Выбрать главу

– Дамовіліся. І хопіць марыць, а то ўжо дарослы чалавек, а ўсё табе казачкі.

– Ды годзе, бывай! Патэлефаную, – развіталася дзяўчынка.

Па дарозе дадому яна ўсё ж такі трапіла пад дождж і наскрозь прамокла.

– Я не разумею! – абурылася матуля. – Няўжо так складана ўзяць з сабой парасон?

– Калі я збіралася ісці, нішто не прадказвала такой залевы, – апраўдвалася дзяўчынка.

– Што мне з ёй рабіць? – звярнулася матуля да таты. Той пацепнуў плячыма.

– Эва запрасіла мяне ў Тракай. Яны з бацькамі едуць туды на лецішча.

– А як жа мы? – спытаў тата.

– Ды едзьце! І вы ад мяне ўдваіх адпачнеце, і я ад вас.

– Няўдзячная! – Тата тэатральна заламаў рукі.

– Басенька, ты ўпэўнена? – занепакоена сказала матуля.

– Ну зразумела! Мы ж гэта тысячу разоў ужо абмяркоўвалі.

– А я думала, пакуль тата будзе на канферэнцыі, мы разам з табой па крамах паходзім, па горадзе пашпацыруем.

– Па горадзе вы разам с татам пашпацыруеце пасля канферэнцыі.

– Ну, я нават не ведаю, як пакінуць цябе адну, – матуля задумалася. – Добра, заставайся, але тады бабуля будзе цябе кантраляваць.

– Ну-ну, як справамі займацца, дык я дарослая, а як на пару дзён адной застацца, дык я маленькая, наглядчыкаў да мяне адразу прыстаўляеце, – пакрыўдзілася дзяўчынка.

– Дачушка, ці мала што з табой можа здарыцца.

– Так, мы ж у лесе жывём, а не ў цывілізаваным грамадстве! – усклікнула Бася.

– Ну, супакойся, – перарваў яе тата. – Не забывай хаця б проста тэлефанаваць бабулі.

– Добра, – утаймавалася дзяўчынка і паднялася да сябе.

Яна патэлефанавала Эве, каб сказаць, што паслязаўтра прыедзе да яе на лецішча, а потым вырашыла праверыць люстра. Бася паставіла стул насупраць сцяны, дзе яно вісела, і ўзялася ўглядацца ў люстраную роўнядзь. Яна пільна глядзела ў шкло, яе думкі паступова сталі рассейвацца, на імгненне Басі здалося, што ў адлюстраванні клубіцца нейкі таямнічы туман, але ў хуткім часе вочы сталі зліпацца, яна пачала засынаць і раптам ледзь не павалілася са стула. Дзяўчынка страсянула галавой і, прыжмурыўшыся, зірнула на люстраную паверхню, але тая здавалася зусім звычайнай і ніяк сябе не выяўляла. Бася ўпікнула сябе за дурную наіўнасць і, махнуўшы рукою на дарэмны занятак, лягла спаць.

На другі дзень тата і матуля паехалі на канферэнцыю, даўшы дачцэ мноства наказаў і перасцярог. Дзяўчынка сабрала якія-ніякія рэчы, што хацела ўзяць з сабой у Тракай, і падумала, што было б някепска прысвяціць вечар прагляданню старых добрых фільмаў. Калі ўсё было перагледжана ды працытавана Басяй услых разам з улюбёнымі героямі, яна адправілася ў свой пакой. Дзяўчынка ўвайшла і ўжо пацягнулася да выключальніка, як убачыла, што з люстра льецца святло. Бася асцярожна падышла да яго і ўбачыла выразнае адлюстраванне пакоя Міхала. Дзяўчынка, нібы зачараваная, працягнула руку да шкла і, ледзь крануўшы яго, адчула ўжо знаёмы холад. Праз імгненне яна апынулася ў залюстравым пакоі. У ім нікога не было. Бася азірнулася: пакой быў халодны і цёмны, толькі за спінаю дзяўчынкі, выпраменьваючы мяккае святло, гарэла люстра. Яна прысела на лаву і вырашыла пачакаць Міхала.

У хуткім часе дзверы адчыніліся і ў пакой зайшоў юнак. Бася падхапілася са свайго месца.

– Ты хто? – замёр Міхал.

«Ён што, зусім ідыёт?» – падумала дзяўчынка, а ўслых сказала:

– Бася я!

– Ой, прабач, я не пазнаў цябе, – сказаў юнак. – Тут так цёмна, пачакай хвіліну.

Ён выйшаў з пакоя і, вярнуўшыся з падсвечнікам, паставіў яго на стол.

– Вось так лепш. У цябе іншы ўбор? – спытаў Міхал, агледзеўшы Басю, на якой былі джынсы і байка.

– Табе не падабаецца? – насупілася дзяўчынка.

– Не, чаму, проста мне здаецца, што тая сукенка пасавала табе значна больш.

– Сукенка? – перапытала яна. – А, дык гэта насамрэч не сукенка, а начная кашулька.

– Сапраўды? А я лічыў, што сукенка. На ёй яшчэ такая расфарбоўка цікавая, я ніколі такой не бачыў.

– Якая расфарбоўка? – занепакоілася Бася.

– Ну, маленечкія блакітныя сабачкі, – усміхнуўся ён.

«Д’ябал! Усё ж такі заўважыў», – засмучана падумала дзяўчынка.

– А па вуліцы вы ходзіце ў такой вопратцы? – пацікавіўся Міхал.

– Так, часцей за ўсё, – кіўнула Бася. – Але і ў сукенках таксама.

– Ага, – працягнуў юнак і раптам спытаў: – А чаму цябе так доўга не было?

– Як жа доўга? – здзівілася Бася. – Мяне ўсяго дзень не было.

– Не можа таго быць! Цябе не было з месяц. Я так чакаў цябе! Кожны дзень, як дурны, перад люстрам сядзеў.

– Чакаў, праўда? – радасна спытала дзяўчынка.

– Ну, не тое, каб чакаў, – збянтэжыўся Міхал. – Ну… Разумееш, я… Я…

Бася падбадзёрваючы кіўнула яму галавой.