Выбрать главу

— Дзе тут у вас хто галоўны? — павітаўшыся, спытаў ён.

— Там, наверсе, — буркнула прыбіральшчыца. Па скрыпучай драўлянай лесвіцы ён падняўся на другі паверх. Такі ж доўгі калідор. Той жа пах сырой падлогі і карболкі. Такія ж дзверы. Не, стоп! Такія, ды не такія. Вось — дэрмацінам абабітыя, з масіўнай пазалочанай ручкаю. Крушынскі паспрабаваў пастукаць, але пальцы яго патанулі ў дэрмаціне.

Але, як ні дзіўна, яго пачулі. Дзверы раптам расчыніліся і на парозе ўзнікла высокая жанчына сярэдніх гадоў, нафарбаваная, расфуфыраная, з пярсцёнкамі на пальцах абедзьвух рук. Ад яе пахла дарагой парфумай. Крушынскі ад нечаканасці аж зняў з галавы шапку. Дужа вялікі быў кантраст паміж гэтай начальніцай і ўбоствам начлежкі.

— Што вам трэба? Крушынскі растлумачыў.

— Хадземце, я правяду вас у палату. Жанчына зачыніла дзверы на ключ, не даўшы магчымасці Крушынскаму нават заглянуць у яе кабінет.

Палата была тут жа, на другім паверсе, побач з кабінетам. Крушынскі чакаў убачыць тут штосьці кшталту турэмнай камеры, таму не без хвалявання пераступіў парог следам за начальніцай. Аж не! Было тут, праўда, цесна — дзесяць коек стаялі амаль упрытык адна да адной і ўсе былі занятыя; стаяў тут, канечне, пах, ад якога Крушынскі ў першы момант ледзь не задыхнуўся. І ўсё ж, і тым не менш! Адносна чыста, адносна светла, адносна цёпла… Са столі не капае. Як для бамжоў, дык тут проста санаторый.

— Вось, — начальніца паказала на крайнюю койку злева. Сама не выйшла, а толькі адступіла крышку ўбок. Скрыжавала на грудзях свае пярсцёнкамі ўнізаныя рукі.

Крушынскі нерашуча наблізіўся да койкі. На ёй ляжала нейкая бабулька. З-пад коўдры відаць быў толькі яе твар, а па падушцы раскідаліся сівыя валасы. Калі бабулька, пачуўшы галасы і крокі, расплюшчыла вочы, Крушынскі ледзьве не ўскрыкнуў. Перад ім ляжала Віка, якая за пяць хвілін пастарэла на семдзесят гадоў. Ды вось чаму дзяўчына так заўпарцілася, каб не йсці сюды! Яна прадбачыла ўсё гэта!

На бабульчыным твары адбіўся страх. Калі загаварыла, сухі нядобры кашаль перашкаджаў ёй.

— Не трэба… мяне… выпісваць!.. Я хворая… вельмі. прашу!

«Ды гэта ж яна мяне за доктара прымае, — дайшло да Крушынскага. — Ці за нейкага начальніка! Яна баіцца, што я магу зараз выпісаць яе! Гэта значыць, выкінуць на вуліцу, у гэтую макрэчу, холад і голад!»

— Колькі можна хварэць? — умяшалася начальніца. — Курорт вам тут, ці што? Паляжала трохі, падлячылася — хопіць, дай другім месца. Жадаючых навалам.

Бабулька трэслася ў кашлі. Уваленыя шчокі яе былі мокрыя ад слёз. Як добра, падумаў Крушынскі, што Віка не пайшла і не бачыць усяго гэтага!

— Можна мне з вамі пагаварыць? — звярнуўся ён да начальніцы.

Выйшлі з ёю на калідор.

— Прашу вас — не выпісвайце пакуль яе. Начальніца слухала яго, трымаючы рукі скрыжаванымі на грудзях.

— А вы ведаеце, колькі дзяржаве абыходзіцца адзін койка-дзень? — спытала яна. — Вы ведаеце, колькі такіх, як яна, яшчэ і горшых, што па падвалах жывуць і са сметніцаў кормяцца? Якія толькі і мараць, каб патрапіць сюды?

Крушынскі палез у кішэню:

— Я гатовы заплаціць грошы.

— Дарэчы, а хто вы такі? Кім вы ёй даводзіцеся?

— Я? — сумеўся Крушынскі. — Ёй? У прынцыпе, нікім. Чужы чалавек.

— Так-такі і чужы? Не сын, не брат, не сват, не пляменнік? А то спачатку сплавіце чалавека, а потым сумленне загрызае?

Вунь яно што! Крушынскаму зрабілася горача. Ён зразумеў ход думак начальніцы. Яна думае, што ён радня Вікавай маці. Выгнаў яе на вуліцу, а цяпер клянчыць, просіць, каб пакінулі яе ў начлежцы! Аказваецца, і такі «бізнес» існуе!

— Я не заслужыў гэтага, — прамовіў ён ціха. — Я праўда зусім чужы ёй.

Падзейнічала. Пакорлівыя яго словы змякчылі суровую начальніцу.

— Дык што вы там гаварылі пра грошы? — спытала яна. — Колькі вы можаце заплаціць?

— Колькі трэба! — заспяшаўся ён. — Яшчэ і пераплачу!

— Тады добра. Хадзем да мяне ў кабінет, аформім паперы. Усё будзе афіцыйна. Абяцаю, што ўсе вашыя грошы на яе ж і пойдуць. Перавядзем у іншую палату, будуць лекі, дагляд.

Віка чакала Крушынскага на тым самым месцы, дзе ён яе і пакінуў. Кароткія хлапечыя валасы яе былі ў кропельках дажджу. Крушынскі дастаў насоўку і выцер ёй мокрыя лоб, нос і шчокі.

— Ну, усё ў парадку, — бадзёра адказаў на маўклівае яе запытанне. — Твая маці яшчэ паляжыць тут. Пакуль не паправіцца. Ёй тут добра, яна сама сказала! — паспешліва дадаў ён.

— А не выкінуць яе? — так і спытала Віка, «выкінуць», а не «выпішуць».

— Не хвалюйся. Я аб усім дамовіўся з нача… з загадчыцай аддзялення. Твая маці будзе тут столькі, колькі спатрэбіцца. За ёю будзе харошы дагляд.

— Ты заплаціў ім? — спытала дзяўчынка. Памаўчаўшы, сама сабе і адказала: — Канечне, заплаціў! Дзякуй за ўсё, Барыс.

І пацёрлася, бы кацяня, аб яго далонь.

Калі ехалі тралейбусам назад, у цэнтр, адбылася наступная сцэна. Віцы ўдалося сесці, Крушынскі стаяў побач. Раптам нейкая дзяўчына паднялася з суседняга месца:

— Сядайце, калі ласка, — ветліва прапанавала Крушынскаму.

Яго гэты эпізод толькі ўзрадваў. З палёгкаю плюхнуўся ён на праціснутае, пашарпанае сядзенне. Азірнуўся на Віку. Дзяўчынка, нахмурыўшы лоб, нервова пакусвала губы.

— Віка! Чуеш? Што з табою?

— Колькі разоў прасіла… Згалі ты гэтую бараду! Як я яе цярпець не магу!

Раздзел XXIII

Незнаёмец. — Дыялог у краме. — Вандроўка па Вялікай Паляне і ваколіцах. — Цім бяжыць у леснічоўку. — Пуста! — Запіска. — Куды падзець Барса?

Пакуль Крушынскі з Вікаю ўладжвалі свае справы ў Гомелі, у Вялікай Паляне таксама сеё-тое адбылося.

Роўна ў дванаццаць гадзін дня з рэйсавага аўтобуса выйшаў невысокі поўненькі мужчынка. Быў ён у скураным паліто, у капелюшы; з-пад паліта выглядвалі беленькая кашуля і гальштук.

Мужчынка выйшаў на прыпынку і з цікавасцю пачаў азірацца. Па ўсім відаць было, што тут, у сяле, ён упершыню. Тры вуліцы збягаліся да прыпынку. Мужчынка выцягнуў з кішэні нататнік з алоўкам і пазначыў план гэтых вуліц. Побач з прыпынкам бялела цэглаю вясковая крама. Нядоўга думаючы, мужчынка пакіраваўся туды.

У краме, нечакана вялікай, як для сяла, на два аддзелы, было пуста. За касавым апаратам прадаўшчыца чытала газету. Яе напарніца, абапёршыся локцямі на прылавак, піла каву і лена пазірала на адзінага наведніка.

Мужчына выбраў тую, што з газетай. Падыйшоў, павітаўся — і адразу:

— Скажыце, можна ў вашым сяле купіць дом? Ці хоць бы хату?

Валікава маці, а гэта была менавіта яна, адклала газету і адказала:

— Не. Усё параскуплялі, нават самыя развалюхі.

— І што гэта вы так нашую Вялікую Паляну ўсё палюбілі? — умяшалася напарніца. — Тут жа ні вады, ні рэчкі, адзін лес кругом.

— А хто яшчэ палюбіў? — адразу ж павярнуўся да яе цікаўны незнаёмец.

— Ды многія! Палова сяла лічы што прыезжыя.

— Адзін нават леснічоўку купіў, — сказала Валікава маці. —Так і жыве сам, у глухамані.

— Праўда? У лесе жыве адзін? Не можа быць! Жанчыны пакрыўдзіліся.

— Схадзіце ды паглядзіце, — прапанавала напарніца. — Ён толькі сюды, у краму, і заходзіць раз на тыдзень. Таму мы і ведаем яго лепш, чым хто.

— Ды я веру, веру вам! Проста дзіўна ўсё гэта.

— А вы ж можаце купіць участак зямлі, — сказала Валікава маці, — раз вам так тут падабаецца. Будуйцеся ды жывіце.

— А можна? — ізноў у руках мужчыны з'явіўся нататнік з алоўкам. — І дзе б вы мне параілі?

— Пад самым лесам. Там усе будуюцца.

А напарніцу нататнік чамусьці насцярожыў:

— Вы часам не журналіст? Ці, можа, з якою праверкаю да нас?

— Ды не, — засмяяўся мужчынка — Я такі ж служачы, як і вы! На прыроду пацягнула, дачу купіць захацелася. Сабраў вось крыху грошай, напазычаўся. Адзін знаёмы і падказаў мне вашае сяло.