Выбрать главу

— Мне трэба грошы, — сказаў ён.

— Ах, як не ў час, Барыс! — даўжнік апусціўся на пуф, абхапіў галаву рукамі і аж застагнаў. — Дзе ж набрацца тых грошай?! Усё кепска, усё развальваецца.

Крушынскі акінуў вокам гасціную. Не падобна было, каб так усё кепска, каб так усё развальвалася. Нават памерамі сваімі гасцёўня не намнога саступала пляцоўцы ў кар'еры, дзе хлопчыкі гулялі ў хакей. Па цэнтры знаходзілася лесвіца, якая вяла наверх — кватэра была дзвюхпавярховая.

— Так што прабач — зусім не ў час ты… Пазней як-небудзь, — цягнуў сваю песню даўжнік.

— Канчай хныкаць, — груба перапыніў яго Крушынскі.

Усё гэта было яму задужа знаёма. Як толькі справа пачынала тычыцца вяртання пазыкі, так ва ўсіх без выключэння яго даўжнікоў аказвалася кепска. Усё ў іх развальвалася. Гэта ён, калі сам круціўся ў падобных сферах, мог не шкадаваць грошай, любіў раскідвацца імі направа і налева, пазычаў усім без разбору. Яму тады і ў галаву не магло прыйсці, як цяжка, амаль немагчыма потым будзе гэтыя грошы вярнуць. Усе як адзін даўжнікі, хаваючы вочы, уздыхалі, хітрылі, вілялі, скардзіліся, якія чорныя насталі для іх гадзіны, якія яны цяпер бедныя. Спачатку Крушынскі нават верыў гэтаму. А калі і не верыў, бачыў, што яго падманваюць, дык часта ў яго проста не хапала духу настаяць на сваім: прыгразіць, стукнуць па стале кулаком. Канечне, даўжнікі, ведаючы яго характар, як маглі карысталіся гэтым. Калі ж ён перабраўся ў леснічоўку, дык проста плюнуў на даўгі. Грашовае пытанне знікла само сабою. Невялічкіх зберажэнняў хапала яму, яшчэ і на Барса заставалася.

Але цяпер яму раптам стала крыўдна. Момант быў зусім іншы. Цяпер яму пазарэз трэба былі грошы — не для сябе.

— Ну, няма, хоць ты тут…

Нічога не кажучы, Крушынскі ступіў да яго. Даўжнік, які па-ранейшаму сядзеў на пуфіку, зрабіўся белы. Дужай рукой Крушынскі згроб яму на грудзях майку.

— Калі ты мне абяцаў аддаць? Праз два тыдні? А прайшло колькі? Два гады! Але я і цяпер бы цябе не чапаў — мне асабіста грошы больш не патрэбны. Яны трэба іншаму чалавеку!

Крушынскі адштурхнуў даўжніка, той ледзь не зваліўся з пуфіка. Жаласліва паглядаў на Крушынскага знізу ўверх, паціраючы шыю.

Крушынскі змякчыўся.

— Добра, тады давай так, — ён выцягнуў з кішэні нейкую брудную пакамечаную паперку. — Вось твая распіска. Тут чорным па белым, тваёй рукою ўказана, што ты вінен мне пяцьсот. Правільна? Аддай мне палову — і гэтая паперка твая. Дзвесці пяцьдзесят спісваю. Толькі цяпер, вось зараз жа аддай.

— Няма, — адварочваючыся, прашаптаў даўжнік. — Можаш забіць, задушыць мяне тут — няма ні капейкі, ні цэнта!

— Дзе тэлефон?

— Там, — кіўнуў галавою ўглыб гасцінай даўжнік. — Куды ты? Выцеры чаравікі, гразі нанясеш.

Крушынскі, не звяртаючы на яго плаксівае канючанне ўвагі, пайшоў, куды было паказана. Трубка-тэлефон ляжала на часопісным століку.

— Колькі слядоў нарабіў…

На самым версе лесвіцы, відаць, устрывожаная шумам, захінаючыся ў халат, паказалася маладая жанчына. Убачыла чужога і застыла на месцы. А за ёй выглянуў і хлапчук гадоў дзесяці. Ён кулачкамі праціраў заспаныя вочы і ціснуўся да матулі.

Крушынскі больш чым трэба затрымаўся на ім паглядам.

Пакуль ён набіраў нумар, каля ног і сапраўды нацякла лужына. Даўжнік з анучкаю поўзаў на карачках і падціраў яе. Такая спакуса была даць яму носца пад зад! — але Крушынскага стрымліваў, як ні дзіўна, выгляд гэтых жанчыны з хлопчыкам. Абое былі яны нейкія затраўленыя і спалоханыя. Крушынскі раптам падумаў, што не цукар жыццё ім сярод гэтай раскошы.

— Прывітанне. Гэта я, — сказаў ён, калі слухаўку на тым канцы нарэшце паднялі.

— Хто я? — спытаў нічуць не зменены сябраў голас.

— Крушынскі. Мне тэрмінова трэба грошы. Сябар памаўчаў, падыхаў у трубку.

— Многа?

— Сама мала трыста даляраў.

— Так, трыста даляраў… У мяне няма, але… Дзе ты цяпер знаходзішся?

— Тут, у аднаго, — грэбліва зірнуў уніз Крушынскі. — У Чыжоўцы.

— На машыне?

— Так.

— Я ведаю, дзе дастаць. Пакуль пад'едзеш, усё будзе гатова.

— Дзякую.

Крушынскі кінуў на столік трубку і, ні на кога не гледзячы, ні з кім не развітваючыся, цяжка патэпаў да выхаду. Даўжнік з мокрай анучаю ў руцэ пабег следам.

У дзвярах Крушынскі спыніўся. Выцягнуў распіску, скамечыў і кінуў даўжніку пад ногі.

— На. За тое, што слядоў нарабіў. Паркет перасцелеш.

Прыпаўшы носам да экрана, даўжнік назіраў за Крушынскім да таго часу, пакуль не пад'ехаў ліфт і Крушынскі не знік у ім. Тады павярнуўся і толькі цяпер убачыў на лесвіцы жонку з сынам.

— А вы што тут не бачылі?! — гаркнуў, як бы помсцячы за тое прыніжэнне, якому яны былі сведкамі.

— Пакладзі яго спаць, і прынясі сухую анучу! Бадзяюцца тут валацугі розныя. Гэты паркет ведаеш колькі каштуе? Адна шашка столькі, колькі табе і за месяц не зарабіць!

Жонка заплакала. Даўжнік падняў распіску і, не чытаючы, хуценька разарваў яе на дробныя кавалачкі.

Раздзел VIII

Стары сябар. — Крушынскі дастае грошы. — Дзе знайсці доктара? — Сябрава забыўчывасць, якая неўзабавае ледзь не абрынецца на Крушынскага бядою.

Стась запытальна паглядзеў на Крушынскага.

— Трэба заехаць яшчэ ў адно месца, — абыякава прамовіў той, ямчэй усаджваючыся на пярэднім сядзенні.

— Так я і ведаў! Ды за каго вы мяне прымаеце! — ад абурэння Стась аж перайшоў на «вы».

Крушынскі моўчкі вылез з машыны. Перад тым, як ляпнуць за сабою дзверцамі, сказаў, чаканячы кожнае слова:

— З-за тваіх дурных выбрыкаў цяпер памірае чалавек. Трынаццацігадовая дзяўчынка.

І пайшоў, не азіраючыся, рукі ў кішэнях, па тратуары. На самым павароце, дзе вулічка выходзіла на бульвар, машына дагнала яго.

— Барыс! Ідзі сядай.

Голас у Стася быў зусім спакойны. Мабыць, на ўсё махнуў чалавек рукою, з усім прымірыўся. Будзь як будзе!

Усё гэтак жа моўчкі Крушынскі сеў у «масквіч».

— Куды цяпер?

— На Адоеўскага.

— Зразумела… Што, з гэтым нічога не атрымалася? — спагадліва запытаў Стась.

— Нічога. Гэта былы мой камандзір, — неахвотна патлумачыў Крушынскі. — Служылі разам у Афгане. Калі б хто тады сказаў, што ён ператворыцца ў такога. — не дагаварыў, адно рукою махнуў.

— Бываюць, — пагадзіўся Стась. — Дык што: так-такі зусім нічога не даў?

— Не ён мне, а я яму. Падараваў распіску на пяцьсот даляраў.

— Як… так?!

— Кінуў яму пад ногі. Стась толькі прысвіснуў:

— Бываюць жа людзі! — невядома каго маючы на ўвазе — Крушынскага з яго шчодрасцю, ці сквапнасць былога яго баявога камандзіра.

Па дарозе да вуліцы Адоеўскага Стась яшчэ спытаў:

— А гэтая хворая дзяўчынка дзе? Не ў Мінску?

— Не, не ў Мінску, — коратка адказаў Крушынскі.

Далей абодва маўчалі.

Дом на Адоеўскага аказаўся звычайнай маласямейкай. Не было тут, канечне, ні дамафонаў, ні відэафонаў; дзверы ў пад'езд ледзь целяпаліся на пакрыўленых, разбітых завесках. Затое ў «холе», у фанернай кабіне тырчэла абвязаная хусткай вахцёрка.

— Да каго?!

— Да сябра, — адказаў Крушынскі.

— Дакументы!

Замест адказу ён усунуў у вакенца «шпакоўні» сваю барадатую галаву. Паклаў далонь на расчынены журнал, закрыўшы ёю ледзьве не ўсю старонку.

— Я спяшаюся, — сказаў ён ціха, нават ветліва. — Да таго я ж я злы. Чапаць мяне не раю. Усё зразумела?

Яшчэ і як зразумела! Да паўсмерці зляканай бабцы засталося толькі вачыма правесці гэтага страшнага кашлатага грамілу. Добра яна ведала з уласнага вопыту, чаго ад такіх можна чакаць.

Ліфт, канечне, не працаваў. Крушынскі пехатою падняўся на сёмы паверх. Доўгім вузкім калідорам пайшоў у канец яго, да кутняга пакоя. Дзверы ў пакой былі насцеж.