Саламея падзякавала добрай жанчыне, разбудзіла саддат, туркаў, слуг. Саддаты звязалі і гаспадара карчмы, і п'янога, які ляжаў у кутку. Яны далі зразумець гаспадару, што калі іх хаўруснікі пачнуць прабівацца ў дом, то яму, яго жонцы і дзецям літасці не будзе.
Апоўначы, не дачакаўшыся ўмоўнага сігналу, разбойнікі пачалі падступаць да карчмы. Саламея і яе спадарожнікі завесілі вокны фіранкамі, каб звонку не відаць было, колькі іх і што яны робяць. Туркі білі па сценах каламі, гаманілі на сваёй мове — стваралі выгляд, што іх шмат, што яны сіла. Але гэта не дапамагло. Разбойнікі пачалі разбіраць вароты. Салдаты-канваіры застрэлілі трох з іх. Абараняліся як маглі. Слуга Саламеі Бенядыкт Скалубовіч лупіў рабаўнікоў з-за плота доўгім калом. Аблога зацягвалася. На шчасце, праязджаў каля карчмы нейкі рускі пан са слугамі, яны і разагналі разбойнікаў.
На мяжы паміж Расіяй і Вялікім княствам Літоўскім Саламея адпусціла салдат і паехала да дому. Гетман М. Радзівіл не дазволіў ёй выехаць у Турэцкую імперыю, забраў русенскіх палоннікаў і адправіў іх дамоў. У Рэчы Паспалітай не дазвалялася мець турэцкіх нявольнікаў, бо гэтая краіна была ў мірных адносінах з Турцыяй. Мужа Саламеі гетман Радзівіл накіраваў служыць на Палессе, у вёску Лахва[33]. Там маладая жанчына хутка засумавала. Яна ўсё ж знайшла прычыну, каб пакінуць палескую глушыню: вырашыла паехаць да сваякоў мужа з надзеяй атрымаць грашовае спагнанне за выкуп Фартуната Піхельштэйна з турэцкага палону. Саламея пакінула дачку Канстанцыю і свае грашовыя зберажэнні ў жонкі кашталяна смаленскaгa[34] Шчыта і, нягледзячы на тое, што чакала дзіця, рушыла ў дарогу.
I зноў вазок, запрэжаны коньмі, павёз вандроўніцу праз Польшчу, Сілезію, Маравію, Аўстрыю. У Верхняй Карніёліі — так у той час называлі Заходнюю Славенію, у вобласці Горэнска, размясцілася сяло рудакопаў і кавалёў Камна Горыца[35]. Стаяла яно на беразе ракі Ліпніца — правым прытоку Савы.
Славенія ўжо амаль два з паловаю стагоддзі належала імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі» з аўстрыйскай дынастыі Габсбургаў. Па-нямецку Камну Горыцу называлі Штэйнпіхель (або Піхельштэйн), але ў краі гэтым з даўніх часоў жылі славенцы.
Як і ў Расіі, на Украіне і ў Балгарыі, тут Саламея зноў пачула знаёмую славянскую гаворку. Ветліва і гасцінна сустрэлі лекарку ў сям'і Фартуната. Ад свёкра Марка-Антона Капуса Саламея пачула, што ўсе яны карэнныя камнагорцы, здаўна занятыя здабываннем і апрацоўкаю жалеза. У 1693 годзе сям'і за поспехі ў развіцці промыслаў нададзена дваранская годнасць і герб. На гербе — выява рудакопа з кіркаю ў руцэ і галава чалавека, як сведчанне пра першую частку прозвішча Капус, якое нагадвала лацінскае слова «капут» — галава. Цяпер, пасля надання Капусам дваранскага тытула, іх прозвішча гучала на нямецкі лад як Капус фон Піхелыштэйн, гэта значыць Капус з Камны Горыцы[36].
У Фартуната было трое братоў і чатыры сястры. Дзевер Саламеі Антон-Ёжэф быў суддзёю ў сталіцы краю Аюбляне. Іншыя дзеверы і залоўкі лекаркі таксама былі добра ўладкаваныя. Марк-Антон Капус застаўся незадаволены толькі старэйшым сынам Фартунатам-Ёжэфам (усе дзеці мелі другое імя «Ёжэф або Ёжэфа» ў гонар маці Катарыны Ёжэфы). Ён расказаў нявестцы, што Фартунат з маладых гадоў не дужа слухаўся бацькоў, патраціў нямала іх грошай ды яшчэ самавольна паступіў на аўстрыйскую ваенную службу. Таму, мабыць, свёкар, хоць і выказаў Саламеі пэўную гасціннасць, аддаў ёй толькі трэцюю частку таго, што яна заплаціла турэцкаму палкоўніку як выкуп за Фартуната.
Адпачыўшы ў Камне Горыцы паўтара месяца, нястомная лекарка зноў рушыла ў дарогу. Спачатку яна наведала Аюбляну, там па просьбе свёкра і дзевераў былі зроблены тры яе партрэты, а затым Саламея накіравалася цераз Альпы напоўнач — у Вену.
Сталіца «Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі» не ішла, на думку Русецкай, ні ў якае параўнанне з Пецярбургам. Прылеглыя да ўскраін вуліцы мала чым нагадвалі сталіцу. Вазок лекаркі праязджаў уздоўж невысокіх драўляных платоў і дамоў, каля невялічкіх бажнічак. Але чым бліжэй да цэнтра, тым болей было ў горадзе палацаў і касцёлаў. I ўсё ж Вена саступала расійскай сталіцы. Пазней Саламея пісала ў сваіх запісках: «Вена, дзе хрысціянскі імператар жыве, такая самая (як Стамбул) — вось велічны кляштар, а побач з ім хаціна разніка або настаўніка, вось стары дом, а побач — новы палац».
34
Кашталян (ад лац. castellum — замак) — камендант замка, адміністрацыйнае званне ў Рэчы Паспалітай. Пасля таго, як Смаленск з сярэдзіны XVII стагоддзя адышоў да Расіі, титулы па Смаленскім ваяводстве па-ранейшаму надаваліся ў Рэчы Паспалітай.
35
Гэтае паселішча размешчана прыкладна за 35 кіламетраў на паўночны захад ад Аюбляны — цяперашняй сталіцы Славеніі.
36
Цікава, што цяпер у Камне Горыцы і іншых месцах Славеніі жывуць шматлікія нашчадкі Капусаў. Пра гэта паведамілі ў сваім лісце ад 5 жніўня 1974 года супрацоўнікі Інстьпута ўсеагульнай і нацыянальнай гісторыі Акадэміі навуку Аюбляне, за што аўтар выказвае ім шчырую падзяку.