма
пачалі выводзіць вязьняў з рукамі за сьпінай
некаторыя зь іх былі нашага веку
некаторыя яшчэ маладзейшыя
у кожнай штольні было чалавек па сто
жалезных дзьвярэй у калідоры было нямала
агулам сутарэньне было вызваленае ад якой тысячы вязьняў
а мы і не ўяўлялі што іх тут можа быць столькі
зусім побач з цэнтрам горада
пад зямлёю
пад асфальтам і тратуарам
жыўцом пахаваных у задушлівых штольнях
пасьля гэтага мне па шчырасьці было не да здымкаў
і не да змаганьня з дыктатарам
мне зрабілася неяк непамысна
й шалёна захацелася закурыць
я папрасіў адпусьціць мяне са здымкаў на вуліцу
я б заскочыў па цыгарэты ў найбліжэйшы шапік
аднак галоўны наглядчык сказаў, што тут турма, а не балаган
і што адсюль нас выпусьцяць усіх разам а шостай вечара