Выбрать главу

Міністр двара Анны Іванаўны А. П. Валынскі так характарызаваў Чаркаскага: «Сёння яго прызначаць, заўтра пастрыгуць — ён за ўсё пра ўсё маўчыць і нічога не гаворыць». Жонка Чаркаскага была дачкою аднаго з паплечнікаў Пятра I князя Юрыя Трубяцкога. Лекарку папярэджвалі, што княгіня вызначаецца цяжкім і злосным характарам, здзекваецца са сваіх слуг. Але іншага выйсця не было. Даводзілася ехаць на паклон да капрызнай княгіні. Адзіным спадзяваннем на поспех было тое, што Чаркаскай падабалася мець сярод сваёй прыслугі чужаземцаў. Як толькі жонка брыгадзіра акрыяла пасля родаў, яна разам з лекаркай паехала ў палац Чаркаскіх. Саламея піша, што палац стаяў на Мільённай вуліцы[23] непадалёку ад Зімовага палаца — трэцяга па ліку, які знаходзіўся на месцы цяперашняга Эрмітажнага тэатра.

Княгіня Чаркаская распытала Саламею, хто яна такая, а калі даведалася, што госця — лекарка, прыняла яе на службу. Вядома, паспрыялі гэтаму і рэкамендацыйныя лісты, якімі Русецкая запаслася ў Вільні. Жанчыну ўразіла раскоша і багацце Чаркаскіх. Сапраўды, яны належалі да вельмі багатых сямействаў у Расіі. Лекарка здолела палегчыць стан хваравітай княгіні, якую мучылі галавакружэнні. Менавіта з прычыны пакутнага галаўнога болю Мар'я Юр'еўна стала рэдка бываць у палацы Анны Іванаўны. А падазроная царыца звычайна не даравала няўвагі да сваёй персоны. Паздаравелая, вясёлая княгіня ў часе прыёму ў царскім палацыне забылася пахваліць Саламею.

У сваіх запісхах Саламея аддае шмат увагі апісанню Пецярбурга, звычаям рускіх людзей, згадвае папулярныя сярод насельніцтва расказы пра Пятра I, да асобы якога мела вялікую павагу, як і да ўсяго рускага.

Саламея піша, што «той імператар Пятро Аляксеевіч пры жыцці сваім краіну вельмі хораша і годна перарабіў, даў мундзіры войску свайму і муштры ім загадаў вучыцца, розных настаўнікаў, гэта значыць французаў, немцаў, італьянцаў і лаціннікаў, дзеля моў розных і бліску запрасіў у сваю краіну, гэта я сама бачыла ў Пецярбурзе; амаль у кожнага афіцэра або купца розныя настаўнікі і танцмайстры, амаль у кожным доме, не кажучы ўжо пра штаб-афіцэраў ці міністраў.

Ёсць розныя фабрыкі, я сама купляла аксаміт, градэтур[24], залатыя галуны, кутасы залатыя з фабрыкі з Пецярбурга; і там, дзе былі балоты і дрыгва, усюды паўставалі мураваныя і драўляныя дамы, дарогі ўтрамбаваныя пяском, на адной мілі пяць слупоў стаяць з надпісамі па-руску, па-нямецку і па-лацінску, куды ехаць і ці далёка, на дарозе часта стаяць аўстэрыі (корчмы) з мноствам выгод, і ўсё танна, нельга даражэй прадаваць, бо на дзвярах вывешана такса, мера вызначана, а бедным спадарожнікам і дарма даюць піць і есці.

Пецярбург такі прыгожы, такі велічны стаіць над ракой Нявой. Ён прыгажэйшы і больш прывабны, чым Стамбул і Вена, ў Аўстрыі. Які ён цудоўны і акуратны, такія доўгія вуліцы на некалькі сотняў[25] мураваных дамоў або палацаў, па даўжыні ўсе роўныя, у вышыню і адзін ля аднаго роуна стаяць, так, што здаюцца суцэльнай сцяною. Некаторыя палацы накрытыя меднаю бляхай. Каля кожнага дома растуць дрэвы (ліпы), каб у самы моцны дождж чалавек, ідучы, не прамок. Вуліцы такія шырокія, што шэсць карэт размінуцца могуць. Нідзе няма ніякага смецця ці бруду, бо калі просты селянін з горада выязджае, то мусіць даць дзве капейкі, а калі возьме смецце або гною, нават жменю, то ўжо дзвюх капеек не дае, а калі ў горад селянін уязджае, то мусіць прывезці дрэва або камень, а калі не прывязе, то павінны даць дзве капейкі, а тое дрэва і камень ідуць на рамонт маставых на маленькіх вуліцах.

Хлеб, мяса, рыба, сыр, масла — усё вельмі таннае, садавіны трохі нестае, але вялікая вольнасць і спакой для добрых людзей хадзіць і ездзіць. Людзі прыязныя, ветлівыя».

Такі ідылічны малюнак, вядома, не зусім адпавядаў тагачашай рэчаіснасці. Але не будзем вінаваціць у гэтым Русецкую. Суб'ектывізм тут непазбежны. Нічога дзіўнага ў тым, што на яе ацэнкі і высновы ўплывала асяроддзе багатых, заможных людзей, сярод якіх яна знаходзілася.

вернуться

23

Цяпер вуліца Халтурына. Паводле звестак пецярбургскага гісторыка П. Н. Пятрова, палац Чаркаскіх у 1738 годзе (калі Саламея Русецкая прыехала ў Пецярбург) размяшчаўся на Ніжняй Неўскай набярэжнай (цяпер набярэжная Чырвонага Флоту) побач з пазнейшым будынкам Сената (цяпер Цэнтральны гістарычны архіў) на рагу Сенацкай плошчы. Запісы Саламеі Русецкай дазваляюць удакладніць звесткі вучонага.

вернуться

24

Шчыльная шаўковая тканіна, першапачаткова выраблялася ў французскім горадзе Тур.

вернуться

25

Тут Саламея Русецкая відавочна перабольшвае.