Выбрать главу

У Рызе, якую лекарка назвала «дзівосным горадам», яна звярнулася да ліфляндскага генерал-губернатара Людольфа-Аўгуста Бісмарка. Гэта быў сваяк Эрнэста Бірона, усемагутнага фаварыта рускай імператрыцы. Бісмарк дазволіў Саламеі пабачыцца з турэцкімі палоннымі, якія знаходзіліся ў гарадской турме. Ад іх лекарка даведалася, дзе знаходзяцца русенскія туркі, пра вызваленне якіх збіралася паклапаціцца.

3 Рыгі шлях лекаркі ляжаў у Нарву. Як узнагароду за добрае лячэнне тут яна атрымала ад жонкі каменданта Шацілава Мар'і Юр'еўны ліст-рэкамендацыю ў Пецярбург да яе брата брыгадзіра[20] С. Ю. Караулава.

У тых, хто ўязджаў у маладую рускую сталіцу, старанна правяралі дакументы: такі быў указ імператрыцы Анны Іванаўны, што царавала ўжо дзевяты год. За горадам (а канчаўся ён на рацэ Фантанцы) пачасціліся выпадкі рабавання. У лясах за рэчкаю, уздоўж Перспектыўнага шляху ў кірунку да Аляксандра-Неўскага манастыра[21], на Нарвскай дарозе ўладальнікам лясных дзялянак загадала ссекчы дрэвы на трыццаць сажняў, «каб немагчыма было рабаўнікам рабіць нечаканыя драпежныя налёты».

Паперы Русецкай былі ў парадку. Ля каравульні, недалёка ад пад'ёмнага моста цераз Фантанку, вартавы пільна агледзеў падарожную, выдадзеную нарвскім камендантам на свабодны праезд. Ланцуговы мост са скрыпам апусціўся, і вазок падарожніцы павольна пакаціўся па вуліцах Пецярбурга.

Госця з цікавасцю разглядала незнаёмы горад: прыгожыя будынкі, акуратныя ўпарадкаваныя сады, вялікія плошчы, шырокія роўныя вуліцы. Уязджаючы на мост праз Вялікую Няву, Саламея вымушана была заплаціць за праезд. Адзіны пакуль што мост цераз гэтую раку пачынаўся ля Ісакіеўскай плошчы[22]. Яго зрабілі з баржаў-плашкоўтаў, пастаўленых на якары. Кожную вясну мост наводзілі, а ўвосень разбіралі. Для праходу суднаў мост разводзілі пасярэдзіне.

За мостам на Васільеўскім востраве бачыўся трохпавярховы будынак Летняга палаца. Не так даўно ён належаў усемагутнаму Меншыкаву. Палац не саступаў па сваёй прыгажосці Летняму палацу Пятра I, што стаяў ля ўваходу Фантанкі ў Няву. На франтоне меншыкаўскага палаца красаваліся вялікія статуі. Вазок лекаркі кіраваўся да 25-й лініі Васільеўскага вострава, да Шарамецьеўскага палаца — там здымаў кватэру брыгадзір Сямён Юр'евіч Караулаў.

Бадай, не было ніводнай рускай вайны, у якой не браў бы ўдзел за чвэрць стагоддзя адданай і вернай службы гэты смелы афіцэр. Ён вызначыўся ў марскім баі са шведамі пры Грэнгаме; у персідскім паходзе ўдзельнічаў у баях пад Дэрбентам, Баку і Рэштам. Караулаў быў чалавек адукаваны: за складзены вопіс персідскіх прыкаспійскіх правінцый атрымаў чын падпалкоўніка. У часы праўлення Анны Іванаўны служыў камендантам Кракава, удзельнічаў у аблозе Данцыга і ўзяцці Ачакава; тут быў паранены. На яго долю прыйшліся войны супраць Швецыі і Прусіі. Пад канец жыцця ён даслужыўся да звання генерал-паручніка і пасады чальца Ваеннай калегй.

Медыцынскія веды Саламеі вельмі спатрэбіліся ёй у доме брыгадзіра. Сям'і не шанцавала. Дзеці Караулава паміралі адзін за адным немаўлятамі. Якраз па прыездзе лекаркі жонка генерала нарадзіла сына, але хлопчык знаходзіўся ў цяжкім стане задухі (асфіксіі). Саламеі ўдалося ажывіць дзіця, накрыўшы яго дзежкай. Такое яна бачыла ў маладыя гады на радзіме, у Наваградскім краі.

Тры тыдні правяла лекарка ў гасцінных гаспадароў. Ёй казалі, што да імператрыцы патрапіць цяжка, што многія нават на працягу года не могуць падаць прашэнне.

Саламея прыехала ў Пецярбург, калі пры імператарскім двары панавала нямецкае засілле. Невялікага розуму, лянівая і малаадукаваная Анна Іванаўна мала клапацілася пра дзяржаўныя справы, а больш захаплялася балямі ды забавамі. Апірышчам яе трону былі ў асноўным прыбалтыйскія бароны нямецкага паходжання. На чале з Біронам і міністрам Остэрманам яны па сутнасці і кіравалі дзяржавай.

На думку Караулавых, дапамагчы Саламеі магла б княгіня Мар'я Юр'еўна Чаркаская, жонка адзінага тады рускага ў кабінеце міністраў імператрыцы, шасцідзесяцігадовага Аляксея Міхайлавіча Чаркаскага. Князь Чаркаскі карыстаўся пашанаю царыцы. Ён дапамог ёй пазбавіцца ад абмежавання імперскай улады некалькімі магнатамі-«вярхоўнікамі». Слабавольны, угодлівы і нерашучы, князь Чаркаскі ніякай ролі ў вырашэнні дзяржаўных спраў не іграў. Дзякуючы гэтаму ён перажыў не толькі Анну Іванаўну, але і кароткачасовае цараванне яе пляменніцы Анны Леапольдаўны і прадягваў служыць пры імператрыцы Лізавеце Пятроўне аж да самай смерці.

вернуться

20

Афіцэрскі чын у рускай арміі ў 1722–1799 гадах, прамежкавы паміж палкоўнікам і генерал-маёрам.

вернуться

21

Цяпер Неўскі праспект да плошчы Паўстання, вуліцы Ганчарная і Цялежная.

вернуться

22

Цяпер плошча Дзекабрыстаў.