3 КНІГАЗБОРУ ПАЛКОЎНІКА АРТЫЛЕРЫІ
У Нацыянальным музеі ў Кракаве, у аддзеле імя Чартарыйскіх, пад нумарам 1482 захоўваецца надзвычай цікавы рукапіс XVIII стагоддзя. Мудрагелістая і доўгая назва яго[1], сугучная тагачаснаму сіылю барока, у сціслым выкладзе гучыць як «Пададзенае свету рэха падарожжаў і авантур майго жыцця». Аўтар дзённіка — лекарка Саламея Русецкая. Нарадзілася яна на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Наваградскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага[2].
Кіраўніцтва музея дало мне магчымасць атрымаць копію рукапісу і такім чынам азнаёміцца з ім. А ўпершыню яго апісаў гісторык Л. Глятман у канцы мінулага стагоддзя. Пазней дзённік даследавалі М. Ліпіньска, Г. Поляк, 3. Куховіч, Я. Рэйхман.
Пад загалоўкам рукапісу зроблена прыпіска на лацінскай мове пра тое, што ён «3 бібліятэкі Іаана дэ Вітэ, палкоўніка артылерыі»[3].
Запісы Саламеі Русецкай — гэта ўражанні ад убачанага і пачутага ў краінах, дзе пабыла нястомная вандроўніца. Жыццёвыя віхуры насілі яе па абшарах Расійскай імперыі і Рэчы Паспалітай[4], па землях «Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі»[5], па Асманскай Турцыі. У дзённіку ёсць запіс і пра намер наведаць Іерусалім.
Звычайная побытная мова, арфаграфічныя памылкі, стылёвыя хібы сведчадь пра тое, што ў аўтаркі не было грунтоўнай адукадыі і сістэматызаваных ведаў, а гэта крыху звужае кола яе назіранняў. Няма ў запісках аналітычных высноў, і тым не менш яны падкупляюць шчырасцю, багаццем фактаў і падрабязнасцяў, якія даюць магчымасць бачыць з'явы ва ўсёй іх паўнаце. Свае мемуары Саламея Русецкая пісала па-польску, але яны літаральна насычаны беларусізмамі.
Шмат увагі падарожніца аддае апісанню ладу жыцця ў розных краінах, называе памеры сваіх ганарараў, піша пра кошт прадуктаў харчавання ў Стамбуле, Пецярбурзе, іншых гарадах.
Усё гэта сведчанні таго, што Русецкая не належала да багатых маёмасных людзей. Кавалак хлеба і прызнанне яна здабывала сваімі рукамі і розумам. Дзённік напісаны ў разліку не толькі на людзей заможных, але і на «беднякоў», як паведамляе сама лекарка.
Магчыма, у выкладзе Русецкай ёсць некаторыя перабольшванні, асабліва ў тых месцах, дзе гаворка ідзе пра незвычайныя здарэнні. Але ў цэлым яе запіскі пакідаюць уражанне праўдзіва і дакладна апісаных падзей. Шматлікія іншамоўныя выразы гавораць самі за сябе. Правільна яна называе раёны Стамбула і Вены, вуліцы, месцазнаходжанне дамоў і палацаў у Пецярбурзе. Беспамылкова ўказвае на пасады сваіх знаёмых і апекуноў. Такія дэталі мог ведаць толькі непасрэдны сведка і ўдзельнік падзей. Дзённік чытаецца як захапляльны прыгодніцкі раман.
Запіскі Саламеі Русецкай — багатая і цікавая крыніца па гісторыі і геаграфіі шэрагу краін Еўропы сярэдзіны XVIII стагоддзя. Хай не здзіўляе мноства цытат у кнізе. Зроблена гэта свядома, каб данесці да чытачоў галасы мінулага, яго фарбы і водар.
У СТАЛІЦЫ ACМАНСКАЙ ІМПЕРЫІ
З маладосці — у вандроўках * У заліве Залаты Рог * Перліна Турэцкай імперыі * Першы вопыт лекавання * Рызыкоўны занятак * Рашучасць і знаходлівасць — ратунак ад смерці
Пераняеемся разам з аўтаркаю запісак у яе час. То быў час росквіту барока ў мастацтве, узвядзення велічных палацаў і дамоў, загарадных паркаў і фантанаў, час разбойніцкіх нападаў і ўрачыстых прыёмаў, а таксама войнаў, якія адначасова шугалі ў Турцыі, Аўстрыі, Германіі, Італіі.
Нарадзілася Саламея-Рэгіна ў 1718 годзе ў сям'і Яўхіма Русецкага. Яна не піша пра тое, з якіх слаёў насельніцтва паходзіць. Па звестках гісторыка С. Залэньскага, ужо дарослаю перайшла ў каталіцкую веру. Адукацыя яе была даволі сціплая. 3 маладых гадоў Саламея любіла не жаночы, здавалася б, занятак — стральбу. Саламею рана аддалі замуж за нямецкага ўрача Якуба Хальпіра, з якім яна неўзабаве (верагодна ў 1731 годзе) і паехала ў Стамбул.
Турэцкая сталіца ўразіла, ашаламіла маладую жанчыну. Стамбул быў буйным гандлёвым цэнтрам Асманскай імперыі. Яго гавань у заліве Залаты Рог лічылася адной з найлепшых у свеце. Веліч і прыгажосць гораду надавалі высокія стромкія мінарэты, шыкоўныя палацы, зіхатлівыя струмені фантанаў. Урачыстыя выхады султана з палаца Топ-Капы, які стаяў паміж залівам Залаты Рог і Мармуровым морам, заўжды прыцягвалі ўвагу насельнікаў горада. За абарончым мурам раслі сады, якія атулялі шматлікія будынкі.
Стамбул быў славуты кірмашамі, караван-сараямі[6], вызначаўся шматмоўным людскім натоўпам. Вуліцы ў горадзе былі вузкія і крывыя. Жылыя будынкі ўзводзіліся на два і тры паверхі, пры гэтым нярэдка кожны наступны паверх выступаў над папярэднім. Балконы навісалі над вуліцамі. Горад размяшчаўся на пагорках, і таму шмат дзе былі пабудаваны лесвіцы. Галоўная брама Топ-Капы знаходзілася недалёка ад знакамітай бажніцы Айя-Сафія[7]. Брама вяла ў двор, які займалі янычары[8] — ахоўнікі султана, за другой брамаю быў двор, дзе каралі смерцю саноўнікаў, што трапілі ў няміласць. Тут жа будынак дывана[9]. I толькі за трэцяю брамаю знаходзілася рэзідэнцыя султана, тронная зала і гарэм. У гэты гарэм Саламея пазней атрымала доступ.
1
Echo na świat podane procederu podróży у życia mego awantur. Na cześć у chwałę P. Bogu w Świętej Trujcy Jedynemu у Naświętszej Matce Chrystusa Pana mego у wszystkim Świętym. Przeze mnie samę wydana ta książka Salomei Reginy de Piisztynowej medycyny doktorki у okulistki w roku 1760 w Stambule.
2
Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ) — феадальная дзяржава, утвораная ў сярэдзіне XIII стагоддзя (з цэнтрам у Наваградку (Навагрудку), а пазней у Вільні), у склад якой уваходзіла сучасная Беларусь. Дзяржаўнай мовай у ёй да канца XVII стагоддзя была беларуская.
3
Мяркуючы па ўсім, гэта граф Іван Осіпавіч Віт (1781–1840), сын каменданта Камянец-Падольскай крэпасці, генерал-ад-кавалерыі расійскай службы, арганізатар ваенных пасяленняў на Украіне. Быў высокаадукаваным чалавекам.
4
Рэч Паспалітая — дзяржава, утвораная ў 1569 годзе. Уяўляла сабой федэрацыю Польскага каралеўства i Вялікага княства Літоўскага.
5
«Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі» — дзяржава, заснаваная ў X стагоддзі, у склад якой уваходзілі Германія, Аўстрыя, Чэхія, Бургундыя, Нідэрланды, швейцарскія землі i інш. У XVIII стагоддзі ўжо з'яўлялася пa сутнасці кангламератам незалежных дзяржаў.
6
Караван-сарай ў перакладзе з персідскай «дом караванаў» — заезны і гандлёвы двор на Блізкім Усходзе.
7
Шэдэўр візантыйскай архітэктуры. Быў пабудаваны ў часы імператара Юсцініяна, у 532–537 гадах, як хрысціянскі сабор св. Сафіі. У 1453 годзе ператвораны ў мусульманскую мячэць, вакол якой пазней былі пабудаваны чатыры мінарэты.
8
Янычары (у перакладэе з турэцкай «новае войска») — рэгулярная пяхота ў султанскай Турцыі, выконвала таксама паліцэйскія і карныя функцыі, камплектавалася шляхам гвалтоўнага набору хлопчыкаў з хрысціянскага насельніцтва.
9
Дыван (у перакладэе з персідскай «канцылярыя», «прысутнае месца») — дарадчы орган пры султане, які складаўся з найвышэйшых саноўнікаў.