Выбрать главу

З Вікай яны дамовіліся так: яна нібыта яго пляменніца. Прыехала з Гомеля да яго ў госці. Чаму не ў школе вучэбнай парою? — вось з гэтым узніклі цяжкасці.

Абое доўга выдумлялі прычыну, чаму Віка не вучыцца.

— Казаць, што ты хворая? — гадаў Крушынскі. — Узяла даведку ў паліклініцы?

Віка, падумаўшы, адмоўна хіснула галавой. Валасы ў яе прыкметна адраслі нават за гэты кароткі час; яна пахарашэла, паздаравела і ўжо наўрад ці можна было б зблытаць яе з хлопчыкам.

— Так доўга не хварэюць, — сказала яна. — Даведку дні на тры могуць даць. Ну, на тыдзень. Але ж не настолькі.

— Тады што?

— Скажам, што я выдатніца. І вучуся па індывідуальным раскладзе. Нібыта мне давзолена свабоднае наведванне ўрокаў. Бо настаўнікі ведаюць, што ў канцы года я і так здам усё на «выдатна».

Крушынскі здзівіўся:

— Ну, ад сціпласці ты, я гляджу, не памрэш. Пачакай, а што, хіба цяпер у школе здаюць кожны год іспыты?

— У школах не, а ў гімназіях здаюць. Пачынаючы з пятага класа. А я нібыта вучуся ў гімназіі.

На тым і пагадзіліся. Хоць уся гэтая версія была, канечне, шыта белымі ніткамі.

План далейшых дзеянняў Крушынскага быў наступны (ён падзяліўся ім з Вікаю ў той дзень, калі яны вярнуліся з Мінска і дзяўчынка, шчаслівая, прымярала першыя ў жыцці абноўкі). Віка пакуль што будзе жыць у леснічоўцы. Раз ужо лёс звёў іх, раз ужо Крушынскі ўратаваў яе, дык павінен давесці справу да канца — тым ці іншым чынам дзе-небудзь уладкаваць дзяўчынку.

— … Збыць цябе з рук, — вырвалася ў яго неабдумана.

Паводзіць сябе яна павінна як мага больш скрытна. Будзе старацца не трапляць на чужыя вочы. Сам Крушынскі тым часам пашле ў Сімферопаль пісьмовы запыт: ці пражывае там такая й такая, і па якім адрасе? Пісьмо будзе заказное. Акрамя таго, у асобнай прыпісцы ён укажа, што калі за гэтыя паслугі трэба плаціць, ён заплаціць далярамі. З такой прыпіскаю, на яго думку, сімферопальскія чыноўнікі хутчэй будуць варушыцца.

Гэта быў найлепшы варыянт. І Віку ён задавальняў цалкам. Сама не магла ж яна паслаць у Сімферопаль пісьмо. Па-першае, у яе не было месца, куды мог бы прыйсці адказ, а па-другое, яна проста не ведала, як гэта робіцца.

— Сімферопаль — адзіная наша зачэпка, — уголас разважаў Крушынскі. — Нават калі не дачакаемся адказу — давядзецца ехаць туды. Паходзім, папытаем у людзей — хоць нехта ды будзе тую тваю цётку ведаць. Але паездка магчымая толькі вясною ці летам. Грошы, зноў-такі ў іх усё ўпіраецца!.. Але я дастану. Мне вінаватыя многа, калі я яшчэ бізнесам займаўся…

Гэтыя яго словы ўразілі Віку больш, чым што.

— Ты быў бізнесменам?! Самым сапраўдным? Такім, якія ў дарагіх машынах ездзяць?

— Быў, — неахвотна прызнаўся Крушынскі. — Самым сапраўдным, як у фільмах па тэлевізары паказваюць. У малінавым пінжаку, з сотавым тэлефонам у нагруднай кішэні і з растапыранымі пальцамі. Аднак канчаем гэтую тэму. Дамовіліся? Віка кіўнула.

— Грошы я дастану. Любым чынам. На крайні выпадак у мяне яшчэ ёсць варыянт, самы надзейны. Так што вышэй нос! Не сумуй. сынок! — пажартаваў Крушынскі. — Усё павінна атрымацца.

А яна і не сумавала. Яна ўжо бачыла, што прапасці ёй гэты чалавек не дасць. Яна і не ведала, што такія людзі на свеце бываюць. Ёй было добра тут. І які ён дужы, разумны. добры! І загадкавы. Быў сапраўдным бізнесменам, а жыве чамусьці тут, у глушэчы. адзін. Мае нейкія дакументы, ад якіх міліцыянеры выцягваюцца перад ім «смірна». Яму вінаватыя грошы, а ён не спаганяе іх. Суцэльныя тайны!

Так яны і пачалі жыць, дзіўны барадаты Крушынскі і прыблудная дзяўчынка.

Расклад іхніх дзён быў даволі аднастайны. Віка спала на тапчане, Крушынскі — на падлозе ля печы. Падымаўся ён рана. Ціха ступаючы па хатцы, дзе кожная рэч была пад рукою, гатаваў сняданак. Затым — а дзяўчынка яшчэ спала — сыходзіў з сабакам у лес.

Яму шэнціла. Рэдкі быў дзень, калі ён вяртаўся без здабычы. Прыносіў зайцаў, а часцей — курапатак, якіх налаўчыўся здабываць нават без стрэльбы, і блізка каля хаткі, у бярэзніку, дзе птушкі начавалі. Для гэтага трэба была бутэлька з-пад шампанскага. Крушынскі наліваў у яе кіпню і рабіў у снезе пад бярозамі дзіркі, штук пяць, пакуль не астывала вада. Курапаткі лезлі ў гэтыя дзіркі, як куры на седала. За ноч дзіркі зацягвала тонкім лядком і хоць, канечне, трэба быў пэўны спрыт, каб ухапіць птушку — часта яны целам прабівалі лёд і ўзляталі, усё ж адна-дзве перападала і Крушыскаму.

Гэтую сваю ўдачлівасць ён звязваў з Вікаю. У яго мільгала містычная думка, што гэта яму знак «зверху» — як узнагарода, як падзяка ад нейкіх сілаў за тое, што ўратаваў чалавека і цяпер апякуецца над ім.

Яму нават удалося-такі ўпаляваць старога ліса. Мо з тыдзень, пакуль сохла расцягнутая на папярочках скурка, у леснічоўцы стаяў такі «пах», што Віка кашляла і дэмастратыўна заціскала нос. Але вось скурка падсохла. Вечары два Крушынскі сядзеў над ёю, дубячы; далоні ў яго зрабіліся сінімі, як вымазаныя ў атрамант. Нарэшце каўнер быў гатовы.

Крушынскі накінуў яго дзяўчынцы на плечы. Адступіўся:

— Дык ты, аказваецца, красуня!

— Праўда? — яна заірдзелася. — Як шкада, што люстэрка вялікага няма!..

Разы два Крушынскі ездзіў у горад па нейкіх сваіх справах. Вяртаўся невясёлы. Відаць, не так лёгка, як яму здавалася, было выбіваць пазыкі.

Добра было вечарамі. Лес кругом. Цемра. Шумяць хвоі. На стале лямпа, да святла якой хутка прывыкла Віка. Барс у сваім цёплым кутку бурчыць у сне. Ідылія сям'і, утульнасці, нават дастатку!..

Абое любілі маўчаць такімі вечарамі. Крушынскі курыў перад грубкай. Віка, закутаўшыся ў коўдру, сядзела на тапчане, пазірала на яго і думала аб ім. Колькі ўжо разоў яна спрабавала разгаварыць яго — марна!

— На ўсё свой час, — суха адсякаў Крушынскі. Цікавасць распірала дзяўчынку. Хто ён урэшце? Што за дакументы паказваў тады міліцыянеру на вакзале? Пакуль Крушынскі быў у адлучках, яна абшукала кожны куточак у хаце. У каморы, «у шафе» пад бялізнаю. Нічога! Канечне, Крушынскі заўсёды трымаў гэтыя важныя дакументы пры сабе.

— Ведаеш, — прамовіў ён адным з такіх вечароў, седзячы перад грубкаю, — ведаеш, Віка, як я многа думаю апошнім часам… Пра цябе. Пра сябе. Я столькі паспеў у жыцці нарабіць памылак, столькі награшыў, што цяпер думаю — ці не сам Бог цябе прыслаў? Збавеннем мне…

— Якіх гэта грахоў ты паспеў нарабіць? — спытала яна з недаверам. — Таксама мне — злачынец! — яна гмыкнула чыста па-жаночы. — Крушынскі, я даўно табе хацела сказаць. Згалі ты гэтую бараду! Не пасуе яна табе! Сапраўды, можна падумаць, што злачынца якісьці.

Ён, не адказваючы, перавёў размову на другое.

— Віка, вось што б ты рабіла зараз, калі б, напрыклад, даведалася, што я забіваў на вайне людзей? Альбо што я сядзеў у турме? Ці што я здзейсніў злачынства, аб якім ніхто пакуль не ведае? Што б ты рабіла? Па-ранейшаму жыла б тут, ці збегла б даўно куды вочы глядзяць? — ці ўсур'ёз, ці то жартам дапытваўся Крушынскі.

— Я ведаю, ты маніш. Нічога гэтага, ніякіх злачынстваў ты нарабіць не мог. Проста табе захацелася чамусьці папалохаць мяне — нібы я дзіця малое.

У гэты момант ускінуўся на сваёй ляжанцы Барс. Выбег на сярэдзіну хаты і забурчэў на вакно. За вакном мільгануліся дзве цені.

Крушынскі, у чым быў, не апранаючыся, выскачыў на двор. Сабака за ім. Аднак «сачыльшчыкаў» ўжо і след прастыў.

Здзівілі Крушынскага паводзіны Барса. Ён не гаўкаў, і не кінуўся за чужакамі ўпагоню — хоць бы крышку, для адводу вачэй. Ён паводзіўся сябе так, як бы гэтыя людзі былі знаёмыя яму.

Крушынскі вярнуўся ў хатку. Яго трэсла ад холаду і ад злосці. Усё, з гэтым сачэннем ён пакончыць! Заўтра ж!

— Хто там? — спытала Віка.

— Ніхто. Сойкі на падваконне прылятаюць… Не бойся!

— А я і не баюся. У цябе ёсць такія паперы, што нас ніхто не зможа зачапіць.

— Адкуль ты ведаеш?

— Ты ж пры мне міліцыянеру паказваў, каля вакзала!

— Запомніла? Вось іменна: міліцыянеру, — прамармытаў Крушынскі. — На якога-небудзь сержанціка ці на старшыну гэтыя «важныя паперы» яшчэ могуць падзейнічаць. І не больш. Усё, Віка. Давай спаць. Заўтра ты будзеш адна цэлы дзень. Зварыш бульбы, сала падсмажыш.