што празь дзьве вуліцы ад дома зданяў –
на Акрэсьціна –
знаходзіцца іншы важны для мяне менскі дом
куды я пазьней на пяць дзён пераеду
як у тым гэбрайскім анэкдоце
але ўжо тады на Ўманскай я адчуваў сябе вязьнем
да часу хіба што пад хатнім арыштам
4. Менск-Інтэрнацкі
Кажуць, вы чужыя ў горадзе
дакуль нехта зь мясцовых не запросіць вас
да сябе ў хату
што ў пэўных выпадках прымушае чакаць сябе досыць доўга
а ў яшчэ пэўнейшых не надыходзіць ніколі
ну і няхай
ня стану з гэтым спрачацца
але я лічу, што ў Менску вы чужыя, дакуль не пабывалі ў некаторым
з тутэйшых інтэрнатаў
сапраўдных дыпляматычных прадстаўніцтваў уласнай краіны
што больш за дыпляматычныя прадстаўніцтвы іншых краінаў
робяць гэтае скопішча будынкаў сталіцай
такім чынам, у Менску я свой ад пачатку
мне давялося
бухаць
з архітэктарамі на Ўсходзе
і зь юрыстамі на Паўднёвым Захадзе
курыць
з двума незнаёмымі тэхнарамі
адразу за дзьвярыма галоўнага ўваходу ў інтэрнат на Сурганава
і з мэталістамі пасьля рэпэтыцыі ў інтэрнаце БДУ на Кастрычніцкай
рэзаць жывую казу
з афрыканцамі
і смажыць дохлую сялёдку
з кітайцамі
ў так званым Дэ-білдынгу на Румянцава
сапраўднай школе мультыкультуралізму
дзе былі прыбіральні з надпісамі «Фор ўайт онлі»
піць піва
ў траіх загадкавых дзяўчат на Карла Маркса
(зь якімі мы пазнаёміліся яшчэ на Крапоткіна,
ледзь ня пАдаючы, падаючЫ з вокнаў у вокны
ня менш загадкавыя сыгналы)
і нават частавацца гарбатай на Сьлясарцы!
а пра біцьцё шкла, пысаў, галоваў і астатняе на Варвашэні
(цяперашняй Машэрава)
я наагул недалікатна прамаўчу
за няменьнем часу
хай лепш раскажуць дзяўчаты
ці мянты
што жылі на паверсе для асабліва адораных
аднак самым першым маім інтэрнатам
быў так званы «парнат» на Макаёнка
зь яго нацыяналістычнымі фрэскамі
рассаднік новай хвалі беларускага адраджэньня
куды нас на пачатку дзевяностых
тры гады запар штовясну засялялі
як школьнікаў-удзельнікаў лінгвістычнай алімпіяды
там мы па малалецтве не бухалі й не займаліся блядзтвам
а толькі пра гэта марылі
кожны па-свойму
скажам, я ў вершаванай форме
нашыя мары неўзабаве спраўдзіліся
калі я на першым курсе
наведаў на год маладзейшых берасьцейскіх дзяўчат
прывезеных на Макаёнка маёй улюбёнай
і навечна закаханай у Менск-Інтэрнацкі настаўніцай
яны ўбачылі, што робіць з колішнімі завучанымі выдатнікамі
гэты рэальны, а не папяровы паралельны поліс
з самым прагрэсіўным і пахуістычным у краіне насельніцтвам –
і некаторыя як у тым анэкдоце
тут жа спалохаліся й перадумалі паступаць –
ня ведаю як яны, але мы пазьней пра гэта
не шкадавалі
5. Краіна Мальбара
Менскі Захад мы называлі Краінай Мальбара
У часы, калі апошняй станцыяй мэтро была Пушкінская
а наступныя шчэ і не будаваліся
гэта тут здымалі кватэры самыя растарможаныя дзеўкі
і самыя прыпісчаныя знаёмыя
з суіцыдальнымі схільнасьцямі
гэта сюды можна было за апошнія грошы
прыехаць а трэцяй ночы на таксі
без папярэджаньня
і застацца да раніцы
пазанаступнага дня
гэта тут люлька міру замяняла сьняданак
а культавы фільм калыханку
адным словам, Захад – ён і ў Менску Захад!
а вуліцы! Адаеўскага, Адзінцова, Прытыцкага!
паэзія!
мы ніколі не запісвалі адрасоў на Захадзе
бо ведалі яго напамяць колькі б ні выпілі
як і некалькі патрэбных нумароў тэлефонаў
на выпадак небясьпекі
дэгідратацыі
Назва «Краіна Мальбара» ўзьнікла спантанна
пад уплывам рэклямных білбардаў з каўбоямі
што нагадвалі шыльды на памежных пераходах
між рэштай Менску і Захадам
а таксама пасьля таго выпадку
калі мы з хлапцамі ў нядзелю ўвечары
акупавалі ў адсутнасьць кораша ягоную хату
і захацелі з нагоды ці то Дзядоў, ці то Гэлаўіна
выпіць як культурныя людзі
гэта значыць пад закусь
набылі з гэтай нагоды курыцу
і ўсьвядомілі, што ня ведаем, як яна гатуецца
я тут жа набраў адзін з нумароў хуткае дапамогі
ён аказаўся нумарам маёй аднагрупніцы
якая жыла паблізу
і якую я да гэтага вечара кахаў толькі плятанічна
а празь дзьве гадзіны курыца была гатовая
хлапцы былі гатовыя
а мы з аднагрупніцай ужо настолькі закаханыя
што пакуль на кухні пад курыцу лілася гарэлка