Выбрать главу

Восень

Я усюды хадзіла, Я усюды была, Як дзе што урадзіла, Я рахунак вяла.
I к табе во зайшлася Паглядзець, запытаць, Як ты жыў, як спраўляўся, Што відаць, што чуваць?
Вясна, Лета блудзілі Па ўсёй чыста зямлі; Ці ж пароўні дзялілі, Роўна ўроду няслі?
Цябе з краю да краю Было ўсюды ўдаволь: Даказаў дзіваў, знаю, Твой і пот, і мазоль.
Дык як з кормам? як жыта? Двор то мае чым жыць: Сенам пуня набіта, 3 дабром ток аж трашчыць.

Мужык

Восень, ясная пані, Глянь! я лгаць не хачу — Да паўзімкі не стане, Як лічу, не лічу.
Няма штосьці ўмалоту, Ды і што малаціць? Копкі дзве акалоту, Грэчкі з возік ляжыць.
3 копку яркі, ячменю, Трохі сена, аўса… Вось і хлеб, і насенне, I за труд плата ўся!
Пры стале ж сядзе спора Спажываці дары Жонка, дзетак сямёра Ды татуля стары.

Восень

Праўду вашэць гамоне: Бог не вельмі ўспамог, Але ты не сягоння Так устаў, так і лёг.
Вось і сёлета трэба Дацягнуць да канца, Прыкупі з пудзік хлеба Да пазыч з воз сянца.
Пудзік хлеба з мякінай, Груцы, бобу крыху, Якой бульбы асьміну — Ці ж не дось мужыку?

Мужык

Ну і рада, ой рада! Дакупіць, дакупіць!.. Дзе ж капейка ў «гада»? Дзе яго скарб ляжыць?
На насенне, на страву Трос вясной кішанёй, Летам штраф за «патраву»; Воласць не за гарой.

Восень

Як гляджу, ўсё находжу Недастаткі адны, Будзь здароў! Я адходжу Да суседкі Зімы.

Выходзіць. На дварэ вецер вые штораз мацней. Каплі сцюдзёнага дажджу шлёпаюць аб гнілыя сцены. Мужык набірае ў рэзгіны вязку саломы і ідзе даваць скаціне. Дзверы са скрыпам зачыняюцца.

IX. СВЯТА

Хата, што і вясной. На стале ляжыць стус грачаных бліноў. На палку ляжаць двое хворых дзяцей; другія босыя і ў адных кашулёнках поўзаюць каля маткі па хаце. На печы крэкча бацька стары. Мужык сядзіць на лаве і пад нос мармоча.

Мужык

Ну, ламака, ну, хамула! Ці ж стагнаць не годзе? Што мінула, то мінула, Болей не прыходзіць.
Пёкся, пёкся вясну, лета, Аж толькі дзяржыся, А цяпер спачынь за гэта Ды павесяліся.
Трохі жонка хваравіта, Трохі хворы дзеці, Выпі чарку! ну і квіта! На што там глядзеці?
Юрку варта бы да школы, 3 гора, пасылаці! Не шлі: будзе, як ты, голы, Хай сядзіць у хаце…
Насці трэба чаравікі, Кажушок Сымонку, Ну, на гэта час вялікі… Пара ж і ў карчомку!

Жонка

Што ты там бурчыш пад носам? Скрабеш каля вуха? I ўдаеш паглядам косым Вялікага зуха?
«Пагуляці… да карчомкі…» Вось дык малайчына! А дзе лапці ў тваёй жонкі? Дзе дровы, лучына?
Трэба новае карыта, Каптан Зосі трэба. Просіць фельчара Мікіта — Ўжо не есць і хлеба.
Не табе спачыць, хамуле, Не табе спяваці, Не да смеху, не да гуляў, Калі бяда ў хаце.

Стараста (уваходзіць, трохі падпіўшы, з нейкай смешнай важнасцю і строгасцю)

Вось і трапіў к вам нарэшце… Ну рыхтуйся, братка! Кішанёй мусіш патрэсці: Трэба нам падаткаў.
Трэба чыншу, трэба «пені» — Быў прыказ з павету, Каб за тыдзень непраменне Ўнесці дробязь гэту.
Дык спраўляйся ж і то лоўка! Бо не жыць і ў хатцы I з апраткай, і з кароўкай Прыйдзецца расстацца.

Магазыннік (уваходзіць таксама п’янаваты)

Пахвалёны вам, суседзе! Як дуж, як здароўе? Ўжо і зімка да нас едзе — За даўгом прыйшоў я.
Аўса бочку, чвэрць ячменю, Са дзве чвэрці жыта Аддаць мусіш непраменне — Тады будзе квіта.