Выбрать главу

НА СЛУЖБЕ Ў ІМПЕРАТРЫЦЫ

Запрашэнне сляпога бандурыста * Прыём у царскім палацы * Інтрыгі прыдворных лекараў * Ці пакідае катаванне знакі? * Шчодрыя дарункі імператрыцы

У 1738 годзе, якраз напярэдадні каляд, сляпы бандурыст, які служыў у дачкі Пятра I Лізаветы, запрасіў лекарку да сябе дадому. У яго доме прачкай працавала дзяўчына, у якой была катаракта[26], Саламея паспяхова выдаліла ёй катаракту, і перад дзяўчынаю расчыніўся свет ва ўсіх сваіх фарбах і праявах. Праўда, лекарка, відаць, замоўчвае той факт, што бандурыст прасіў дапамагчы вярнуць і яму зрок, але, на жаль, цуда не адбылося. Варта адзначыць, што яна ні разу не абмовілася ў дзённіку пра свае медычныя няўдачы.

У бандурыста былі ў гасцях слугі з іншых багатых дамоў, з царскага палаца, і ўсё бачылі на свае вочы. Чутка пра ўмельства замежнай лекаркі хутка дайшла да імператрыцы. Не паспела наша падарожніца вярнуцца да Чаркаскіх, як княгіня неадкладна паслала яе ў Зімовы палац: імператрыца выказала жаданне ўбачыць Саламею.

Лекарка так успамінала свой першы прыём у імператрыцы. Як і патрабаваў этыкет, яна тройчы стала на калені перад тронам Анны Іванаўны і пацалавала яе руку. На пытанне, чаго яна прыехала ў Пецярбург, дыпламатычная госця хітра адказала, нібыта ў далёкім Стамбуле чула, што Расіяй кіруе жанчына і захацела пабачыць яе сама.

Саламея падае ў сваім дзённіку дыялог з царыцаю, «I ты надумала выбрацца ў такую далёкую дарогу за свой кошт, каб толькі ўбачыць мяне?» Сцвярджальны адказ усцешыў самалюбства імперагрыцы. «А як цябе завуць?» — «Саламея», — «А бацьку?» — «Яўхім», Імператрыца вызначыла «Саламаниде Ефимовне» (менавіта так яна звярталася да лекаркі) месца пры сваім двары і дазволіла ёй жыць на першым паверсе палаца.

Госцю правялі ў вялікі пакой, які размяшчаўся пад пакоямі імператрыцы. Напачатку лекарка шкадавала: яе служанка, пасцельныя і іншыя рэчы засталіся ў доме Чаркаскіх. Саламеі паставілі ложак пад шаўковым балдахінам, засланы цёплай ярка-чырвонай коўдраю. Балдахін быў данінаю модзе і ў той жа час ствараў утульнасць і ілюзію нейкай адасобленасці яго гаспадара ў вялікім памяшканні (у пакоі акрамя Саламеі былі яшчэ сем прыдворных дам).

Так Русецкая пасіупіла на царскую службу. Прыдворныя дамы звярталіся да яе па дапамогу ахвотней, чым да дактароў-мужчын, гэта, на думку лекаркі, выклікала іх зайздрасць. Яны папракалі Саламею ў тым, што яна не мае дыплома, а значыць, не мае права і лячыць. Па рэцэптах, якія выпісвала лекарка, у прыдворнай аптэцы[27] перасталі выдаваць лекі. Тады Саламея папрасіла сваю пацыентку, жонку капітана Вільдэ, замовіць за яе слова ў Анны Іванаўны, запэўніваючы, што лячыць будзе толькі хваробы вачэй. Імператрыца паслала слугу да прыдворнага ўрача, каб той дазволіў Саламеі зноў браць у аптэцы лекі.

Але аднойчы лекарка схібіла. Яна выпісала рэцэпт на вялікую колькасць лекаў, прычым не толькі для вачэй, але і ад іншых хвароб, бо, як і раней, да яе звярталіся людзі з самымі рознымі скаргамі і просьбамі. Аптэкар паведаміў пра гэта прыдворнаму ўрачу. Той адразу ўбачыў, што лякарства выпісана не на аднаго чалавека, а на дваццаць адразу, і не толькі для лячэння вачэй. Учынак зноў абмяркоўвалі, і Анна Іванаўна выклікала да сябе лекарку.

Царыца была ласкаваю. Як і райей, яна называла лекарку «спадарыня доктарка» і пацікавілася, ці сапраўды так ужо патрэбныя ёй гэтыя лекі. Як на споведзі, расказала Саламея, што галоўны доктар пры двары зайздросціць яе ўменню, таму забараняе лячыць і купляць лякарствы ў аптэцы, і яна мусіла пайсці на хітрыкі. Шчырасць лекаркі спадабалася імператрыцы. 3 таго часу Саламея брала ў аптэцы усе тыя лекі, якія ёй былі патрэбныя, і лячыла тых, каго хацела.

Русецкая хутка асвоілася ў сталіцы не толькі таму, што ўмела лячыць. Ей, ураджэнцы вялікага княства Літоўскага, была добра зразумелаю і руская мова. Неўзабаве яна ўжо дамаглася таго, каб сустракацца з турэцкімі палоннымі пашамі Ях'ёй і Калчаком. Саламея расказвала Анне Іванаўне пра жыццёвы лад у Турцыі, пра звычаі народа.

Пры царскім двары служыла сталага веку жанчына Аўдоцця Міхайлаўна. Сорак гадоў жыла яна ў Стамбуле ў няволі і была выкуплена адтуль паслом Вешняковым. Імператрыца яшчэ раней распытвала Аўдоццю Міхайлаўну пра турэцкія звычаі. Жанчына сцвярджала, быццам у няволі яе катавалі распаленымі жалезнымі абцугамі і клалі ёй у абутак гарачае вуголле.

Ведаючы такое, імператрыца папракнула Саламею: «Якая ты падманшчыца, Саламаніда Яфімаўна! Ты кажаш, што твае туркі людзі добрыя, а паглядзі, якія яны ворагі, як бедную Міхайлаўну пакалечылі». Лекарка адказала, што Міхайлаўна гаворыць няпраўду: «Няхай пакажа знакі на сваім целе, дзе яе палілі. Вось у мяне палец у дзяцінстве нажом парэзаны, а след застаўся. I ў цябе, Міхайлаўна, павінны быць сляды на целе. А можа ты сама была, выбачай мне, злодзейка або якая нягодніца, тады цябе і хрысціяне мучылі б, не тое што туркі. Я, дзякуй богу, прыехала ў Турцыю ў маладосці, чатырнаццаць гадоў было, з мужам сваім. Але ў мяне ніводны турак нічога не ўкраў і не біў мяне, не абражаў, бо я заўсёды пазбягала кепскай кампаніі. Прытым калі турак купіць каня або карову, ці што падобнае да гэтага, то ён іх корміць, клапоціца пра іх, а за нявольніцу ж трэба таксама заплаціць, і ён што ж, будзе падсмальваць ёй ногі, калечыць? Такога ніколі не можа быць!»

вернуться

26

Катаракта (ад грэч. καταρράκτης — вадаспад) — памутненне крышталіка вока, якое выклікае аслабленне і страту зроку.

вернуться

27

Размяшчалася яна ў цяперашнім Аптэкарскім завулку на рагу Мільённай вуліцы.