I такую бачыла я кару божую на бедных хрысціян, такая была гара чалавечых хрысціянскіх галоў, нібы велізарная карчма; наверх па галовах патрэбна была лесвіца, і кожная хрысціянская галава лічылася пашою ў адну адзінку.
I так туркі па палях і лясах ездзілі з вялізнымі кашамі і галовы забітых хрысціян адразалі, і іх прывезлі да сябе і пасля гэтых трох дзён старым і дзецям малым можна было шукаць бацькоў і братоў сваіх, як і бацькам можна было шукаць галовы сыноў сваіх; ах, мой божа, што я тым часам за жальбу і страх мела, калі была у тым горадзе… Быў там чалавек высокай годнасці, святар праваслаўны ці епіскап, бо праваслаўныя ўладыкам яго называлі, і яго ў той жудаснай сечы павесілі».
Русецкая прызнаецца, што была ашаломлена страшэнным відовішчам расправы над блізкім ёй славянскім народам і вырашыла пакінуць службу ў пашы. Пераапрануўшыся для бяспекі ў адзенне янычара, лекарка ўзяла з сабою дачку і слуг і накіравалася ў Відзін.
У Відзіне сканцэнтраваліся асноўныя сілы асманскіх войск. Яны размяшчаліся ў крэпасці Баба Віда, збудаванай на падмурках колішняга рымскага ўмацавання. Чатыры квадратныя вежы стаялі па кутах цытадэлі, што велічна ўзвышалася над Дунаем. Яе атуляў глыбокі роў з вадою. Ужо колькі разоў аўстрыйцы спрабавалі ўзяць Відзін, але без поспеху.
Значныя страты аўстрыйцам туркі нанеслі пад горадам Краёвай (на паўднёвым захадзе цяперашняй Румыніі), захапіўшы шмат палонных. Саламея бачыла, як вялі закаваных у ланцугі аўстрыйскіх салдат і афіцэраў, шэрагамі па дзвесце чалавек, а ў кожным турэцкім доме знаходзіліся аўстрыйскія нявольнікі або нявольніцы.
Лекарка выкупіла ў турэцкага палкоўніка Мехмет-агі Кул-улу чатырох палонных афіцэраў: паручнікаў Карла Яравіну, Тэадора Котнера, Антона Ермянціну і прапаршчыка Фартуната-Ежэфа Піхельштэйна, а таксама жонку аднаго аўстрыйскага паручніка. Яна пасяліла іх у сваім доме і дамовілася з Кул-улу, што той даб'ецца ў відзінскага пашы Хайваза Мехмет-пашы дазволу напісаць палоннікам лісты дадому, сваім родным, каб тыя прыслалі выкуп за іх. Кур'ер адвёз лісты ў Вену, і неўзабаве ў Відзін прыйшлі грошы. Толькі за Фартуната Піхельштэйна ніхто нічога не прыслаў. Трое паручнікаў растлумачылі Саламеі, што Піхельштэйн жыве далёка ад Вены, пошта да яго сваякоў павінна ісці цераз гарады Грац і Лайбах (па-славенску Градзец і Любляна) у мястэчка Піхельштэйн. Там жылі яго бацькі, да якіх ліст яшчэ, відаць, не дайшоў. Саламея адпусціла палонных паручнікаў і жанчыну, а прапаршчыку давялося суправаджаць лекарку далей у яе вандроўках. Тады яна яшчэ не ведала, што гэты змушаны спадарожнік стане яе другім мужам.
Знаходжанне ў зоне ваенных дзеянняў для маладой жанчыны было справаю небяспечнай і рызыкоўнай. Яна вылечыла па загадзе Хайваза Мехмет-пашы трансільванскага князя Йожэфа Ракачы (ён прыехаў у Відзін у сакавіку 1738 года), кандыдатуру якога на венгерскі трон падтрымліваў вялікі везір[18] Асманскай імперыі Еген Махамед-паша. Князь спрабаваў заляцацца да маладой прывабнай жанчыны, але безвынікова, тады ён абвінаваціў лекарку ў шпіёнстве на карысць аўстрыйцаў. «А тым часам крывавыя войны ішлі, — піша Русецкая, — і мноства зусім невінаватых людзей паша загадаў пакараць жорсткаю смерцю за шпіёнства».
Не ўзяўшы пашпарт у пашы, лекарка разам з дачкою, слугамі і палоннікам адплыла з Відзіна ўніз па Дунаі ў горад Рушчук (па-балгарску Русе), дзе стаяла магутная турэцкая крэпасць. Тут Саламею арыштавалі. Ад смерці яе зноў уратавалі залатыя рукі — яна паспяхова вылечыла сына султанскага скарбніка. Здарылася так, што ў ноч, калі арыштавалі лекарку, вельмі кепска стала дваццацідвухгадоваму сыну скарбніка: цяжкі ацёк павек, твару, языка. Трое русенскіх дактароў нічым не маглі дапамагчы хвораму. За лячэнне ўзялася Саламея, і на трэці дзень малады чалавек змог расплюшчыць вочы, а праз сорак дзён быў абсалютна здаровы.
Лекарка атрымала дазвол ехаць у Расію; на гэты раз мэтай яе падарожжа было вызваленне двух турэцкіх афіцэраў з Русе, што трапілі ў рускі палон пад Азовам.
ПАДАРОЖЖА Ў ПЕЦЯРБУРГ
Шлюб з былым нявольнікам * З Нясвіжа да берагоў Нявы * Дапамога брыгадзіра Караулава * Уражанні ад паўночнай сталіцы * Удалае лячэнне — шлях да царскага двара
Па дарозе ў Расію, на Украіне, Саламея і выратаваны ёю прапаршчык павянчаліся і сталі мужам і жонкаю. Там Піхельштэйн паступіў на службу да вялікага літоўскага гетмана[19] князя Міхаіла Радзівіла, па мянушцы Рыбанька — так ён звычайна звяртаўся да іншых людзей. Князь вяртаецца ў Нясвіж і бярэ з сабою маладых, прызначыўшы Фартуната харужым, а Саламею «доктаркаю». Неўзабаве Саламея пакідае маленькую дачку ў бенедыкцінскім кляштары ў Нясвіжы і накіроўваецца ў Пецярбург. Яна забяспечыла сябе рзкамендацыйнымі лістамі рускага генерала Лівена, які быў тады ў ВКЛ, і жонкі магната Дуніна, уроджанай рускай князёўны Трубяцкой (яе цётка была замужам за князем Чаркаскім, кабінет-міністрам імператрыцы Анны Іванаўны).