Не хачу я іх пытаці,
Мой сынок,
Не пацешаць яны маці,
Сакалок.
Калыхала, гадавала,
Як магла,
А цяпер што дачакала?
Што найшла?
Пастушок
Не плач, маці, і не злуйся
На жыццё,
Як я ў сілачку ўбяруся,
Змагу ўсё.
Вечарэе. Пастушок гоніць скаціну дамоў. Маці, пахліпваючы, ідзе ўслед за ім.
Хата ў маладога. Шмат народу. Стол повен гарэлкі і ўсялякай яды. За сталом сядзяць на лавах: сват, свацця, маладыя, закоснік, маршалак, дружкі і прыданыя; усе вясёлыя. Музыка, гульня.
Сват
Вось дзе, братцы, разгуляцца!
Вось пацешыцца калі!
Хоць бярыся распраніся
Ды упрысядкі валі!
Звоняць чаркі, трашчаць скваркі,
Лопат, гоман, смех і крык.
Во! сяло дзе ходам ходзіць,
Гора дзе забыў мужык!
Гасцей поўна, усё роўна,
Як дзе сходка ці кірмаш.
Ёсць Марыся, Дамініся,
Юрка, Саўка і Тамаш.
Як належа, ў скрыпку рэжа
Наш музыка, наш Аўлас;
За ім следам, як за дзедам,
Б’е у бубен Апанас.
Трылля! трылля! вось кадрыля,
Вось лявоніха ідзе,
Валяць проста, як бы з моста,
Як ніколі, як нідзе!..
Свацця
Вось забава! вось так слава
Маладому, маладой!
Усё ладам і з парадам
I пастаўлена парой.
Кругом шчыра, сала, сыраў —
Хоць ты сліну палыкай,
Тоўста, густа хлеба лустаў —
А пірог! а каравай!
Дзеўкі з твары, як бы ў жары,
Як бы сонца каснікі,
Ну, а мальцы — ліжы пальцы!
Вось яны! вось дзецюкі!
Ненарокам, бокам-скокам,
Не гулялі так даўно.
Гоп-ля! сваце, паскакаці!
Ну вяселле! ну яно!
Малады
Хто вясёлы, хоць і ў горы,
Таму слава, таму чэсць.
Чым багата, рада хата,
Не жалейце піць і есць!
(Да маладой.)
Ты, сястрыца, дось смуціцца,
Уздыханне ў кут пашлі,
Еш, лябёдка, запі водкай,
Душу песняй весялі!
Кончым зараз гэты галас,
Гульня пойдзе за нішто;
Зажывём мы па-сваёму,
Як ніколі, як ніхто.
Маладая
Гуляй, мілы, колькі сілы!
Не ўважай нуды маей:
Я паплачу, знамо, бачу
Чужу хату і людзей.
Чужа хатка, бацька, матка,
Сама тутка першы раз;
Ныюць грудзі, што то будзе?
Што чакае ў жыцці нас?
Хор
Рэдкі смехі і пацехі,
Часты слёзы i бяда!
Ё часіна, ё скрыпіна —
Весяліся, грамада!
Сват вылазіць з-за стала і сыпле лявоніху са сваццяй; за ім малады з маладой і ўся дружына.
Раніца. Вясковая хата: выгляд непрытульны і ўбогі. Праз маленькае аконца прабіваецца бледнаваты бляск. Цемнавата. Мужык сядзіць на палу, звесіўшы ногі, курыць люльку і глыбока нешта думае. Уваходзіць Вясна: на галаве ў яе з кураслепу і пралесак вянок, у руках разарваны ланцуг.
Вясна (з рызыкай, тоненькім голасам)
Ну, як дуж, мужычок?
К табе ў госці іду.
I каб жыва, набок!
I бяду, і нуду!
Пратры вочы са сну,
Марш к другому жыццю!
Ладзь саху, барану
I сявалку сваю!
Ўжо прасохла ралля,
Ўжо рунее трава,
К сабе кліча зямля —
Ты ў яе галава.
Табе рэчкі бурляць,
Табе кветкі цвітуць,
Табе пушчы шумяць
I зязюлі пяюць.
Ды і сонца, глядзі,
Гэтак свеціць не зра.
Ну ідзі! ну ідзі!
Араць, сеяць пара!
Мужык (штохвіля ўздыхаючы)
Ўжо ўстаю, ўжо іду,
Ясна пані Вясна,
Толькі вось, на бяду,
Зерня к севу няма.
Трохі нешта было,
Што мне Восень дала,
Вось Зіму нанясло,
I ўсё чыста звяла.
Апаследні мяшок
К Калядам я змалоў,
Цяпер свіран і ток
Як хто махалам змёў.
I сам сеяць я рад,
Ды, як бачыш, з Каляд
Усё выбраў да дна.
Ой, Вясна! ой, Вясна!