Выбрать главу

— Ды згалі ты яе!

Ён прамаўчаў. Думаючы, што яна проста саромецца яго, барадатага, такога старога. Бо ў Гомелі яе знаёмыя могуць убачыць іх разам.

Назаўтра выйшлі з дому вельмі рана. На шашы іх падабрала першая ж «папутка», і завезла ў Жытнявічы, да саменькага чыгуначнага вакзала. Крушынскі купіў білеты. Неўзабаве яны ўжо сядзелі ў цёплым вагоне цягніка «Гродна — Гомель», які вёз іх у родны дзяўчынчын горад.

Раздзел XXII

Перамена надвор'я. — Гомель. — Кватэра па найме. — Пошукі Крушынскага. — Чаго б хацелася Віцы? — Начлежны дом. — Крушынскі падкупляе начальніцу. — Зноў барада!

Цягнік не прапускаў ніводнага слупа, спыняўся на кожнай станцыі, на кожным раз'ездзе.

Пазіраючы ў вакно, Крушынскі з Вікаю проста дзіву даваліся — як рэзка пацяплела! Яшчэ раніцаю, калі выходзілі з хаткі, канечне, на адлігу ўсё паказвала, але ў лесе поўна было снегу, і нічога не сыпалася з неба. А тут! Нібы прыехалі ў чужую краіну. Снег ляжыць толькі дзе-нідзе, туман з'ядае яго. А галоўнае, дождж стукае ў шыбіну, і гэта ў студзені месяцы!

Што ўжо было казаць пра вялікі горад. Гомель сустрэў нашых вадроўнікаў тым жа дажджом, туманам і да ўсяго бруднай кашай расталага снегу пад нагамі.

На выхадзе з тунэля ў горад стаяла жывая чарга.

— Кватэры здаем!

— Таксі, каму таксі?

Крушынскі, успомніўшы Стася, адчуў сябе чалавекам вопытным у такіх справах. Пахадзіў туды-сюды — Віка стаяла ў тунэлі, баючыся высунуцца на дождж. Выбраў чысценькую, ахайную бабульку. Ізноў, як і ў выпадку са Стасем, яму пашэнціла. Бабулька здавала двухпакаёвую кватэру на суткі, у самым цэнтры, і не так ўжо і дорага. Адно што яна адразу ж запатрабавала дакументы.

— А калі нам больш, чым на суткі, спатрэбіцца? — спытаў Крушынскі, падаючы ёй пашпарт. — За дадатковую плату, канечне!

— Ды калі ласка. Жывіце на здароўе. Абы чалавек быў харошы.

Адразу падняла настрой гэтая невялічкая ўдача. Ёсць дзе прыткнуцца — ужо няблага. Кватэра аказалася блізка каля вакзала — раз, была такая ж ахайная і чысценькая, як і яе гаспадыня — два. Праўда, і з аплатаю Крушынскі не паскупіўся.

Віка была ў захапленні. Што і казаць, не леснічоўка! Мэбля, тэлевізар, халадзільнік, тэлефон, прыбіральня, ванная.

Як толькі дзяўчынка апынулася тут і агледзела, нібы гаспадыня, усё, так адразу заявіла, што нікуды з кватэры не выйдзе, пакуль Крушынскі з усім не разбярэцца. Нават у краму не будзе выходзіць.

І не выходзіла. Крушынскі разумеў яе. Утульнасць гэтага — свайго — жытла, хоць і часовага, хоць на некалькі ўсяго сутак, але свайго, — Віка ўспрыняла як узнагароду ёй, як кампенсацыю за ўсё сваё ранейшае непрыкаяннае жыццё. Канечне, ёй трэба было проста пабыць адной. Проста пасядзець у гэтых сценах. Паляжаць у ванне. Забыцца перад тэлевізарам — а Віка глядзела ўсё падрад, ад рэкламы да бяскончых серыялаў.

Сам Крушынскі прападаў у горадзе з ранку да вечара. Вечарам заяўляўся, стомлены і галодны. Віка сустракала яго ў парозе, хапала сумку, бегла на кухню, выкладвала ў лядоўню прадукты. Крушынскі тым часам разуваўся, ставіў мокрыя чаравікі пад батарэю. Віка несла ў ванную яго скураную куртку, вешала там на «плечыкі».

— Ну, што? — пыталася з'едліва. — Як поспехі?

— Крыху ёсць…

Раніцаю, калі дзяўчынка яшчэ песцілася пад цёплай коўдраю, Крушынскі сыходзіў у туманны, хліпкі горад.

Прайшло тры дні. За гэты час Крушынскі паспеў пабываць на ранейшай Вікавай кватэры. Пагаварыў з суседзямі, хоць гэта аказалася не так і проста. Барадаты, падазронага выгляду чалавек не схіляў да шчырай гутаркі. Ды і сам Крушынскі ледзь усё не сапсаваў, адрэкамендаваўшыся:

— Я з камісіі па справах непаўналетніх. Збіраю матэрыялы пра дзяўчынку, Віку, што некалі жыла тут.

На яго шчасце, знайшоўся дзядок-адстаўнік, які патлумачыў спалоханым суседкам:

— Чаго вы вылупіліся? Барады, ці што, не бачылі? Тэлевізар трэба глядзець! Цяпер барада нават у арміі дазволена!

Крушынскі даведаўся аб усім, што яму трэба было. Віка не зманіла. Іхні з маці пакойчык належаў цяпер нейкім прахадзімцам. Паперы былі аформлены паводле ўсіх правілаў.

На наступны дзень Крушынскі пачаў з вакзалаў, чыгуначнага і аўтобуснага. Распытваў прыбіральшчыц, дзяжурных, касірак, буфетчыц, нават вакзальных бамжоў. Ці не траплялася ім на вочы жанчына такой і такой знешнасці? Дзе яе можна знайсці? Ведаем, адказвалі, бачылі, была такая, усё плакалася пра сваю дачку, скардзілася, як падманулі іх з кватэраю. Дзе яна цяпер? — а хто ж ведае? Хіба што міліцыя.

І на трэці дзень Крушынскі прыняўся абыходзіць аддзяленні міліцыі і пункты праваховы. Тут яму ўжо было прасцей, і барада не перашкаджала: ён проста паказваў свае кніжачкі. Тыя самыя, што так цікавілі Віку.

Нарэшце ў Цэнтральным РАУС яму пашэнціла.

— Як жа, помню такую, — сказаў дзяжурны старлей. — Затрымлівалі яе некалькі разоў. А што толку? Грошай на штраф усё адно няма. Плача, кашляе. З падазрэннем на сухоты была накіравана ў. Зараз скажу.

Дзяжурны пачаў гартаць журнал. Крушынскі чакаў цярпліва.

— А, вось. Дыспансер-размеркавальнік.

— Што гэта такое? — здзівіўся Крушынскі.

— Ды звычайная начлежка. Для бедных, для бамжоў розных. Там іх трохі кормяць, трохі лечаць —

і нам, міліцыі, спакайней, хоць перад вачыма не мільгаюць.

— Дзе яна знаходзіцца?

— А вось, перапішыце адрас.

Увечары Крушынскі быў задуманы больш, чым звычайна.

— Здарылася што? — спытала Віка, ставячы перад ім патэльню з яечняй: адзінае, што яна ўмела гатаваць.

— Віка, — сказаў Крушынскі, — як ты думаеш, а што калі Васіль сапраўды існуе? І возьме ды і аб'явіцца ў нашай Вялікай Паляне?

— Ну і хай аб'яўляецца.

— Тады я вымушаны буду выканаць сваё абяцанне. Хлопцы атрымаюць матацыкл. А табе што? Ты ж так нічога і не папрасіла!

— Я? — яна прысела на канапу, задумалася. — Не папрасіла таму, што хочацца мне многага… Я ведаю, што вашыя спецслужбы ніколі мне гэтага не дадуць.

— І ўсё ж, — не адчапляўся ён. — Напрыклад?

— Напрыклад, хачу свой куток. Хоць кватэру, хоць хату, хоць леснічоўку. Хоць нару! Але каб гэта было толькі маё! Хачу жыць з мамаю, як некалі жыла. Хачу, каб прадуктаў было многа. Апранацца хачу добра, прыгожа.

Крушынскі слухаў з усмешкаю.

— А ў школу хадзіць? — падкалоў ён.

— У школу — таксама. Толькі ў нармальную школу! Не ў такую, як нашая.

— Віка, я знайшоў, дзе твая мама, — сказаў ён без усялякай сувязі. — Заўтра мы да яе паедзем.

Дзяўчынка нічым не выявіла ні радасці, ні здзіўлення. І голас не змяніўся, калі спытала:

— Гэта абавязкова?

— А ты як думаеш? Ты ж родная дачка ёй! Ты ж толькі што хацела.

— Досыць. Едзем, дык едзем.

«Начлежка» (ці як выказаўся старлей, "дыспаснсер-размеркавальнік") знаходзілася за Сожам, у раёне Нова-Беліцы. За гэтыя дні Крушынскі даволі добра вывучыў горад, напамяць ведаў усе маршруты — лепш за ўсё ў Нова-Беліцу было дабірацца пятым нумарам тралейбуса.

Усю дарогу Віка маўчала і ціснулася да яго. Крушынскаму падалося, што яе нават крыху ліхаманіць. Ён ужо каяўся, што выцягнуў яе з утульнай цёплай кватэры-«крэпасці». Адно добра — дарога была нядоўгай.

Прыехалі. Адшукалі вуліцу і дом. Начлежка аказалася звычайным двухпавярховым, з бярвення баракам. Збоку над дзвярыма прыбіты быў паржавелы квадрацік бляхі, на якім ледзь угадваўся нумар дома.

Віка пазірала на гэты барак са страхам. Перад дзвярыма яна спынілася, як укапаная, і рашуча заявіла:

— Я не магу. Можна, я тут пачакаю? Крушынскі не стаў яе ўпрошваць. Пайшоў адзін. Яна з падзякаю зірнула яму ўслед, калі за ім ляпнулі дзверы і ён знік у бараку.

Яго сустрэла цемра калідора, а таксама востры пах карболкі і мокрай падлогі. У канцы калідора, дзе было святлей, ён разгледзеў жанчыну ў халаце, якая чапляла анучу на швабру. Пакіраваўся туды. Ні на адных дзвярах, што выходзілі на доўгі калідор, не было шыльдаў.