Выбрать главу

— З кім ты гаворыш?

— Не ведаю, напэўна, нехта памыліўся нумарам. Голас яе таксама аддаліўся, і пасля гэтых слоў у трубцы пачуліся кароткія гудкі.

— Ты што, праўда з Танечкай гаварыў? — недаверліва спытаў Валік. — Афігець. Прыкінь, што было б, калі б яна пазнала твой голас.

Але цяпер, калі ў трубцы чуліся кароткія гудкі, яму раптам так захацелася, каб яна ведала, што гэта ён ёй званіў…

Ён не мог дачакацца яе ўрока. Ён прагна лавіў яе позірк, каб прачытаць у ім хоць маленькі намёк на тое, што яна здагадалася, хто гаварыў з ёй па тэлефоне. Але ў яе позірку чыталася толькі ранейшая гордая абыякавасць.

Ён сядзеў на перадапошняй парце, за яго спінай паміж радамі на перапынку Танечка прынесла і паставіла дыяпраектар. У другой палавіне ўрока яна сказала, што яны будуць глядзець дыяфільм па новай тэме: «Будова сэрца». На класную дошку павесілі белы цыратовы экран, вокны завесілі чорнымі шторамі. Святло дыяпраектара рынулася на экран. Праз шчыліны для цыркуляцыі паветра яно біла ва ўсе бакі, блішчэла маленькімі лужынкамі на бліжэйшых партах. Танечка нягучна каменціравала малюнкі дыяфільма, і голас яе быў вельмі падобны на той, у тэлефоннай трубцы. Яму было цяжка яго слухаць, цяжка было вытрымліваць побач з сабой у прыцемку яе блізкую прысутнасць, калі кожны рух яе суправаджаўся шамаценнем залацістай крэпавай сукенкі.

Не зусім усведамляючы, што робіць, ён аўтаручкай вялікімі лічбамі напісаў на левай далоні нумар яе хатняга тэлефона і паклаў руку даланёй угору ў лужынку святла на сваёй парце. Ён не мог бачыць, ці звярнула Танечка ўвагу на яго далонь, ён спрабаваў зразумець гэта па яе голасе, але голас па-ранейшаму быў роўны і спакойны.

— Пранцук, расхіні шторы, — сказала Танечка, як толькі закончыўся прагляд дыяфільма, а праходзячы міма яго, дадала такім жа загадным тонам: — А табе, Васілевіч, раю памыць рукі, усё-ткі ты вучышся ў восьмым класе, трэба ўжо ўмець сачыць за сабой.

5

Дома, у бацькоўскай хаце, мне не сядзелася. Я ўсё думаў пра Танечку, разумеючы, што не супакоюся, пакуль не буду ведаць прычыну яе нянавісці да мяне.

Пад вечар я пайшоў у суседнюю вёску, куды некалі хадзіў у школу. Неўзабаве пасля таго, як школу пабудавалі (вялікую, у тры паверхі), побач з ёй вырас шматкватэрны дом для настаўнікаў. Не забыліся і пра хлеўчукі ды месца для агародчыкаў. Праходзячы міма, мы, школьнікі, часта бачылі сваіх настаўнікаў у рабочым адзенні, то з вядром у руках, калі ішлі карміць сваю жыўнасць, то з матыкай ці лапатай, калі корпаліся на сваім агародчыку. Не думаю, што толькі ў маёй свядомасці гэтая карціна разбурала вобраз настаўніка, у якім было больш узвышанага, чым зямнога. Хто ведае, можа і маё каханне да Танечкі не было б на мяжы вар’яцтва, калі б я часта бачыў яе не толькі ў школе — у прыгожым, модным адзенні, але і каля гэтага настаўніцкага дома — у гумовых ботах, старой спадніцы, у хустцы, завязанай вузлом на патыліцы. Але Танечка была не такая, як астатнія мае настаўнікі: жыла ў горадзе, адкуль да школы трэба было дабірацца на прыгарадным аўтобусе, а пасля з кіламетр ісці пешшу, якраз паўз нашу вёску, і не мела сваёй гаспадаркі.

Я націснуў кнопку званка крайняй кватэры. Тут жыла мая школьная дырэктарка, мілая, бяскрыўдная Вольга Міхайлаўна Максімчык. Цяпер яна ўжо была на пенсіі, што рабіла мой візіт да яе не такім бесцырымонным. Па-першае, вечарам ёй не трэба было рыхтавацца да школы, а па-другое, выходзячы на пенсію, людзі пачынаюць жыць больш мінулым, чым цяперашнім, а якраз мінулае ў гэтым доме я і шукаў.

Яна сустрэла мяне з гасціннасцю адзінокага чалавека, паставіўшы на пліту чайнік, нават не спытаўшы, ці буду я піць чай. Муж яе некалькі гадоў як памёр, дзеці, двое сыноў, з’ехалі: адзін — у Мінск, другі — у Віцебск. Зрэдку яны наведвалі яе, што ў выніку толькі абвастрала пачуццё адзіноты.

— Цябе не пазнаць, — сказала яна, а я ўспомніў, што ўчора нехта гаварыў мне якраз адваротнае. І пэўна, што кожны з іх меў рацыю. Але ў адказ я не мог сказаць ёй пра яе самую ні тое, ні другое, таму што і тое, і другое было б няпраўдай, і яна гэта ведала.

Таму я сказаў:

— У вас тут так прыгожа — нібы ў гарадской кватэры.

— На жаль, гэта гаворыць толькі пра тое, што цяпер у мяне шмат лішняга часу. А час не павінен быць лішнім — ён робіць жыццё бессэнсоўным. Ну, а як ты жывеш? Пішаш?

— Пішу. Вось збіраюся напісаць невялікую аўтабіяграфічную аповесць пра школу.

— О, мы тут усе з задавальненнем яе пачытаем.