Выбрать главу

СВЕДКА КРЫВАВЫХ ПАДЗЕЙ

Паход генерала Зекендорфа * Паўстанне супраць асманскай няволі * Адступленне аўстрыйцаў * Крывавая расправа над сербамі * Выкуп нявольнікаў * Фіяска трансільванскага князя * Уцёкі з Відзіна

Неўзабаве з Босніі прыйшла вестка пра смерць Хальпіра. Паехадь туды, каб забрадь яго маёмасць, Саламеі не выпала. Летам 1737 года Аўстрыя і Венгрыя ўступілі ў вайну, якую ўжо два гады вяла Расія супраць Турцыі, на баку рускіх.

Рускія войскі тым часам ажыццявілі два паспяховыя паходы ў Крым (1736–1737 гады) і заваявалі крэпасць Азоў ля вусця Дона. Туркам даводзілася весці вайну яшчэ і з персамі ў Іраку.

Скарыстаўшы паднявольнае становішча сербаў і балгараў у Асманскай імперыі і спекулюючы на гэтым, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі» і венгерскі кароль Карл VI заклікаў народы да паўстання, абяцаючы ім свабоду веравызнання.

Аўстрыйскія войскі рушылі ад Белграда на поўдзень Сербіі. Генерал-фельдмаршал аўстрыйскай армй Ф. Зекендорф уступіў у перагаворы з турэцкім гарнізонам у цытадэлі сербскага горада Ніша. Турэцкі камендант капітуляваў, забяспечыўшы сабе вольны выхад з цытадэлі. Славяне падтрымалі аўстрыйцаў. Сербскія паўстанцы захапілі горад Нозі Пазар, а балгары ўзняліся супраць туркаў у вобласці, што непасрэдна прылягала з захаду да Сафіі.

Вялікую цікавасць уяўляюць запіскі Русецкай пра падзеі аўстра-турэцкай вайны, тым больш што крыніц па яе гісторыі надзвычай мала. «Тым часам прыйшоў загад ад імператара (султана), каб паша мой паехаў і адабраў у немцаў (аўстрыйцаў) Ніш, тую крэпасць, што ўзяў Зекендорф. А той Зекендорф за колькі тыдняў да таго заключыў пакт з балгарамі і сербамі, гэта значыць з воласцю або правінцыяй Нішскай, бо ў гэтай мясцовасці і пасяленняў тых жыхароў было на пяцьдзесят міляў з гарадамі, і мястэчкамі, і вёскамі, дзе людзей на некалькі мільёнаў (?) багатых знаходзілася, вельмі мужных, маладых, спрытных, як і старых, і жанчын, і дзяцей; кожны з нас можа тое зразумець, якая гэта велізарная прастора — ад Белграда да Сафіі. Усе гэтыя воласці паўсталі супраць туркаў, бо ім той генерал Зекендорф даў такую параду: «Не бойцеся туркаў, дапамагайце мне, я ўжо Ніш узяў, вазьму і Сафію, і Відзін-Турэцкі[16], нават Стамбул.» I так гэтыя бедныя хрысціяне паверылі таму генералу Зекендорфу і ўзнялі паўстанне супраць туркаў, і парэзалі некалькі тысяч туркаў».

Але туркі здолелі адбіць напад аўстрыйцаў на сваім левым флангу ў Босніі, нанеслі ім паражэнне спачатку пад Банялукай, а потым у заходняй Сербіі пад Валевам. Выявілася няздольнасць імперскіх военачальнікаў. Сярод іх не было знакамітага палкаводда Яўгена Савойскага[17], які выгнаў некалі туркаў з паўночнай Сербіі. Зенкендорф спрабаваў узяць Відзін, але туркі разбілі імперскія войскі ды дваццаць тысяч сербскіх паўстанцаў, прымусіўшы іх адступіць.

Саламея піша пра заканчэнне летняй кампаніі 1737 года ў Сербіі: «А той генерал (Зекендорф) узяў у аднаго пашы сто тысяч чырвоных злотых і без усялякай на тое патрэбы загадаў узняцца па трывозе і ціха памаршыраваў са сваімі немцамі з Ніша, і яны пацягнуліся да нямецкай мяжы, а ключы ад Нішскай крэпасці адаслаў майму пашу Кюпру-улу, а мой паша быў хворы, і яму паклалі пад падушку ключы ад Нішскай крэпасці».

Тут Саламея паўтарыла распаўсюджаныя тады чуткі пра подкуп Зекендорфа. Золата сапраўды мела вялікую цану для гэтага «скупога рыцара», які, між іншым, пазбягаў раскошы. На самой справе Ніш здаў туркам не Зекендорф, а іншы генерал — Нікалаус Даксат дэ Марэз. Шэсць тысяч аўстрыйцаў пад яго камандаваннем былі абложаныя шматлікім турэцкім войскам. Даксат прасіў Зекендорфа аб дапамозе, але, так і не дачакаўшыся яе, мусіў здаць цытадэль: неставала правіянту і людскіх сіл. За здачу Ніша аўстрыйскія ўлады пакаралі Даксата смерцю. Зекендорфа арыштавалі і адправілі ў Вену. Прыдворная рада прыцягнула яго да судовай адказнасці, але генерал быў апраўданы.

Пра вынікі паўстання сербаў і балгараў Саламея піша: «Тым часам прыйшоў зноў новы загад ад турэцкага двара, каб за тое паўстанне, якое яго ўласныя падданыя ўчынілі супраць свайго валадара, туркі іх тры дні і тры ночы рэзалі, пачынаючы ад хлопцаў, якім 18 гадоў, да мужчын, якім пяцьдзесят гадоў, а каму шэсцьдзесят або семдзесят, або восемдзесят, каб таго не знішчалі, гэтаксама як і хлопчыкаў ад году да 18 гадоў не чапалі, толькі ў няволю бралі, і жанчын, і дзяўчат, і ўсіх старых жанчын.

I так сталася, што туркі выразалі хрысціян тры дні і тры ночы ў палях, у лясах, у дамах, дзе толькі ні спатыкалі, і мой паша меў той загад ад турэцкага цара, што ён хоча ведаць: ці шмат яго падданых у гэтай крывавай вайне загінула, і таму мой паша загадаў туркам толькі хрысціянскія галовы звозіць у Сафію для падліку, колькі іх забітых, і турэцкаму цару пра тое паведаміць.

вернуться

16

Так Саламея Русецкая называе горад Відзін у паўночна-заходняй Балгарыі (дзе былі сканцэнтраваныя значныя турэцкія сілы) у адрозненне ад Відзіна-Аўстрыйскага, як яна называла Вену.

вернуться

17

Прынц Яўген памёр у 1736 годзе, якраз напярэдадні гэтай вайны.