Выбрать главу

– А, вось яшчэ, – успомніў ён, выцягнуўшы з-пад ложка начную вазу. – Мала ці што, мо спатрэбіцца.

Бася пачырванела і, кінуўшы на Міхала гнеўны позірк, прынялася злосна жаваць бутэрброд.

– Ну, я пайшоў. Сачы за люстрам, – развітаўся юнак.

– Бывай!

За Міхалам зачыніліся дзверы, і дзяўчынка пачула, як у замочнай шчыліне павярнуўся ключ.

Бася скончыла снедаць і, зірнуўшы на люстра, некалькі разоў цяжка ўздыхнула. На ўсялякі выпадак яна яшчэ раз паспрабавала прайсці скрозь яго, але дарэмна. Бася прысела на лаву і пачала думаць, што ж ёй рабіць. На імгненне ў душу дзяўчынкі закралася страшэннае пачуццё, што яна больш ніколі не зможа вярнуцца дадому. Расхваляваўшыся і пакрыўдзіўшыся на ўвесь белы свет, яна зноў расплакалася, але, прыгадаўшы, што мусіць паводзіць сябе ціха, выцерла слёзы і прынялася толькі журботна ўздыхаць і зрэдку ўсхліпваць.

Потым Бася вырашыла паглядзець, якія ў Міхала маюцца кнігі ў куфры. Дзяўчынка зазірнула ўнутр і ўбачыла вялікую пыльную вязку. Узяўшы самы верхні том, яна паклала яго на стол і разгарнула на першай старонцы. Насілу разабраўшы слова «Біблія» і ўбачыўшы знаёмы партрэт, дзяўчынка здагадалася, што перад ёю ляжыць кніга Францішака Скарыны. Бася, якая ніколі не чакала, што ёй выпадзе патрымаць у руках выданне знакамітага друкара, асцярожна перагарнула некалькі старонак, але з расчараваннем выявіла, што не разумее ніводнага слова. Яна загарнула кнігу і склала на ёй рукі, апусціўшы галаву. Хутка дзяўчынка моцна заснула.

* * *

Вярнуўшыся вечарам дамоў, Міхал убачыў, што Бася спіць на кнізе. Ён ціхенька падышоў да дзяўчынкі і, паставіўшы на стол падсвечнік, асцярожна дакрануўся да яе пляча. Ад нечаканасці яна скаланулася і зачапіла локцем падсвечнік. Міхал паспеў яго злавіць, але на скураную вокладку кнігі ўсё-такі ўпала гарачая кропля воску.

– Што ж я нарабіла! – ахнула Бася, вінавата паглядзеўшы на Міхала.

– Ды нічога, – сказаў юнак.

– Я ж кніжку сапсавала!

– Нічога ты не сапсавала. Воск астыне, і я яго счышчу, – супакоіў яе Міхал.

– Сапраўды?

– Ну зразумела.

– А адкуль у цябе гэта кніга? – спытала дзяўчынка.

– Мне яе бацька падарыў. Ён наогул вельмі любіў кнігі і намагаўся купляць іх, калі трапляліся добрыя, хаця гэта і дорага.

– У нас таксама такія кнігі дарагія.

– Праўда? А ўвогуле кніг шмат?

– Ага, толькі не ўсе добрыя.

– Зразумела, – сказаў юнак. – Глядзі, воск ужо астыў. Ён узяў нож і акуратна саскроб воск з кнігі.

– А пляма ўсё роўна засталася, – засмуцілася Бася.

– Лухта, гэта ж усяго толькі вокладка. Галоўнае, што старонкі цэлыя.

– Ну так. А як княгіня?

– Добра, – усміхнуўся Міхал. – А чаму ты пытаешся?

– Цікава ж! Не кожны дзень я ў мінулае трапляю, – рассмяялася дзяўчынка. – А куды яна ездзіла?

– Наведвала іншую княгіню, – растлумачыў Міхал.

– А-а-а, – зразумела кіўнула Бася. Крыху памаўчаўшы, юнак паведаміў:

– Зараз будзьма вячэраць. Карміцелька нешта доўга гатуе – ужо так есці хочацца.

Дзяўчынка фыркнула.

– Я ж казала, што трэ было добра паснедаць, – нібы між іншым прамовіла яна.

За дзвярыма пачуліся крокі, і ўжо знаёмы Басі голас карміцелькі сказаў:

– Міхалачак, дапамажы мне – адчыні дзверы, а то паднос цяжкі.

Міхал кінуўся да дзвярэй і, ледзь прачыніўшы іх, праслізнуў у вузкую шчылінку.

– Карміцелька, давай я сам, – сказаў юнак.

– Чаму гэта?

– Ну… Навошта табе гэты паднос цягаць? Сама ж казала, што цяжкі.

– З чаго б ты так пра мяне клапаціцца стаў! – усклікнула кабета.

– Не, давай я ўсё ж такі сам яго занясу, – настойваў Міхал. – Тым больш што я там на стале кніжкі расклаў.

– Дык што з таго? Мне зараз нельга да цябе ў пакой заходзіць?

– Ды не, карміцелька, ну што ты? Проста я… – юнак не ведаў, якую прыдумаць адгаворку. – Паслухай, калі мы з табой далей будзем спрачацца, вячэра астыне.

– Хм, што, цікава, ты ад мяне такое хаваеш? – падазрона спытала кабета.

– Нічога я не хаваю. Проста стаміўся і хачу есці.

– Ну-ну, – карміцелька ўручыла Міхалу паднос і сышла.

Ён праціснуўся з падносам у пакой і нагой зачыніў за сабою дзверы.

– Вось настырная! – паскардзіўся Міхал. – Як што не так, яна адразу панапрыдумвае сабе немаведама чаго і давай мяне дапытваць.

– Напэўна, яна за цябе турбуецца, – з усмешкай выказала меркаванне Бася.

– Навошта за мяне турбавацца? Я ж ужо сталы мужчына, – прабурчаў Міхал.

Гэта смелая заява надта рассмяшыла дзяўчынку, яна задушылася кавалкам смажаніны і закашлялася. Міхал толькі непрыхільна скасавурыўся на яе. Але Бася ніколькі не збянтэжылася, а, урэшце адкашляўшыся, паглядзела на юнака бязвіннымі вачыма.