— А можа, цяпер сходзім у леснічоўку? — прапанаваў Валік, скоса зіркнуўшы на сябра: здагадаўся той ужо, ці не?
Не прызнавацца ж яму было, што на яго падзейнічала ўся гэтая «афганская» гісторыя з зусім іншага боку, чым на Ціма. Не так яго зацікавілі міфічная шкатулка з каштоўнасцямі і яшчэ больш міфічны Васіль, як рэчы больш празаічныя. Валіка ўразіла судакрананне да чужога жыцця. Гэты лес, заснежаная ўтульная хатка, дзе няма ні святла, ні радыё, ні газет, ні тэлевізара. Затое ёсць адна дзяўчынка з горада Гомеля.
Наш Валік проста закахаўся. Яму падабалася тое, што Віка вельмі прыгожая. Што яна паводзіць сябе зусім не так, як смяшлівыя, несур'ёзныя, пуставатыя іх аднакласніцы — а як амаль дарослая. І ўсё адно лёгка з ёю! Якая ў яе сціплая і добрая ўсмешка, які прыемны голас!.. І загадкавая яна не менш за Крушынскага. З якой яна сям'і? Як яна вучыцца? Якія кніжкі любіць? Хто ў яе сябры?
Усё гэта было нова нашаму Валіку. І заманліва. Вось чаго яго цягнула ўвесь час у лясную хатку.
Аднак Цім, здаецца («дзякаваць Богу», падумаў Валік), ні аб чым не здагадваўся.
— Табе што было сказана? — спытаў ён. — Без патрэбы там не з'яўляцца. Толькі раз на тыдзень, і толькі ўвечары, каб ніхто не бачыў.
— Гэта я помню, — адказаў Валік, стрымаўшы ўздых.
Раздзел XIX
Цім дабіваецца свайго! — Дзве гісторыі, якія ён супастаўляе і робіць адкрыццё. — Валік зайздросціць сябру.
Ёсць харошая беларуская прымаўка: хто пытае, той не заблукае. Валік галаву гатовы быў бы даць на адсячэнне, што справа іхняя марная. Ніколі не разблытаць ім гэтай «афганскай» тайны! За што тут ухапіцца? З якога боку падступіць? Дзе хоць якая зачэпачка?
Але Цім быў упарты, так лёгка ён здавацца не збіраўся. І адбылося дзіва! Звычайны белагаловы кірпаты беларускі хлапчучок разгадаў-такі тайну пятнаццацігадовай даўнасці!
Як часта бывае, разгадка прыйшла адтуль, адкуль і чакаць яе было немагчыма. Папярэднічалі гэтаму два эпізоды. Нічым нібыта паміж сабою не звязаныя. І трэба была Цімава неўтаймаваная фантазія, каб гэтыя эпізоды супаставіць і зрабіць, без перабольшання, адкрыццё!
Увечары таго самага дня, калі хлопцы хадзілі перш на могілкі, затым у бібліятэку і да Колькі Танкіста, Цім прычапіўся да бацькі:
— Тата, раскажы пра помнік гэтаму «афганцу». Хто яго паставіў? Чаму такая дзіўная на ім выява? І хто быў гэты салдат? Дзе ён жыў? Дзе яго радня?
У іншы час бацька толькі рукою махнуў бы — маўляў, адчапіся. Але гэтым вечарам была нагода. Бацька сядзеў за сталом і набіваў гільзы для стрэльбы. Куплёных патронаў ён цярпець не мог, любіў сам валэндацца з гільзамі. Таму цяпер рукі ў яго былі занятыя, а язык — вольны.
І тата расказаў.
— З гэтым помнікам увогуле дзіўная гісторыя. Гады тры салдат ляжаў пад звычайным крыжам, у звычайнай магілцы. Але аднойчы з'яўляецца ў Вялікай Паляне чалавек, ідзе да бацькоў загінуўшага.
Цім уздрыгнуў. «Васіль! — мільганула здагадка. — Гэта ж Васіль прыязджаў! Значыць, не маніў Крушынскі!»
— Так і так, кажа, я блізкі сябар вашаму сыну, разам ваявалі, таму лічу сваім абавязкам як след ушанаваць яго памяць. Калі ў мясцовых уладаў рукі не даходзяць, я сам пастаўлю на магіле помнік. І за тры дні паставіў! Ну, не сам, канечне, прыязджалі з горада майстры. Раствор, бетон, плітка, усё такое.
— Ну, і далей?
— Далей чалавек знікае назаўсёды. А бацькі салдата рэгулярна, кожны месяц пачынаюць атрымліваць грашовыя пераводы. Ды такія сумы, што ім і не снілася! Так і памерлі, дзякуючы ўладам. А я так думаю, — закончыў бацька, — што гэта ён прысылаў! Аднапалчанін гэты самы.
— Канечне, Ва… — ледзь не вырвалася ў Ціма «Васіль». — Канечне, ён! Аднапалчанін!
— Чаму гэта цябе зацікавіла раптам?
— Так, проста… Выява на помніку прыгожая. Вось і падумалася: хто такую мог зрабіць?
— Што праўда, тое праўда — усім падабаецца. Нават з Мінску прыязджалі, фатографы, на кінакамеру здымалі.
У гэтую ноч Ціму сніўся адзін і той жа сон: чалавек, які цягнецца рукою да васілька. Здаецца, вось-вось схопіць яго, сарве — але ніяк! Нібы міраж, растае кветка, расплываецца, аддаляецца. І зноў трэба падпаўзаць да яе, а яна зноў — растала. Нібы кліча некуды, заве за сабою.
Назаўтра з самай раніцы Цім быў у Валіка. А ў таго — поўная кватэра гасцей. Сябры зачыніліся ў Валікавым пакоі.
Цім коратка пераказаў тое, што пачуў учора ад бацькі.
— Ведаеш, што гэта значыць? Што Васіль — не выдумка, а рэальнасць! Ён існуе! Аднаго толькі не разумею.
Ці м пацёр скроні.
— Навошта ён прысылаў бацькам салдата грошы? — падказаў Валік.
— Хоць бы і гэта… Навошта яму ўвогуле так закарцела паставіць помнік? Вось у чым для мяне загадка!
— Ну, мала што.
Валік паціснуў плячыма. У гэты момант увайшла Валікава маці і запрасіла хлопчыкаў да стала.
— Ды еў я, — пачаў аднеквацца Цім. — З дому ж толькі што!
— Ну, хоць гарбаты папіце. І Валік сказаў:
— Хадзем, бо і праўда — госці ж. Няёмка будзе, што мы на вочы ім не паказваемся. Яшчэ падумаюць немавед што.
Але на кухні гасцей ужо не было. За сталом сядзела і піла гарбату толькі адна дзяўчынка. Гэта была Валікава стрыечная сястра Света. Цім павітаўся, Света прамаўчала.
Пачалі піць гарбату.
— А вось у Англіі, калі п'юць гарбату, ніхто не сёрбае! — сказала раптам Света, не гледзячы на Ціма.
Той аж падавіўся. Пачаў піць ціха, адно вуснамі дакранаўся да шклянкі.
— У цывілізаваных краінах лыжачку са шклянкі звычайна выцягваюць, — ізноў зрабіла заўвагу Света.
А каб ты спрахла! Вось дастача! Цім выцягнуў лыжачку, паклаў на сподак.
— Чаго ты прычапілася да яго? — заступіўся Валік за сябра. — Дай папіць спакойна чалавеку. Падумаеш, з'ездзіла ў Англію! Дык што ўжо, такой ледзі зрабілася?
— Не толькі ў Англію. Яшчэ ў Іспанію, Францыю і Германію, — сказала Света і загнула чатыры пальцы. — І гэтым летам у Германію паеду.
Мы перапісваемся сем'ямі. Яны нам прысылаюць падарункі. І нават маркі.
— Як гэта? — пацікавіўся Валік.
Ці м адсунуў шклянку з недапітай гарбатаю і слухаў вельмі ўважліва.
— Звычайна. У канверце, разам з пісьмом.
— А… хіба так можна? — хрыпатым голасам спытаў Цім.
Света толькі гмыкнула ў адказ. Маўляў, толькі так і можна.
Цім схапіў Валіка за руку і пацягнуў з кухні. На калідоры ён нагнуў сябраву галаву і зашаптаў яму ў самае вуха:
— Вось яно! Усё!
— Што ўсё?
— Я ўсё ведаю! Ой-ё-ёй, як усё проста! Грошы ў канверце, разумееш?!
— Не, — шчыра адказаў Валік.
— Шкатулку пераправілі з Афганістана ў труне! Разумееш цяпер? Каштоўнасці ляжаць у магіле! Пагэтаму і прыязджаў Васіль, і помнік паставіў! Гэта ж як сейф! Яны ж там могуць захоўвацца вечна!
Валік быў уражаны не менш за сябра. Цяпер Цім адкрыўся яму з зусім іншага боку. Вось табе і троечнік, вось табе і фантазёр-летуценнік! З нічога, з двух пустых эпізодаў зрабіць такія высновы!
Разам з тым ён не адчуваў зайдрасці да Ціма. Наадварот, яму радасна стала ад таго, што яны — сябры.
Раздзел XX
Зяць Ігар не йдзе на службу, а прыязджае да цесця. — Праслухоўванне касеты. — Груз «дзвесці». — Планы авантурыстаў. — Зяць распісвае цесцю будучае багатае жыццё.
Пасля начнога званка, з якога вынікала, што Ігар знайшоў касету з голасам «афганца», ужо раніцай наступнага дня зяць сядзеў у пустой халоднай цесцевай хаце.
На службу Ігар сёння не пайшоў. Было гэта ўжо само па сабе падзеяй. Заўсёды ён быў абавязковы і дысцыплінаваны. Толькі штось сапраўды надзвычайнае магло прымусіць яго паламаць расклад.
З сабою зяць Ігар прынёс магнітафон, якасны, самсунгаўскі — не тое, што цесцева колішняя «Вясна». Ігар уставіў у яго старую, трэснутую, скочам перамотаную касету.