Выбрать главу

– Распавядзі мне яшчэ пра твой свет, – папрасіў Міхал. Дзяўчынка расказвала яму пра сучасныя краіны, апошнія падзеі, транспарт, тэхнічныя дасягненні і шмат пра што іншае. А Міхал, у сваю чаргу, уважліва слухаў і дзівіўся Басіным словам, схіліўшы галаву да пляча і часам адкідваючы рукою доўгую цёмную грыўку, якая непаслухмяна падала на блакітныя вочы. Больш за ўсё Басі падабалася тое, што ён ані разу не ўзяў пад сумнеў яе словы, а, наадварот, слухаў з ухваленнем і цікаўнасцю. Так яны і прабалбаталі ўсю ноч.

Скрозь вокны, прыкрытыя аканіцамі, прабіўся танюткі праменьчык ранішняга сонца. На дварэ загарлапаніў пеўнік. Бася і Міхал уздрыгнулі ад нечаканасці.

– Вось ужо і раніца. – Юнак падышоў да акна і расчыніў яго. Пакой заліло вясёлым сонечным святлом. Бася пацягнулася.

– Напэўна, мне трэба ісці.

– Ужо? Хаця вядома – хутка слугі прачнуцца. Не трэ, каб цябе хтосьці ўбачыў. Але ты ж яшчэ прыйдзеш?

– Зразумела! – сказала Бася і накіравалася да люстра. Зірнуўшы ў яго, яна здрыганулася: гэта было звычайнае люстра, у якім выразна былі бачны Бася, Міхал і яго пакой. Дзяўчынка паскрэбла па шкле з надзеяй, што люстра адклікнецца і адчыніць праход. Але халоднае шкло толькі зіхацела ў сонечных праменнях. Яна разгублена паглядзела на Міхала і прамовіла:

– Мне здаецца, што яно зачынілася.

Раздзел 3

– Як? – пасля секунднага маўчання спытаў Міхал.

Яны ўдваіх прыняліся асцярожна прастукваць і абмацваць люстраную паверхню.

– Што ты рабіла, каб трапіць да мяне ў пакой? – спытаў юнак.

– Руку працягвала ці галавой наперад падавалася, – адказала дзяўчынка.

– Ну, паспрабуй яшчэ раз.

Бася працягнула руку, але толькі ўпёрлася кончыкамі пальцаў у халодную роўнядзь. Тады яна вырашыла нырнуць у люстра галавой і, крыху размахнуўшыся, са звонам грукнулася лбом аб шкло. Паціраючы выцятае месца, дзяўчынка засмучана паглядзела на Міхала.

– Добра яшчэ, што не разбіла, – сказаў ён.

Бася некалькі разоў усхліпнула і, уткнуўшы твар у далоні, гаротна заплакала. Міхал з жалем паглядзеў на яе.

– Ну, не трэба плакаць! – паспрабаваў ён супакоіць яе. – Зараз штосьці прыдумаем.

– Я дадому хачу! – душылася слязьмі Бася. – Чаму яно зачынілася?

– Я не ведаю, – адказаў юнак. – А ў цябе яно было адчынена ўвесь дзень?

– Не, толькі вечарам.

– Можа, сёння яно таксама вечарам адчыніцца? Яна паціснула плячыма.

– Пане Міхалу, – пагрукалі ў пакой.

– Хавайся, – прашаптаў юнак.

Дзяўчынка паслухалася. Міхал адчыніў дзверы.

– Пане, да вас чалавек прыехаў ад пані княгіні Альжбэты, – паведаміў слуга.

– Скажы, што я зараз прыйду, – загадаў Міхал і зачыніў дзверы.

– А хто такая княгіня Альжбэта? – шэптам спытала Бася.

– Жонка пана князя Мікалая. Цікава, што яна хоча? Мабыць, пан князь прыслаў нейкія паперы? – прамармытаў юнак сабе пад нос, а потым дадаў: – Бася, пасядзі пакуль што тут, а я пайду даведаюся, у чым справа, добра?

– Добра, – кіўнула дзяўчынка.

Міхал пайшоў. Праз некалькі хвілін ён вярнуўся з вялікім падносам, на якім былі хлеб, хатні сыр, некалькі шматоў кумпяка, свежыя агуркі, зялёны лук і збан квасу. Юнак паставіў паднос на стол.

– Мне зараз трэба ісці на службу: княгіня збіраецца кудысьці паехаць і жадае, каб я яе суправаджаў. А ты пачакаеш, пакуль я не вярнуся. Я замкну пакой на ключ, каб ніхто не мог сюды прыйсці. Частуйся, калі ласка! – Міхал гасцінна пасунуў паднос бліжэй да Басі.

– А ты?

– Ды я так, абыдуся.

– Як гэта? – абурылася Бася. – Ты што, галодным збіраешся на службу ісці?

– Лухта! – адмахнуўся юнак.

– Ну, мне ж адной будзе шмат, я ўсё не з’ем.

– Нічога, потым даясі. А я магу і не снедаць.

– Тады і я не буду, – дзяўчынка адсунула ад сябе паднос.

– Ну, ты ж госця! Ясі, калі ласка, і не звяртай на мяне ніякай увагі.

– Не, без цябе я снедаць не буду! – Бася ўпарта склала рукі на грудзях.

– Добра, – скарыўся Міхал, вырашыўшы, што спрачацца будзе даўжэй і ён спазніцца на службу. – Падзелім па-братэрску.

Ён узяў лусту хлеба са шматом кумпяка і, спехам праглынуўшы ежу, зрабіў некалькі глыткоў квасу.

– І гэта ўсё? – здзівілася Бася, якая толькі пачала акуратна рабіць сабе шматпавярховы бутэрброд.

– Інакш я спазнюся на службу! – сказаў юнак.

– А калі ты вернешся?

– Напэўна, вечарам.

– Так доўга? – усклікнула дзяўчынка. – А ты маеш якія-небудзь кнігі? Бо мне нудна будзе столькі сядзець адной.

– Ну вядома. – Міхал адчыніў адзін з куфраў. – Ты можаш узяць штосьці адсюль.

– Ага.