Выбрать главу

— Амаль… уся… ноч…на гэта… пайшла, — мармытаў ён чамусьці шэпатам, хаця яны былі толькі ўдвух у хаце.

Доктар Пратасевіч таксама не выспаўся. Цяпер ён усё пазяхаў, слухаючы зяця няўважліва.

— На аловак намотваў істужкі гэтыя… Вось бачыце, нават палец апух. І ўсё ж наткнуўся! Знайшоў! Зараз.

Ігар дастаў аркушык паперы, асадку.

— Учора спісваў з касеты, — патлумачыў ён. — Цяпер, можа, новае штось расчуем, дык адразу запісаць трэба.

Ён урачыста націснуў на клавішу.

Абодва падсунуліся бліжэй да магнітафона і ўталопіліся ў яго; з такім самым заміраннем, нецярпеннем, ледзь не з містычным страхам пазіралі колісь людзі на першае радыё, гадаючы, што гэтая «патэльня» можа выкінуць у наступны момант, чаго ад яе можна чакаць.

Магнітафон трашчаў і сіпеў.

— Стужка старая, клееная ў трох месцах… Слухайце! Во! Во!

Доктар напружваў слых, як мог. Нават нагнуўся над магнітафонам. І праўда, расчуў ён нейкі голас — далёкі, бы з таго свету.

Ігар звяраўся па паперцы.

— Чулі? Чулі?

Цесць не ведаў, што і казаць. Калі шчыра, нічога ён не разабраў.

— Як жа так? — расхваляваўся Ігар. — Давайце яшчэ раз! Я вам буду расшыфроўваць.

Адматаў назад касету. Пачаў, як глухому, кожнае слова перакладаць цесцю.

— Чуеце? «Запамінай… Разам з грузам дзвесці.»

Цяпер доктару падалося, што сапраўды — ён разбірае голас пятнаццацігадовай даўнасці, узмоцнены зяцем.

Зноў трэск у магнітафоне.

— Вось! Слухайце! «…Пераправілі шкатулку… Паедзеш у Вялікую Паляну. Вялікую Паляну — запомні!.. Знайдзі шкатулку.» Ну, як вам?!

— Гэта ўсё? — расчаравана спытаў доктар.

— А гэтага мала?! — Ігар аж з месца падхапіўся і забегаў туды-сюды па пакоі. — Як жа вы адразу не датумкалі?! Тады яшчэ, у Маскве, калі першы раз слухалі?

— Ты ж не раўняй свой магнітафон з маім, — пачаў апраўдвацца доктар. — Ды і слых у мяне не раўня твайму.

— Груз дзвесці! Груз дзвесці! — паўтараў, не слухаючы яго, Ігар. — Гэта ж дурню зразумела! Гэта ж цынкавая труна, так?

— Так.

— Яны ў труне пераправілі каштоўнасці! Разам з забітым салдатам! Разумееце? Цынкавая пасылка!

— Паслухай, Ігар, — сказаў доктар. — Не бяры ты ўсё так блізка да сэрца. Гэта ж можа быць звычайнае трызненне чалавека пад наркозам! Яны табе ведаеш чаго нагаварыць могуць у такім стане? Цэлыя аповесці, раманы! Толькі слухай ды запісвай за імі.

— А я веру!

— Добра. Нават калі гэта і праўда — дык за пятнаццаць гадоў даўным-даўно ўсё распатронілі, тысячу разоў можна было гэтую магілу раскапаць, і.

— Вы так думаеце? А хто пра гэта ведаў? Акрамя барадача? А вы ўпэўнены, што «афганец» паспеў расказаць барадачу ўсё?! Да канца?

Доктар задумаўся. А сапраўды!

— Можа быць, яму перашкодзілі? І потым, пад наркозам, ён як бы дагаворваў сваю споведзь! Тады атрымоўваецца — мы з вамі адзіныя, хто ведае праўду!

— Столькі часу мінула, — няўпэўнена сказаў доктар. — Калі ў труне і былі каштоўнасці, барадач іх даўно выкапаў бы.

— Калі б ён іх выкапаў, дык чаго б яму там сядзець, ашывацца столькі часу? Яго і след прастыў бы за мяжою дзе-небудзь! Ён даўно ўжо дзесь у Парыжы тырчэў бы!

І з гэтым вымушаны быў пагадзіцца доктар. Ігар развіваў сваю думку далей:

— Дапусцім, барадач ведае, дзе каштоўнасці. Але як іх узяць? Не думайце, што гэта так проста! Гэта ж не пагорак на полі раскапаць, гэта ж крымінальная справа. А можа — і хутчэй за ўсё! — ён проста вычэквае. Ведаючы, што каштоўнасці нікуды ад яго не дзенуцца.

— Чаму? — спытаў доктар.

— Што чаму?

— Навошта ён так доўга чакае? Ігар пацёр скроні. Прызнаўся:

— Вось гэтага я і сам не разумею. Тут ёсць некалькі варыянтаў. Альбо ён проста баіцца, альбо.

Вы ўвогуле ведаеце, што такое «груз дзвесці»? — спытаў Ігар.

— Ну, так… Прыблізна.

— Я ўчора пазваніў аднаму чалавеку, спецыялісту ў такіх справах. Ён мне ўсё растлумачыў. Гэта звычайная драўляная труна, узятая ў цынкавую абалонку. Цынк таўшчынёю ўсяго ў некалькі мі лі метраў, па швах запаяны волавам.

— Ну і што?

— А тое, што трэба ж час, каб цынк акісліўся ў зямлі. Каб яго, груба кажучы, іржа з'ела. А гэта залежыць ад глебы. Ад яе кіслотнасці. Ад таго, нізкая там мясціна, ці высокая. Перыяд акіслення і распаду цынка можа цягнуцца ад чатырох да дзесяці гадоў. Сочыце за думкаю?

— Сачу. Дык ужо ж пятнаццаць гадоў прайшло.

— У тым і справа! Барадач марудзіць, таму што проста не ведае, дзе шкатулка! «Афганец» не паспеў сказаць яму самага важнага!

— А калі паспеў?

— Тады барадач чакае, пакуль акісліцца і саржавее цынк.

Доктар апамятаўся.

— Ігар! Усё гэта да таго неверагодна… Мне здаецца, ніводзін нармальны чалавек не будзе чакаць, калі ў яго пад носам такое багацце.

— Стоп! — і на гэта быў адказ у зяця Ігара. — Што мы ведаем пра таго забітага салдата?

— Нічога…

— Вось іменна. Калі ў яго былі бацькі, сваякі… Тады як гэта прыйсці і раскапаць магілу? Ды назаўтра ж спахопяцца, шукаць пачнуць. Вось наш барадач і жыве там! Адцягвае час да самага зручнага, самага бяспройгрышнага моманту!

Зяць да таго быў перакананы ў сваёй праўдзе, што і недаверліваму цесцю пачало гэта перадавацца.

— Дык ты думаеш… — пачаў ён.

— Не думаю, а нават не сумняваюся! Каштоўнасці — у труне! І ад нас патрабуецца адно: узяць іх, пакуль не позна! Мой план такі. Няважна, ведае барадач, дзе схаваны каштоўнасці, ці не. Але раз ён марудзіць — мы павінны дзейнічаць! У самы бліжэйшы час мы паедзем у Вялікую Паляну, уночы, і забярэм каштоўнасці.

— Дык для гэтага ж… трэба раскапаць магілу! — дайшло да доктара.

— Так. І што ў гэтым страшнага? Усё прадумана, верце мне! Усе варыянты абмазгованы. Раскапаем магілу, забярэм каштоўнасці. Потым, само сабою, пастараемся ўсё акуратна зараўняць. Каб і слядоў не засталося. А рыдлёўку падкінем барадачу. Усё! Нас ніхто не будзе бачыць, нас там ніхто не ведае, ніхто ніколі і не падумае, што такое маглі зрабіць прышлыя. Але барадачу — не апраўдацца ніколі! Усе факты супраць яго! Сам служыў у Афгане — раз. Ва ўсіх на вачах — два. Дзяўчынку нейкую ў сябе хавае — тры. Ды ўсю ваколіцу абыйдзі — больш падазронага і не знойдзеш!

Зяць зірнуў на цесця і дадаў:

— Гэта крайні выпадак, канечне… Цесць мыляў вуснамі.

— Пачакай, — сказаў ён. — Як гэта — «падкінем рыдлёўку»? Гэта ж з нашага боку будзе называцца.

— Добра, добра! Не хочаце — не будзем нічога падкідваць. І без рыдлёўкі на барадача першага падумаюць. Чыя магіла будзе раскапана? «Афганца». А барадач у нас хто? «Афганец»!

— Гэта так…

— Кажу ж вам, — зяць пастукаў пальцам па скроні, — усё абмазгована!

— А калі лухта ўсё гэта? Калі пуста будзе ў труне?

— Ну і што? Гадзіну, максімум дзве згубім — падумаеш! Пасмяемся потым, успамінаючы. Ды калі на тое пайшло, я званіў учора знаёмаму юрысту. Кансультаваўся. Нават калі «накрыюць» нас — нічога страшнага! За гэты артыкул, апаганьванне магіл, цяпер нават турмы не даюць! Так, штраф, альбо, у горшым выпадку, умоўны тэрмін. Але гэта самы горшы, самы крайні выпадак! — спахапіўся Ігар. — Затое, калі нам пашэнціць.

Раптам падступіўся бліжэй і абняў зяць цесця за плечы. Зашаптаў, бліскаючы вачыма:

— Дзед! Домік вам купім, на беразе возера! Рыбу вудзіць будзеце. У Крым кожнае лета ездзіць. А хочаце — за мяжу, у Балгарыю, у Грэцыю? Хочаце ў Грэцыю?

— Гм, — пасміхнуўся цесць. — У Грэцыю!

— Я ўласную фірму адчыню, з прыцягненнем замежнага капіталу… Жыццё дае нам такі шанец! І будзе вялікім глупствам не выкарыстаць яго!

Раздзел XXI

Злосць Крушынскага — заместа пахвальбы. — У Ціма апускаюцца рукі. — Калі ж з'явіцца Васіль? — Сур'ёзная размова з Вікаю. — Узаемны недавер. — Выправа ў Гомель.