Выбрать главу

На другі дзень дзяўчынка паведаміла Міхалу пра сваё жаданне памыцца. Юнак задумаўся і паклікаў карміцельку.

– Калі ты хочаш, каб ніхто з людзей не даведаўся, што ты паненку за пажа выдаеш, хадзі разам з ёй, нібы сам ідзеш мыцца, а паж табе прыслугоўваць будзе, – сказала тая.

– Навошта? – не зразумеў Міхал.

– А хто яе сцерагчы будзе?

– Але, карміцелька, як я пайду разам з «пажам» у лазню? Што людзі падумаюць?

– Як гэта – «што людзі падумаюць»? Хто тут пан? Ты ці людзі? Калі ты саромеешся з «хлопчыкам» у лазню ісці, – кабета з’едліва ўсміхнулася, – я таксама з вамі пайду.

– А гэта яшчэ навошта?

– Што ты заладзіў: навошта ды навошта! А мыцца ёй дапамагаць ты будзеш?

– Ды рабіце вы, што хочаце! – усклікнуў Міхал і, схапіўшыся за галаву, выбег з пакоя.

Праз некаторы час можна было назіраць наступнае відовішча: па двары, ганарліва выкрочваючы, ішла карміцелька і несла настоі і адвары для мыцця, за ёю дробненька тупала задаволеная Бася, трымаючы ў руках сцірту ручнікоў і свежай бялізны. Замыкаў гэтае шэсце маркотны Міхал, які ледзь цягнуўся следам і азіраўся ў пошуку шляхоў адступлення.

Яны зайшлі ў прылазнік.

– Сядзі тут і нікуды не хадзі! – сказала юнаку карміцелька і ўвайшла разам з Басяй у мыльню.

Міхал скрывіў морду дзвярам, за якімі яны зніклі. Ён наліў сабе ў кубак квасу, сеў на лаву і, падпёршы кулаком шчаку, пакутніцкі ўздыхнуў. «Колькі ж марокі з гэтымі паненкамі! Усё ім не так, усё ім кепска. Толькі і ведаюць, што капрызіць. Такія далікатныя! Нібы нельга пачакаць з купаннем. Вось мне зараз сядзі тут і пільнуй яе. А як было добра, пакуль не з’явілася Бася! Робіш, што хочацца, ні пра што не думаеш, толькі на службу ходзіш, калі трэба. А тут турбуйся, беражы. Столькі цырымоній – нават прыкра! Як гэта наогул можна цярпець? Халера! Ніколі ў жыцці не жанюся! – падумаў Міхал і нахмурыўся. – Хаця з іншага боку, Баська – малайчына! Зразумела, як ёй, небарацы, – ад бацькоў адарвалі і яшчэ невядома, ці здолее яна вярнуцца. А Бася амаль і не скардзіцца ні на што, усё церпіць. Яна ж дзяўчына – не прызвычаілася, як жаўнеры, па месяцы ў сядле праводзіць. Усё ж такі яна сапраўдны таварыш! Трэ будзе яе яшчэ на кані ездзіць навучыць і са зброяй абыходзіцца».

Раптам з мыльні выйшла карміцелька.

– Ох, Міхалачак, адкуль жа ты паненку прывёз? Як бы яе бацька ці браты не паскардзіліся! Як бы ты ворагаў не набыў!

– Карміцелька, ну якія ворагі? Хто паскардзіцца? Я ж казаў, што прывёз Басю з…

– Ты мне не распавядай! – перапыніла тая Міхала. – Думаеш, я высакародную дзяўчыну ад бяднячкі не адрозню? Ты на яе паглядзі: ручкі бялюткія, сама яна такая ладненькая. Па ўсім бачна, што дзяўчына не простая. Вось прыедзе твой хросны, пан князь, сама да яго ў ногі кінуся, каб абараніў, пакрыўдзіць не даў. А вось калі з бацькам яе зладзіш, то мы вяселле і згуляем! Ужо я паклапачуся! У нас такое вяселле будзе! – пачала марыць кабета.

– Кармі-і-целька! – прастагнаў Міхал. – Не збіраюся я ні з кім жаніцца!

– Што значыць, не збіраешся? – збянтэжылася карміцелька. – Як гэта разумець? Ты дзяўчынку бедную выкраў, ад матулькі і татулькі адарваў, а зараз ажаніцца не хочаш! Навошта тады яе так катуеш?

– Як я яе катую? – усклікнуў юнак, ужо страчваючы цярплівасць.

– Як? У доме сваім пасяліў, валасы абрэзаў, у мужчынскае адзенне прыбраў! Гэта ж нейкі жах! Яна за табой як сабачка бегае, а ты так сябе трымаеш! Бессаромнік! – прагудзела кабета.

– Карміцелька, супакойся! – агрызнуўся Міхал.

Бася, з мокрымі валасамі і ў доўгай белай кашулі, выйшла з мыльні ў прылазнік.

– Хадзі зараз ты мыцца, – загадала карміцелька юнаку.

– Навошта?

– Што ж людзі падумаюць? Пажа ў лазню звадзіў, а сам не памыўся! Ну не! Хадзі давай!

Міхал узняў вочы дагары.

– Хадзі-хадзі, Міхалачак! Зараз я цябе пасцерагу! – засмяялася Бася.

– Я табе пасцерагу! – прабурчаў Міхал.

«Не дай божа, Бася чула гэтыя дурныя размовы!» – падумаў ён і зайшоў у мыльню.

– Папі кваску, дзетухна мая! – прабуркавала карміцелька Басі. Калі яны вярталіся з лазні, да Міхала падбег слуга і сказаў:

– Пане Міхалу, да вас ганец ад пана князя. Ягомасць ужо прыехалі ў Вільню і клічуць вас да сябе.

– Бог пачуў мае малітвы! – перахрысціўшыся, сказала карміцелька.

Міхал кінуў на яе скосы позірк і пабег у дом. Пераапрануўшыся і ўзяўшы з сабой зброю, ён ускочыў на каня і паскакаў да палаца Радзівіла. Дзяўчынка журботна ўздыхнула і прысела на лавачку каля ганка пагрэцца на сонейку і высушыць валасы.