Лекарка павярнула з гасцінца да мястэчка Брусілава. Там якраз праходзіў кірмаш. На заезным двары Саламея пакінула сваіх слуг, рэчы, сына Станіслава. Апранула някідкую ўкраінскую сукенку, на галаву завязала хустку і ў такім уборы паспяшалася на рынак наймаць фурманку. Яна паказала фурману срэбраны рубель і папрасіла як мага хутчэй завезці яе ў Кіеў, нібы да сястры, запэўніўшы, што наступным днём яны абавязкова вернуцца назад.
Фурман што ёсць моцы паганяў коней. Яны паспяхова праехалі праз польскія вартавыя пасты і спыніліся на рускай мяжы. Насустрач ім выйшаў капітан, строга запытаў, хто такія і адкуль. Лекарцы ўдалося ўгаварыць капітана прапусціць іх у горад, не змяшчаючы ў лазарэт, маўляў, яны там доўга не затрымаюцца.
Капітан паверыў і прапусціў сані ў Кіеў. Раніцою яны былі ў горадзе. Расплаціўшыся з фурманам і сказаўшы яму адпачыць, Саламея пачала разважаць, што ёй рабіць далей. Бясспрэчна, прадстаўнікі ўлад пачнуць патрабаваць у яе пашпарт, цікавіцца, праз які пост яна праехала і дзе вытрымала сорак дзён каранціну. Яна разумела, што яе могуць арыштаваць і як пра асобу падазроную паведамяць генерал-губернатару Лявонцьеву. Таму яна вырашыла зноў пераапрануцца і ехаць да яго сама, каб папярэдзіць падзеі.
Фурман вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што з пакоя яго падарожніцы выйшла прыгожа апранутая прывабная жанчына з бранзалетамі і пярсцёнкамі на руках — як усё роўна не тая, у зрэбнай сукні і ботах, якую ён суправаджаў. Саламея, нібы князёўна, паважна села ў размаляваныя сані.
Сані крануліся з месца. Фурман сцебануў коней — толькі вецер у вушах ды снежныя іскры з-пад капытоў. Ля адчыненай брамы перад домам губернатара варта памкнулася спыніць няпрошаных гасцей, але сані заляцелі ў двор, і фурман стрымаў коней толькі перад самым ганкам. Не зважаючы на лакея ў прыходні, Саламея велічна праплыла далей і папрасіла ад'ютанта сказаць генерал-губернатару пра яе прыезд.
Генерал-аншэф Міхаіл Іванавіч Лявонцьеў даводзіўся стрыечным пляменнікам маці Пятра I Наталлі Кірылаўне Нарышкінай. Адважны і знаходлівы, ён праслужыў у рускай арміі паўстагоддзя, а пачынаў службу з Нарвскай баталіі. У бітве пад Палтаваю ён захапіў сем шведскіх сцягоў і насілкі Карла XII.
Лявонцьеў быў у ліку тых, хто ездзіў у Мітаву[47] запрашаць курляндскую герцагіню Анну Іванаўну, пляменніцу Пятра I, на рускі трон. Падчас няўдалага паходу ў 1735 годзе ў Крым у бязводным стэпе загінула каля тысячы салдат. За гэта Лявонцьева адправілі ў ганаровую ссылку ў Кіеў. Сучаснікі характарызавалі генерала як чалавека панурага і злога, занадта патрабавальнага да падначаленых, строгага да жорсткасці. Магчыма, лекарка ўжо чула пра тое. Яна кінулася губернатару ў ногі, прызнаючыся, што прыехала ў Кіеў без польскага пашпарта, не прайшла каранцін. Яна паказала ранейшыя паперы і даведкі, набытыя ў сталічным Пецярбурзе.
Русецкай удалося разжаліць генерала, падкупіць сваёй шчырасцю. Генерал сказаў, што ёй, даме і госці, можна дараваць такі ўчынак, яна, магчыма, не ведае царскіх указаў. Затое іх ведае фурман. Ведае капітан на вартавым пункце. Значыць, яны вінаваты і мусяць быць пакараныя.
Генерал запрасіў лекарку на абед. Пасля гэтага паслаў двух салдат і Саламею на заезны двор, дзе яна спынілася, каб адшукаць фурмана. Яшчэ не пад'ехалі да месца, як лекарка паслала салдат па гарэлку, а сама паспяшалася папярэдзіць фурмана пра небяспеку. «Уцякай, уцякай, а то цябе павесяць!» — крыкнула яна селяніну, як толькі ўвайшла ў дом. Фурман куляю выляцеў з хаты і шпарка пагнаў коней. Прыйшлі салдаты, сталі шукаць, але Саламея сказала, што «парушальнік» з'ехаў яшчэ раніцою.
Салдаты вярнуліся ні з чым. Генерал пачаў высвятляць, праз які пост праехала Саламея. Жанчына, вядома, ад усяго адмаўлялася, гаварыла, што нічога не памятае, бо ехалі ўначы. Лявонцьеў, разважыўшы, справядліва вырашыў, што гэта магло быць па дарозе з Брусілава на Васількоўскі пост. Русецкую пад канвоем накіравалі туды. Афіцэра, які прапусціў яе, доўга распытвалі, але ён ні ў чым не прызнаўся. Саламея таксама сцвярджала, што не ведае капітана, і гэта ўратавала яго ад пакарання.
Лявонцьеў дазволіў перавезці ў Кіеў свае рэчы. У Кіеве Саламея жыла спакойна, чакала адказу з Пецярбурга — яна звярнулася да імператрыцы з просьбаю дазволіць ёй прыехаць і заняцца лекарскаю справаю пры двары. А яшчэ яна вельмі хацела аддаць сына вучыцца ў гімназію пры Акадэміі навук. Станоўчы адказ прыйшоў цераз год. Але спадзяванням не суджана было збыцца. У Кіеў прыехаў «амарат» са сваім сябрам, абакраў Саламею і ў яе ж санях уцёк назад у межы Рэчы Паспалітай.