Выбрать главу

Спынілася падарожніда ў Леапольдштаце (прыгарадзе Вены, паміж цяперашнім цэнтрам сталіцы і Дунаем). Яна ўладкавалася ў гатэлі «Пад чырвоным вільчаком» і пачала хадайнічаць, каб ёй выдалі плату за службу Фартуната і грошы, якія яна патраціла на выкуп яго з турэцкага палону. На прыёме ў палацы Саламея падала прашэнне імператару Карлу VI. Імператар запэўніў жанчыну, што просьба яе будзе задаволеная. Але колькі яна ні наведвала імператарскі двор — усё безвынікова. Неаднойчы ездзіла Саламея і да імператрыцы Лізаветы, але атрымала ўсяго пядь залатых дукатаў, тым часам як за Фартуната ў Відзіне яна аддала трыста чырвонцаў.

Русецкая жыла ў Вене на апошнія грошы. Яна скардзілася на скупасць і негасціннасць аўстрыйцаў: «О, не так тут, як у Расіі! Ніхто мяне не запрашае на абед, немцы не маюць такой звычкі, як палякі або рускія, якія калі кубак выпіваюць за чыё-небудзь здароўе, то паднясуць і таму, за каго п'юць. А ў Германіі не так, кавалер будзе сачыць, куды я сяду, а потым вып'е за маё здароўе: «Ваша здароўе, найяснейшая пані», сам немец вып'е, а мяне не пачастуе. Мяне як варам абліе».

Саламею здзіўляла, што работнікі імператарскай кухні прадавалі староннім людзям стравы з імператарскага стала; што ў езуіцкім доме-прытулку, дзе спыняліся на начлег вандроўнікі, манахі бралі грошы нават за салому на пасцель. Пасля кожнага начлежніка яны зноў прадавалі гэты «тавар», нават не вытрэсваючы з яго смецце. Гаспадары свецкіх гатэляў патрабавалі поўную плату за ацяпленне, хаця печ у калідоры толькі распаляць і тут жа выцягваюць з яе дровы…

Выбрацца з грашовых цяжкасцяў дапамог Саламеі выпадак. У Вену прыехала турэцкае пасольства, якое размясцілася таксама ў Леапольдштаце, недалёка ад гатэля «Над чырвоным вільчаком». У адчаі ад безвыходнага становішча — грошай не было, да таго ж неўзабаве яна павінна была нарадзіць дзіця — Саламея адважылася звярнуцца па дапамогу да пасла султана Джаны Алі-бея. Валодаючы турэцкаю моваю, лекарка прывітала пасла і прапанавала лячыць членаў пасольсгва. Пасол згадзіўся, бо яго спадарожнікаў лячыў аўстрыйскі ўрач, які карыстаўся паслугамі перакладчыка, а гэта стварала пэўныя цяжкасці, а часам і непаразуменні.

Русецкая пачала атрымоўваць плату, харчаванне для сябе і слуг з пасольскай кухні, сена для сваіх коней. Аўстрыйцы, убачыўшы, што лекарка часта бывае ў Джаны Алі-бея, таксама сталі звяртацца да яе. Сярод сваіх пацыентаў Саламея называе княгіню Парцыю, фрэйліну Марыяну дэ Берхтульт[37], графа Канвенцыля[38] і іншых.

У Вене Саламея нарадзіла сына, якога назвала Францішкам-Ксаверыем. Пасля родаў яе наведвалі аўстрыйскія знаёмыя і калі бачылі нязвыклую для іх рысавую кашу, якую прыносілі лекарцы з пасольскай кухні, з цікаўнасцю каштавалі экзатычную ежу. Гэта вельмі смяшыла Саламею: яна ж даўно ведала турэцкія стравы.

Праз некаторы час Саламея зноў сабралася ў дарогу. Тым часам імператар Карл VI памёр, і прускі кароль Фрыдрых II вырашыў скарыстаць гэта, каб пачаць вайну за аўстрыйскую спадчыну і захапіць Сілезію з яе галоўным горадам Брэслаў[39]. Шлях Саламеі з Вены праходзіў якраз праз гэты горад. Трапіўшы ў цэнтр ваенных дзеянняў, з дапамогаю пэўных хітрыкаў лекарка не без цяжкасцяў дамаглася аудыенцыі ў караля. Той дазволіў ёй свабодна выехаць з Сілезіі, хаця іншых жыхароў з горада не выпускалі.

3 Сілезіі падарожніца накіравалася ў Польшчу. Тут яна даведалася, што Фартунат Піхельштэйн забраў у кашталянкі Шчыт яе дачку Канстанцыю і маёмасць. Даведалася Саламея і пра яго нявернасць. Яна вырашыла жыць асобна і спрабавала схавацца ў манастыры ў Львове. Але Фартунат дамогся, што жонка вярнулася да яго, аднак іх сумеснае жыццё ўжо не ладзілася.

Нягледзячы на тое, што Саламея зноў чакала дзіця, яна ўсё ж вырашыла кінуць мужа і праз нейкі час, спаслаўшыся на тое, што хоча атрымаць выкуп ад былых палонных, якіх некалі вывезла з Эстляндыі, паехала за мяжу. Пакінуўшы дачку на айчыма, а двухгадовага сына і пажыткі на ўдаву брацлаўскага кашталяна Патоцкага Канстанцыю, Саламея накіравалася ў Балгарыю. Па дарозе яна займалася лекарскай практыкай. У сталіцы княства Валахія Бухарэсце ў яе нарадзіўся другі сын, якога назвала Станіславам-Косткам.

У Русе Саламею чакалі новыя прыгоды. Вызваленыя ёю ў Рэвелі янычары, якія жылі ў вёсцы паблізу Русе, заплацілі выкуп, толькі папрасілі зменшыць суму. А вось сіпахі Ібрагім-ага і Хусейн-ага, выратаваныя Русецкай з нарвскай крэпасці, адмовіліся вяртаць даўгі. Перш яны спасылаліся на тое, што князь Радзівіл адпусціў іх з няволі ўжо ў ВКЛ, пасля сталі гаварыць, нібы ўцяклі з палону самі, а лекарка сустрэла іх па дарозе і перавезла з Расіі ў Вялікае княства, таму яны, маўляў, і павінны ёй заплаціць суму ў пяць разоў меншую, чым налічыла Саламея.

вернуться

37

Хутчэй за ўсё «Бертальд».

вернуться

38

Хутчэй за ўсё «Кабенцль»

вернуться

39

Цяпер Вроцлаў у Польшчы.