Выбрать главу

— Цікава… Ну, і што з гэтага?

— А тое. Цэлы бок касеты, якая была ў магнітафоне, аказаўся, канечне, сцёртым. Калі ж я чыста машынальна перагнаў істужку на пачатак і запусціў па-новаму. Касета была не пустая! Магнітафон запісаў трызненні «афганца»! Ты, Ігар, можа, не ведаеш (зрэшты, не дай Бог і ведаць такое!), што многія хворыя падчас аперацыі, ці пасля, адыходзячы ад наркозу, могуць падоўгу, чыстым голасам і цалкам лагічна распавядаць аб рэальных падзеях свайго жыцця. Такая атрымоўваецца міжвольная споведзь. Гэтым, дарэчы, здаўна карыстаюцца розныя спецслужбы.

— Ну-ну! — усё больш зацікаўліваўся зяць. — І што ж такога нагаварыў «афганец»?

— Ды ў тым і справа, што не помню! Праслухаў — і ўсё. Толькі падумаў яшчэ, помню, што варта зберагчы касету; прыеду ў Мінск і падарую яе сябру-псіхолагу. Яны такімі рэчамі цікавяцца. Забыў, канечне! Запрапала недзе касета, ды і псіхолаг мой, стары сябра, даўным-даўно ўжо недзе за мяжою.

— Не адхіляйцеся ад тэмы, — перапыніў гэты настальгічны экскурс зяць. — Дык што ж там усё-ткі было, на касеце? Няўжо зусім нічога не помніце?

— Чаму, сёе-тое помню… Пару-тройку слоў, што часцей паўтараліся.

— І якія словы?

Доктар задраў галаву, успамінаючы.

— Так. Шкатулка… Каштоўныя камяні… Груз двесце. Але галоўнае — сяло Вялікая Паляна! Гэтае гучала разы чатыры! Чаму я запомніў, чаму мне і ўелася ў памяць — бо Падмаскоўе ж, Тула не так далёка, а там Ясная Паляна. Дзе Талстой пахаваны, — патлумачыў цесць зяцю. — Нас туды на экскурсію вазілі.

— Пры чым тут Талстой?

— Ну, так, проста… Падобнае гучанне: Вялікая Паляна — Ясная Паляна.

Зяць быў яўна расчараваны.

— Нямнога ж вы запомнілі. Сапраўды, гісторыя цікавая. І не больш. Ды і то — цікавая хіба што толькі для вашага былога сябра-псіхіятра.

— Псіхолага, — паправіў доктар.

— Ну, псіхолага. А як для людзей звычайных, такіх, напрыклад, як мы з вамі. Не разумею, што тут да чаго можна прышпіліць?

— Да таго, — урачыста сказаў доктар, — што я сёння быў паблізу Вялікай Паляны! А барадач — ніхто іншы, як той самы сержанцік, які сябраваў з нябожчыкам-«афганцам»! З якім яны вечарамі шушукаліся!..

— Вось я-а-ак, — працягнуў зяць.

— Вось так! Хіба не дзіўны гэты збег? Чаму малады, здаровы, заслужаны чалавек раптам ні з таго ні з сяго адгадоўвае бараду і зашываецца ў глушэчу? Ды не абы-куды, а ў тое самае месца, якім трызніў чалавек перад смерцю? Згадваў гэтую Вялікую Паляну, як заклінанне!

— Сапраўды… У гэтым нешта ёсць… А можа яшчэ што ўспомніце? — з надзеяй спытаў зяць.

— Нічога больш. Хоць забі! Вось каб цяпер паслухаць.

Зяць Ігар раптам з разяўленым ротам уставіўся на цесця.

— Пачакайце! Калі мы сюды перабіраліся… У каморы стаіць скрынка з-пад тэлевізара, можа, там засталося.

— Магнітафон?

— Ды які магнітафон!.. «Вясну» вашую даўно малы малатком пабіў, і выкінулі на сметнік! Касеты могуць быць! Клянуся, што я іх бачыў недзе. Па-ча-кай-це!

Зяць выбег з кухні. Цесць задумліва жаваў катлету.

Праз нейкі час Ігар вярнуўся.

— Пуста, няма ў скрынцы. Але я пабажыцца гатовы, што.

— Ёсць прымаўка: нават самую непатрэбную рэч захоўвай тры гады. Толькі тады можна выкідваць, — уставіў доктар. Ён з задавальненнем назіраў за зяцевай мітуснёю. Прыемна было, што ягоная даўняя гісторыя так узбудзіла Ігара.

— Дык жа не тры, а пятнаццаць гадоў прайшло!

Усё ж штосьці не давала зяцю супакою. Адклаў відэлец, ізноў усхапіўся. Падсунуў табурэтку да антрэсоляў:

— Падайце газету, калі ласка. Вунь, на падаконніку.

Падаслаў газету на табурэт, узабраўся на яго, тоўсценькі і нізенькі, расчыніў дзверцы антрэсоляў. Паваліліся, зазвінелі парожнія бутэлькі.

— Ёсць! — усклікнуў зяць. — Я ж казаў? Казаў жа? Вось яны!

Ён працягнуў цесцю скрынку з-пад абутку. Сам саскочыў, разаслаў на падлозе газету. Высыпаў ўсё са скрынкі.

Нейкі час зяць з цесцем моўчкі глядзелі на груду бліскучай, у клубкі зблытанай істужкі.

— Чорт, здаецца, ніводнай цэлай! — сказаў

Ігар.

Доктар, крэкнуўшы ад болю ў паясніцы, нагнуўся; абодва пачалі ў чатыры рукі шнырыць у кучы. Доктар адшукаў кавалак пластыку, на якім можна было прачытаць «.ясна» — «Вясна». Вочы яго затуманіліся. Відаць, гэтыя старыя, некалі любімыя рэчы нагадалі цяпер яму вясну яго жыцця.

Затое зяцю было не да настальгіі. Варушыў, калупаўся ў гэтым ворасе — з настырнасцю механіка, што шукае сярод рознага металічнага друзу вельмі патрэбны шурупчык ці гайку. Марна!

Падняліся.

— Як жа вы так не збераглі? — ізноў упікнуў цесця зяць.

— Вось так і не збярог… Ігар паглядзеў на гадзіннік.

— Ну што, збірайцеся памалу. Хутка нашая з'явіцца. А я прыбяру тут…

І праўда, позна ўжо было.

Развіталіся. Доктар паехаў дамоў, у сваю пустую, такую ж, як сам адзінокую хату.

Гадзін у дванаццаць ночы яго разбудзіў тэлефонны званок.

— Усё ў парадку! — пачуўся ў трубцы ўзбуджаны зяцеў голас. — Я знайшоў кавалак плёнкі з голасам «афганца»! У вашай Вялікай Паляне схаваны каштоўнасці!..

Раздзел XIV

Высачылі! — Версія Валіка. — Планы Крушынскага. — Арыгінальны спосаб палявання на курапатак. — Крушынскі прызнаецца ў тым, што ён злачынец. — Недавер Вікі. — Цені за вакном.

Дні тры нашы хлопцы, Цім з Валікам, сачылі за таямнічай лясной хаткаю. Станавіліся пасля ўрокаў на лыжы — і ў лес. Проста катаюцца людзі — што, ужо і пакатацца нельга ў сваім родным лесе? Падгадвалі час, калі Крушынскі быў на паляванні. Падбіраліся да самай хаткі.

Сапраўды, дзіцячыя сляды вакол яе на снезе! Замка няма на дзвярах, а гаспадар жа ў адлучцы! Зазіралі ў вакенца, але яно было закрыта фіранкаю.

І тым не менш многа чаго хлопцам ўдалося дасягнуць. Напрыклад, яны пасябравалі з Барсам. Ён пазнаваў іх і, пачуўшы свіст, нёсся да іх стрымгалоў, ведаючы, што перападзе яму пачастунак.

Увечары трэцяга дня Цім з Валікам нарэшце атрымалі самае надзейнае пацверджанне, што леснічоўка не пустуе і ў адсутнасць барадача. Фіранка была адкрыта! Калі ж яны, азіраючыся па баках, асцярожненька наблізіліся, у вакне з'явілася дзіцячая рука і фіранку зашморгнула!

— Ну, што? — не ўнімаўся Цім, калі хлопцы ехалі з лесу ў вёску. — А ты не верыў!

— Ну, не верыў… Цяпер веру. Сапраўды, штосьці тут загадкавае, нячыстае, — вымушаны быў пагадзіцца Валік. — Вось толькі чаму барадач не замыкае дзверы? Чаму гэты ягоны кватарант сам хаваецца ад людзей?

Але не так проста Ціма збіць з тропу. Самыя неверагодныя здагадкі так і пёрлі з яго.

— Як ты не разумееш? Яны з барадачом заадно! З аднае кампаніі. Адседжваюцца пасля якога-небудзь злачынства. Цяпер ведаеш колькі такіх выпадкаў, калі дарослыя ўцягваюць у свае банды дзяцей? Менш падазрэнняў!

— Не, — рашуча сказаў Валік. — Лухта гэта ўсё. Я думаю, што ні барадач, ні яго госць ніякія не злачынцы.

— Аднак жа не проста так ён жыве тут, і па лесе цягаецца! Усё як бы шукае нешта.

— Можа, ён — агент спецслужбаў? Які выконвае тут важнае заданне?

Цім, якому абы прастор для фантазіяў, ахвотна пагадзіўся.

— Магчыма! Тут жа была некалі ракетная ваенная база; можа, цяпер хочуць яе аднавіць, вось ён і выбірае прыгоднае месца.

Крушынскі таксама бачыў сляды лыж і чаравікаў каля хаткі. Гэта ўстрывожыла яго. Асабліва тое, што цікавяцца ім не дарослыя, а падлеткі. З дарослым можна пагаварыць, даросламу можна растлумачыць, а ад гэтых ніколі не ведаеш, чаго чакаць.