Выбрать главу

– Вядома, – адказаў стары. – Мне шмат чаго трэ будзе распавесці мадэмуазэль. Не турбуйцеся, нудзіцца ў яе не будзе часу.

Міхал кіўнуў. Ён развітаўся з Басяй і купцом і пайшоў.

– Размяшчайцеся, мадэмуазэль, – паўтарыў стары.

Бася прысела на нізенькую лавачку і падрыхтавалася слухаць.

– Напэўна, вы надта здзівіцеся, мадэмуазэль, калі даведаецеся, што я нарадзіўся ў XVI стагоддзі, – сказаў дзядок.

Ад нечаканасці Бася з’ехала на падлогу.

– Як гэта магчыма? – апамятаўшыся, усклікнула яна і зноў залезла на лавачку.

Дзядок усміхнуўся:

– Так, я сапраўды нарадзіўся ў XVI стагоддзі. Калі мне было прыкладна столькі ж гадоў, як вам зараз, бацька паклікаў мяне да сябе. Ён распавёў, што наш род ужо даволі даўно захоўвае таямніцу люстраў. Выявілася, што і мой бацька, і мой дзед ледзь не ўсё жыццё правялі ў даследаваннях іх уласцівасцяў. Рэч у тым, што кожнае люстра здольнае паказваць свае Успаміны, а іншы раз і ўпусціць у іх чалавека. Але не трэба думаць, што гэтыя Успаміны бесцялесныя. Не, гэта пэўны адрэзак часу ў гісторыі чалавецтва. Гэта як паралельны свет. Каб трапіць у яго, трэба правесці найскладанейшыя даследаванні і разлікі. Для таго, каб люстра зрабілася мостам паміж двума вымярэннямі, павінны супадаць месца, гадзіна, размяшчэнне планет і фаза Месяца. У паралельных вымярэннях час ідзе неаднолькава. Калі ў адным прайшло ўсяго толькі некалькі хвілін, у другім прайшоў цэлы век. Але калі ў двух вымярэннях усё супадае, то тады яны нібы дакранаюцца адзін да аднаго, час замірае і скрозь люстра можна патрапіць у іншы свет. Не кожны можа зрабіць гэта. Люстра само абірае чалавека. Калі ж усё-такі яно адчынілася, дык трэба быць надта асцярожным. Толькі маленечкая хмарка наплыве на месяц – і люстра адразу зачыняецца. Каб вярнуцца дадому, неабходна прачакаць шмат часу, пакуль яно адчыніцца зноў. Нярэдка бывала так, што людзі з ХІХ ці ХХ стагоддзя знянацку траплялі ў Сярэднявечча. Там яны намагаліся распаўсюджваць ідэі свайго часу. Тады іх лічылі ці геніямі, ці ерэтыкамі. І тады іхні лёс быў маркотны. Дарэчы, мадэмуазэль Барбара, я настойліва вам рэкамендую не казаць шмат пра ХХІ стагоддзе і не спрабаваць сеяць ідэі, уласцівыя вашаму часу.

Бася няпэўна хмыкнула, але, убачыўшы падазрона прыўзнятае брыво пана Альбрыхта, сцяла вусны і сказала:

– Ды добра-добра, я зразумела.

– Спадзяюся, што так. Вам вельмі пашанцавала, што гэты юнак – Міхал – паверыў вам, – заўважыў дзядок. – Хадземце, я жадаю вам штосьці паказаць.

Бася ўзнялася і рушыла следам за ім у бакавы пакой, які быў схаваны за парцьерай. Калі яны ўвайшлі, дзяўчынка ахнула. Гэта быў невялікі круглы пакой, сцены якога былі цалкам увешаны люстрамі ў старадаўніх рамах.

– Нічога ж сабе! – з захапленнем прашаптала дзяўчынка.

Стары ўсміхнуўся, задаволены тым, што здолеў уразіць падлетка з ХХІ стагоддзя.

– Няўжо можна прайсці праз кожнае з гэтых люстраў? – спытала Бася.

– Не, прызнацца, я да гэтага часу не здолеў прайсці праз некаторыя з іх, – адказаў стары.

– А там, у ХХІ стагоддзі, вы таксама маеце ўсе гэтыя люстры?

– Не ўсе. Некаторыя не захаваліся. Напрыклад, вось гэтае, – стары паказаў на адно з люстраў. – Я магу адсюль прайсці праз яго ў XVIII стагоддзе, але ў XXI яго ўжо даўно няма. Затое там ёсць некаторыя люстры, якіх у іншых вядомых мне месцах я не знайшоў.

– А вы даўно трапілі ў… – Бася запнулася, думаючы, як лепей сказаць пра родны свет, дзядок жа нарадзіўся тут, у XVI стагоддзі! – У мой час.

– Так, мадэмуазэль, вельмі даўно. Пасля таго як бацька паведаміў мне таямніцу люстраў, я пачаў дапамагаць яму рабіць разлікі, а потым ён сказаў, што прыйшоў час паспрабаваць прайсці ў іншае вымярэнне. Некалькі разоў усё праходзіла цудоўна, і я паспяхова вяртаўся дадому. Але аднойчы бацьку прывезлі адно люстра. Мы доўга даследавалі яго, а потым яно адчынілася. Я прайшоў скрозь яго і трапіў у пачатак 40-х гадоў ХХ стагоддзя. Я, вядома ж, яшчэ не ведаў, што гэта за час. Раней мне не выпадала трапляць у настолькі далёкую будучыню. Люстра раптам зачынілася, і я не мог вярнуцца. Тады якраз ішла Другая сусветная вайна. Мне не пашанцавала, я трапіў пад бамбёжку, і мяне кантузіла. Я апынуўся ў шпіталі. Усе думалі, што мяне асабліва цяжка кантузіла, бо я не казаў ні слова. Толькі ўявіце, мадэмуазэль, ці мусіў я размаўляць?! Мова ж, хаця і была мне знаёмая, надта змянілася. Мяне, пэўна, ніхто б не зразумеў. Тым больш я ўсё ніяк не мог усвядоміць, у якое стагоддзе трапіў, і не ведаў, як паводзіць сябе.

Выпадкова да мяне трапіла газета. Праз яе я з цяжкасцю даведаўся пра дату і сяк-так – пра апошнія здарэнні. Прыслухоўваючыся да галасоў медсясцёр, лекараў, хворых, якія ачуньвалі, я менш-больш асвоіў мову. Памятаю, сядзелка так узрадвалася, калі я пачаў размаўляць!