Выбрать главу

Зарабіўшы грошай, падарожніца рушыла далей. У горадзе Ямболе яна лячыла жонку і сына татарскага хана Алімгірэй-султана, у Пазарджыку — жонку багацея Ібрагіма-эфендзі. У горадзе Філшбей[12] з ёй надарыўся выпадак, які ледзь не каштаваў жыцця. Саламея наведала хворую сямігадовую дачку мясцовага назіра (каменданта). Дзяўчынка памерла праз дзве гадзіны пасля таго, як выпіла некалькі кропляў прызначанага ёй эліксіру ад глістоў, які складаўся з альясу, міры, шафрану і сернай кіслаты на вінным спірце. Лекарцы пагражала смерць. Выратавала тое, што ў прысутнасці раз'юшанага бацькі яна выпіла рэшткі лякарства, каб даказаць яго бясшкоднасць.

Каб трапіць у Сафію, трэба было пераехаць цераз Балканскія горы. Саламея апранула мужчынскае адзенне, наняла дзесятак коней і, усклаўшы на іх свае пажыткі, рушыла ў дарогу ў суправаджэнні трох слуг.

Па дарозе Саламея далучылася да гандлёвага каравана, бо адным ім ехаць было небяспечна: у гарах лютавалі разбойнікі (іх атамана звалі Сары-Хусейн, што значыць «Рыжы Хусейн»), Аднак Саламеі не ўдалося паспяхова пераадолець Балканы — на караван напалі рабаўнікі. Да Саламеі пад'ехаў рыжабароды турак і, схапіўшы каня за аброць, загадаў ехаць з ім — лячыць ягонага свата. Хоць Саламея адмаўлялася, што яна ніякая не лекарка, а мужчына і едзе па сваіх справах, незнаёмец толькі засмяяўся і запэўніў, што цудоўна ведае, хто перад ім[13]. Саламея здагадалася, што мае справу з самім атаманам. На пытанне, чаму ў яе няма канвою, адказала: «О эфендзі, нават калі б у мяне быў канвой з пяцісот коннікаў, яны не ўтрымалі б націску воінаў харобрага віцязя Сары-Хусейна». Адказ спадабаўся турку. Ен накіраваў Русецкую і яе слуг у горад Карлава, дзе жыў сам. Шлях да Карлава, як піша Саламея, працягваўся трое сутак. Горад быў размешчаны «ў такой даліне, што калі мы спусціліся ў яе, здавалася, быццам з'ехалі з неба». Жонка Сары-Хусейна сустрэла лекарку ветліва, пасяліла яе ў асобным доме.

Жанчыну здзіўлялі незвычайныя карлаўскія лазні, куды паступала гаючая крынічная вада. «На адзін двор цячэ, — пісала яна, — і халодная, як лёд, і гарачая вада». Мяркуючы па апісанні, Саламея знаходзілася ў паўднёвай частцы Карлаўскай даліны, якраз там, дзе бруяць гарачыя мінеральныя крыніцы з тэмператураю да 57 градусаў.

Не маючы грунтоўных геаграфічных ведаў, Саламея лічыла: «А тыя воды, якія ў лазню ідуць, такія гарачыя, ці не з гары Этны яны, з якой заўжды агонь выкідваецца», хаця Этна, як вядома, знаходзіцца ў Сіцыліі, далёка ад Балгарыі.

За якіх сорак дзён Саламея літаральна паставіла на ногі свата Сары-Хусейна: цяпер ён мог хадзіць на мыліцах. Вылечыла ад «чырвоных вачэй» самога атамана. Сары-Хусейн шчодра аддзячыў і адпусціў яе з ганаровым канвоем у Сафію. Яе спадарожнікі па караване, як стала вядома, былі забітыя разбойнікамі.

У Сафіі Саламея паступіла на службу ў гарэм пашы Кюпру-улу. Тут яна сустрэлася з мужам, які прыехаў палячыць суставы на мясцовых мінеральных водах. Разам з Хальпірам быў італьянскі лекар, якога туркі захапілі ў палон на мальтыйскім караблі.

У тыя часы мальтыйскія рыцары[14] вялі няспынную марскую вайну з мусульманамі. Яны захоплівалі турэцкія судны, вызвалялі палонных хрысціян, якія служылі там у якасці весляроў, а па сутнасці былі рабамі. Калі ж у турэцкі палон траплялі мальтыйцы, іх прыкоўвалі ланцугамі да вёслаў на галерах. Голыя па пояс весляры, якіх крыкам і бізуном падганялі наглядчыкі, мусілі ў любое надвор'е выконваць сваю цяжкую работу. Паводле слоў лекаркі, усе іншыя рабы, якіх называлі «куле» (нявольнік), згодна традыцыі, вызваляліся праз сем гадоў. Для палонных жа мальтыйцаў, якіх называлі «пайзан» (магчыма, ад французскага слова рау san — селянін), няволя была вечнаю.

Рабу-італьянцу пашчасціла трапіць на службу да Хальпіра. Італьянец навучыў Саламею выпісваць рэцэпты на лацінскай мове з «доктарскімі знакамі», пазнаёміў яе з разнастайнымі фармакалагічнымі пропісямі. Ён перадаў ёй свае кнігі, сярод іх лекарка называе кнігу пра лекавыя травы, прыродазнаўчы навуковы лексікон з вопісам хвароб і лякарстваў, кнігу Мінзіхта[15]. Дзякуючы італьянду Саламея прайшла больш-менш сістэматычны курс медычнага навучання. Урач праз некаторы час быў адпушчаны на радзіму.

вернуться

12

Цяпер Плоўдзіў у Рэспубліцы Балгарыя.

вернуться

13

Пра падарожжа Саламеі, пра яе пераапрананне Сары-Хусейн ведаў ад сваіх віжоў.

вернуться

14

Чальцы духоўна-рыцарскага Мальтыйскага ордэна (заснаванага яшчэ на пачатку XII стагоддзя ў Палесціне ў час крыжовых паходаў). Назву «мальтыйскія рыцары» яны атрымалі ў 1530 годзе, калі асталяваліся на востраве Мальта, узяўшы на сябе перад імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі» Карлам V абавязак ахоўваць Міжземнае мора і яго ўзбярэжжа ад туркаў і афрыканскіх піратаў.

вернуться

15

Гэта хутчэй за ўсё фармацэўтычны даведнік Адрыяна Мінзіхта «Медычна-хімічная скарбніца і арсенал» (першае лацінскае выданне гэтай кнігі выйшла ў 1651 годзе, пераклад на нямецкую мову — у 1682 годзе).