Юнак, намагаючыся не зводзіць з яе вачэй, падышоў да люстра і зазірнуў за яго.
– Што ты мне галаву тлуміш! Ты не можаш за ім жыць. Хутка кажы, як сюды прыйшла?
– Ну я ж кажу: праз люстра, – пачала страчваць цярплівасць Бася. – У мяне ў пакоі ёсць акурат такое ж люстра, я ў яго глядзела, а потым трапіла сюды.
– Ага, дык ты вядзьмарствам сюды прыйшла! – Юнак пачаў паволі адступаць да сцяны, дзе вісеў меч. – Я так і думаў. Насланнё на мяне хочаш навесці! Вось яно як… Згінь, згінь, погань! – крыкнуў ён і пачаў часта жагнацца.
– Сам ты погань! – пакрыўдзілася Бася, а потым, падумаўшы, дадала: – Ну хочаш, я таксама перажагнаюся?
– Давай, – згадзіўся юнак, уважліва назіраючы за тым, як дзяўчынка тры разы перажагналася.
– Ну? – спытала яна.
– Малітву чытай! – сказаў ён.
Бася блытана прачытала «Ойча наш».
– Не, тут нешта не так, – з сумневам паглядзеў на яе юнак.
– Не так? А адкуль жа я тады ведаю, што ты спачатку доўга сабою любаваўся, а потым узяў ды морду скрывіў?
Юнак стаў як укопаны і, густа пачырванеўшы, прабурчаў:
– Нічога я не любаваўся. Проста задумаўся.
– Ага, і ад вялікай задумлівасці морду скрывіў! Толькі я хацела на сябе ў люстра паглядзець, а тут наце, калі ласка! Стаіць спачатку, на сябе нагледзецца не можа, а потым давай крывіцца, пужаць мяне.
– Ну прабач, я ж не ведаў, што ты там на мяне глядзела, я незнарок, – прамямліў юнак.
Ён раптам пачырванеў яшчэ больш і, спадылба зірнуўшы на яе, спытаў:
– І даўно ты за мной назіраеш?
– З самага твайго дзяцінства! – з’едліва сказала дзяўчынка.
– І што ты бачыла? – пачаў хвалявацца юнак.
– Ды нічога! – засмяялася Бася. – Я цябе ўпершыню ўбачыла. Мне толькі сёння яго ў пакоі павесілі, – дзяўчынка павярнулася, паказваючы на люстра. – Яно ў мяне вось якраз такое ж.
– Яно не можа быць такім жа, – катэгарычна сказаў юнак.
– Чаму? – здзівілася Бася.
– Купец сказаў мне, што яно такое адно.
– Ну, такіх жа люстраў многа. Не адно ж яно ў цэлым свеце! – фыркнула дзяўчынка.
– Я ведаю, але купец сказаў, што акурат такіх жа, як у мяне, больш няма.
– Ды ну… Я ж сёння набыла ў краме акурат такое ж старадаўняе люстра.
– Чаму старадаўняе? Яно новае.
– Якое ж новае, калі старое! – абурылася Бася.
– Ну чаму старое? Ты што, думаеш, што купец мяне падмануў? Вось сабака! – раз’юшана ўсклікнуў юнак.
– Ды каму ж патрэбнае такое люстра і новае? Гэта ж антыкварыят! – павучальна прамовіла дзяўчынка.
Юнак з сумненнем паглядзеў на яе і прыняўся даследаваць люстра.
– Ды не, паглядзі, рама зусім новая, ды і шкло без драпін…
Бася, цяжка ўздыхнуўшы, падышла, каб паглядзець бліжэй. Люстра насамрэч здавалася новым. Яе набытак меў больш старажытны выгляд.
– Дзіўна, – прамармытала Бася.
Яна ўзняла здзіўленыя вочы на юнака, а потым агледзела ўвесь яго пакой.
– Слухай, – асцярожна сказала яна, – а які зараз год?
– Што значыцца, які год? Ты ўжо і год не памятаеш?
– Ды не, проста хачу ўдакладніць.
– Тысяча пяцьсот пяцідзясяты, – неахвотна адказаў ён. У Басі адвісла сківіца.
– Які?
– Тысяча пяцьсот пяцідзясяты, – нібы для псіхічна-хворай, павольна і выразна паўтарыў юнак.
– Фацэтна, – вымавіла дзяўчынка.
– Што, скажаш, іншы?
– Ну як табе сказаць, – ухіліста пачала Бася. – Разумееш, у мяне насамрэч дзве тысячы восьмы.
Юнак нервова хіхікнуў.
– Сур’ёзна? – спытаў ён.
– Не верыш? – раззлавалася Бася. – Добра, тады хадзем да мяне, я табе давяду гэта.
– Нікуды я з табой не пайду! – запратэставаў юнак.
– Тады табе прыйдзецца паверыць мне на слова. – Бася склала рукі на грудзях і пагардліва паглядзела на яго.
Ён крыху памаўчаў, а потым сказаў:
– Ну добра, паверу.
Басін твар асвяціўся радаснай усмешкай. Тут за дзвярыма пачуліся крокі.
– Міхал, што ты робіш? З кім ты размаўляеш? – прагучаў жаночы голас.
– Я… я чытаю! – хутка знайшоўся Міхал.
– Услых? Што?
– Малітву.
Голас фыркнуў, і крокі аддаліліся.
– Табе лепш пайсці, – ціха прамовіў юнак.
– Ну добра. Бывай, Міхал! – Бася ўжо павярнулася да люстра, але раптам ёй у галаву прыйшла думка: – А да цябе можна будзе прыйсці яшчэ?
– Ну… – Міхал сарамліва ўсміхнуўся і ўрэшце сказаў: – Можна. Бася махнула яму рукой і нырнула ў люстра, зноў адчуўшы непрыемны холад. Апынуўшыся ў сваім пакоі, яна скокнула пад коўдру і, моцна абхапіўшы падушку, адразу ж заснула.
Раздзел 2
Бася прачнулася ды салодка пазяхнула. «Цікава, сон гэта ўчора быў ці не сон? – падумала яна, летуценна пазіраючы на столь. – Калі не сон, то ўсё гэта вельмі-вельмі дзіўна… Ды не! Глупства, зразумела, так не бывае, – сама сябе перапыніла дзяўчынка. – Але як рамантычна!»