Выбрать главу

– Гэта я непрыстасаваная?! – пакрыўдзілася дзяўчынка. Пан Альбрыхт толькі мякка рассмяяўся.

– Вам ужо час ісці, – сказаў ён. – Прыходзьце, мадэмуазэль, я буду вас чакаць.

Міхал і Бася ўзняліся і накіраваліся да дзвярэй, але тут дзяўчынка нешта ўзгадала і павярнулася да старога:

– Пан Альбрыхт, а колькі часу пройдзе ў мяне дома?

– У розных вымярэннях час ідзе неаднолькава, але, паводле маіх першапачатковых разлікаў, у вас дома пройдзе не больш за пяць-шэсць дзён.

– Мае бацькі з’ехалі на тыдзень. Калі іх не спалохае, што я не падыходжу да тэлефона, і яны не вернуцца раней, то я, мабыць, і паспею.

– Ну што ж, заўжды трэба спадзявацца на лепшае. Да пабачэння.

– Да пабачэння, – развіталіся Міхал і Бася і пайшлі з кабінета старога.

Апусціўшы галовы, яны абодва крочылі па вуліцы.

– Самае галоўнае – не адчайвацца, – паспрабаваў падбадзёрыць дзяўчынку Міхал. – Неяк зладзімся.

– Ага.

Бася журботна ўздыхнула. Раптам яна пачула пах свежай здобы і, пашукаўшы вачыма, убачыла хлапчука, які гандляваў піражкамі.

– Міхал, давай піражкоў купім, – жаласна папрасіла дзяўчынка.

– Навошта? Ты ж паснедала.

– Што? Я паснедала? – ушчэнт абурылася Бася. – Ты ж не даў мне паесці! Добра яшчэ, што твая карміцелька – добрая і міласэрная жанчына – дала мне кавалачак хлеба. А так я, ведаеш, якая галодная?

– Ну добра-добра, куплю я табе піражок. Толькі не крычы так, – папрасіўся Міхал і, кінуўшы гандляру дробную манету, узяў з латка два – сабе і Басі.

Ён працягнуў дзяўчынцы піражок і, пакуль яна падазрона абнюхвала яго і разглядала, з’еў свой. Бася асцярожна адкусіла маленькі кавалачак і зморшчылася.

– Смак у вашых піражкоў нейкі дзіўны, – пераборліва сказала яна.

– Не ведаю, піражок як піражок, – паціснуў плячыма Міхал і, выхапіўшы ў Басі з рук ежу, адкусіў вялізны кавалак.

– Міхал! – крыкнула яна, не чакаўшы ад яго такой нахабнасці.

– Што? – здзівіўся юнак, запіхваючы ў рот кавалак, які застаўся.

– Я не казала, што не буду есці! Міхал задушыўся і пачаў кашляць.

– Выбачай, – прамямліў ён. – Ну, усё роўна мы хутка вернемся дадому і будзем есці.

– Дурны! – раззлавана прабурчала Бася.

– Не дурны, а твой пан!

– З чаго гэта? – здзівілася дзяўчынка.

– Памятаеш, што карміцелька сказала, калі я паведаміў, што ты пакуль будзеш пры мне? Маўляў, пан Міхал абзавёўся пажам, – зарагатаў юнак, відавочна задаволены сваім недарэчным жартам.

– Знайшоўся пан! Бачыла я такіх паноў, – убок прамармытала дзяўчынка.

– Што ты там кажаш? – гучна спытаў Міхал.

– Што пан самы разумны і храбры! – смеючыся, усклікнула Бася.

– Ну, бачыш, вось ты і развесялілася, – юнак узрадваўся, што дзяўчынка кінула супіцца.

– Але піражок і стужкі я табе ўсё роўна не дарую! – паабяцала яна.

Міхал толькі хітравата ўсміхнуўся.

Вярнуўшыся дадому і паабедаўшы, яны пайшлі наверх, і юнак паказаў Басі пакой, у якім яна будзе жыць. Усё агледзеўшы, дзяўчынка прысела на века куфра, у які яны згрузілі ўвесь набыты сёння скарб, і склала рукі на грудзях, робячы выгляд, што ўсё яшчэ крыўдзіцца на Міхала. Ён прысеў побач і, злёгку штурхануўшы яе ў бок, паклікаў:

– Бася.

– Н-ну? – незалежна прамовіла дзяўчынка.

– Глядзі, – юнак працягнуў ёй танюткую, сплеценую з залатых нітак сетачку для валасоў.

– Ой, гэта мне? – пралапатала Бася.

– Ага. Гэта лепшае за стужкі і грабянькі?

– Зразумела! Дзякуй, Міхалачак, вялікі табе дзякуй! – засакатала яна, але ў наступную ж хвіліну зноў засумавала.

– Што з табой? – здзівіўся юнак.

– Як жа я буду яе насіць, калі ты мне ўсе валасы абцяў? – спытала Бася.

– Ну, я думаю, што да таго часу, як табе яе насіць, яны ўжо вырастуць, – супакоіў яе Міхал і ўсміхнуўся, задаволены тым, што здолеў пацешыць сваю госцю.

Раздзел 5

Басі так карцела хутчэй даведацца, чаму яна не можа вярнуцца дадому, што на другі ж дзень яна папрасіла Міхала завесці яе да пана Альбрыхта. Юнак згадзіўся. Яму трэ было ісці на службу, таму ён папярэдзіў дзяўчынку, што можа затрымацца да позняга вечара, і дамовіўся, каб яна пачакала яго ў старога.

Калі яны ўвайшлі ў краму, то ўбачылі, як пан Альбрыхт гандлюецца з кімсьці з пакупнікоў. Дзяўчынка памахала купцу рукой. Заўважыўшы яе, стары паклікаў памагатага, каб той заняўся пакупніком, а сам, кіўнуўшы ў бок ужо знаёмых дзвярэй, накіраваўся да свайго кабінета. Міхал і Бася паспяшаліся за ім.

Павітаўшыся, стары сказаў:

– Я так і думаў, што вы прыйдзеце сёння. Зрэшты, ваша нецярплівасць зразумелая. Прысаджвайцеся!

– Мне трэба ісці на службу. Можна Бася застанецца ў вас, пакуль я не вярнуся? – спытаў юнак.