Выбрать главу

Мужык

Ну і што? і больш нічога?.. I дакуль так будзе? Ані сэрца, ані Бога… Ну жыццё, ну людзі!

Хватае за шапку і ўцякае са сваёй хаты. Жонка ўцірае хусткай слёзы. Стараста і магазыннік высоўваюцца на двор.

X. ЗІМА

Лес. Унізе на дрэвах вісіць кругом шэрань. Мужык у палатаным кажуху, у лямцовай шапцы стаіць па калені ў снезе і сячэ таўстую хвойку. Здаля прыбліжаецца 3іма. У яе ў адной руцэ кавадла і молат, у другой жмут жалезных путаў. Як ідзе, молат ударае аб кавадла, а ланцугі бразгаюць.

Зіма

Як жыў, як дуж, як маешся? Ці жыці не дакучыла? Усюды я шатаюся I да цябе во лучыла.
Кандалікамі звонячы, Іду к табе — ўсясільная, На долю тваю помнячы, Іду к табе — магільная.
Над цэлай над старонкаю Я паняй разгасцілася; Мой снег ляжыць пялёнкаю, Ў мой лёд рака пакрылася.
Гуляю я з марозамі, Гуляю я са сцюжамі, Смяюся я над слёзамі, I ўсіх, і ўсё я дужаю.
Кінь выгляд акалелага, Прысядзь во на калодачцы! Крапчэй ты свету цэлага, Ну, што? Каб нам паходацца?

Мужык

Ой, Зімка, пані ясная! Не варта наругаціся, Прытыкі кінь напрасныя: 3 кім тут за плечы браціся?
Я з сілаю разлучаны: Ў палях, лугах загінута… Няўдачамі замучаны, Пацехамі пакінуты.
Рукою чуць пакратаю; Не муч жа абарванага! Пад футры йдзі багатыя, Ў палацы мураваныя!
Сям’я мая галодная, Хаціна мая хіліцца. Ідзі, Зіма нягодная! Не дуж з табою сіліцца.

Зіма

Не дам ніколі веры я Тваёй брахні ап’янчанай, Што гора цябе мерае, Што слёзамі ты няньчаны.
Каму ж тут хвойкі валяцца Рукою мазалістаю? I шуркі каму ставяцца На пасеку на чыстую?
Ці ж хата з хвойкі зваленай Не грэта, не пастаўлена? Ці ж пасека не сеяна, Сахой тваёй абнесена?

Мужык

Туды, ў краі далёкія, Як дні мінуць кароткія, Сасоначкі высокія Плывуць ракой-паводкаю.
Гасцінцамі, дарогамі У горад шуркі цягнуцца,— Не за маймі парогамі Скарб пасечны хаваецца.

Зіма

Табе жыццё, знаць, сцелецца, Як бы сама нуда тая; Пашлю ўдабаў мяцеліцу, Няхай з бядой рассватае.

Адыходзіць. Пачынаецца мяцеліца. Цямнее. Хвойка, падсечаная, з трэскам і грукам валіцца і забівае Мужыка. Стада згаладалых ваўкоў прыбліжаецца к нябожчыку. Лес стогне.

XI. ХАЎТУРЫ

Хата. Насупроць дзвярэй у белай дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раскідае палок, бярэ дошкі з яго і робіць века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябожчыку. Жонка галосіць і прыгаварвае. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазіць з печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласліва вые вецер.

Жонка

А мой ты сакалочак! А мой ты каралёчак! Ляжыш, не ўстанеш болей… О доля ж мая, доля!
Без часу смерць-магіла Жыццё тваё скасіла; Ў няшчасную гадзіну Сіротачак пакінуў.
Сіроткі ўсе малыя, I есць не маюць тыя, I дроў няма палена, I ў пуні няма сена.
Як жыў, як ты свет бачыў, Усё ж было іначай, Ці ў полі ты… ці ў людзі… Што з намі цяпер будзе?
Нашто на свет раджацца, Хто мае з ім расстацца, I горкі жаль кідаці Ўдаве, бацькам, дзіцяці…

Бацька (уціраючы няўзнак слёзы)

Дзяржыць бяда старога, Хаваюць маладога; Забрала дамавіна Не бацьку, але сына.
Не месца мне у хаце: Не дуж я працаваці; Пры кім дажыць тут веку Няшчаснаму калеку?
Вазьму я хіба ўнука, Ці ў свет ісці навука? — Пайдзём ад хат да хаты I к бедным і к багатым.