Выбрать главу

Валэндаліся да паўночы. Але зрабілі больш-менш добра. Закідалі, старанна падраўнялі магілу, абклалі бардзюрынкамі; доктар рукамі зграбаў з-пад дрэваў, дзе яго было больш, снег і насіў сюды, прысыпаючы ім свежую зямлю. Потым выхапіў у зяця венік і доўга, стараннасцю жадаючы загладзіць віну, шкрэбаў ім на магіле — раўняў снег, і вакол магілы, і паўсюль, дзе яны маглі ступаць.

Зяць пасвяціў ліхтарыкам. Прыдзірліва ўсё агледзеў. Застаўся задаволены.

— А ведаеце, нічога. Амаль як такі было, — крыху адпусціла яго.

Што да старога цесця, той ледзьве трымаўся на нагах. А яшчэ ж не ўсё! Яшчэ ж аднесці ў хатку рыдлёўку. Яшчэ ж да шашы дапасці. У лесе сядзець, мёрзнуць да раніцы. Потым зноў ісці, ісці! — бо не будзеш жа спыняць аўтобус ці якую машыну адразу каля саменькага ўказальніка «Вялікая Паляна»!

Што да зяця Ігара, дык у таго клопатаў было яшчэ больш. Таму мала было дабрацца ў Мінск — трэба было яшчэ недзе купіць свежай рыбы. Рыбаком ён лічыўся умелым, удачлівым і ніхто яму, канечне, не паверыць, калі пасля начоўкі вернецца дамоў з пустымі рукамі.

Змраныя, брудныя, ледзь цягнучы ногі, пабрылі да леснічоўкі. Доктар раптам адчуў, што яго мерзне правая рука. Няма пальчаткі! Праверыў па кішэнях — няма.

Канечне, зяцю аб гэтай прапажы ён нічога не сказаў, не пасмеў нават заікнуцца.

Раздзел XXVI

Пільнасць Цімавага бацькі-лесніка. — Крушынскі з Вікаю вяртаюцца з горада. — Цімава запіска. — Вечар. — За леснічоўкаю зноў сочаць. — Раніца. — Апошняя блытаніна з «Васілём». — Пацалунак. — З'яўленне хлопчыкаў з трывожнымі навінамі. — Арышт Крушынскага.

Гэта толькі незадачлівым шукальнікам скарбаў, доктару Пратасевічу з зяцем Ігарам, якія ніколі не жылі ў вёсцы і абсалютна не мелі паняцця пра псіхалогію вяскоўцаў, здавалася, што ўсё будзе шыта-крыта, ніхто нічога не заўважыць.

Ужо на другія суткі зямля на магіле прасела. На трэція суткі Цімаў бацька, ідучы паўз могілкі ў лес на абход, раптам спыніўся і аж рот разявіў ад здзіўлення. Яго любімы помнік салдату «афганцу» быў пахілены! Завярнуў на могілкі, падыйшоў. Божа мой, магілу капалі! Хто?! Навошта?! Калі?! Ціка-а-ава ўсё гэта!..

Для яго, вопытнага лесніка, ніякай цяжкасці не склала прасачыць, куды вядуць сляды. Вось яны — на пагорачку зямлі. А вось яны — у мокрым снезе, які, дарэчы, пачынаў падшэрхваць, а гэта значыць, сляды, нібы ў гіпс закутыя, надоўга захаваюцца. А вось галінка зламаная.

Ляснік ішоў проста па слядах і ўжо нават не глядзеў пад ногі. Ён не сумняваўся, што сляды вядуць у леснічоўку. І што належаць яны чалавеку, які даўно быў у яго на падазрэнні. Хатка на замку… Цімаў бацька абышоў яе, ізноў натыкнуўся на сляды — яны вялі ў прыбудоўку. Ляснік нырнуў туды, неўзабаве выйшаў з рыдлёўкаю, запэцканай зямлёй і глінай.

— Тэ-э-эк! — працягнуў ляснік.

Было гэта раніцай. А позна ўвечары таго ж дня вярнуліся з Гомеля Крушынскі з Вікаю. Вельмі кепская, гразкая была дарога ад шашы, таму і прыйшлі ў леснічоўку так позна. Сабакі нідзе не было. Крушынскі пачаў піхаць ключ у замок — ключ не

ўлазіў.

— Што такое?.. Паспрабуй, Віка, у цябе пальцы спрытнейшыя.

Дзяўчынка выцягнула са шчыліны мокрую паперчыну. Разгарнула:

— Ды гэта ж запіска!

Нават у цемры сваімі маладым вострым зрокам змагла разабраць Цімавы «гатычныя» каракулі. Прачытала ўголас:

— «Васіль тут!!! Быў на могілках!!! Цім». Нічога сабе! — усклікнула Віка. — Дык ты не маніў? Праўда ўсё гэта, з Васілём?

— Лухта ўсё гэта, з Васілём, — у тон ёй адказаў Крушынскі, адчыняючы замок. Ён нават не зірнуў на запіску. — Ідзі, Віка, мыйся — і лягай спаць. Позна

ўжо.

— Дык а хто тады прыязджаў?

— Не ведаю, — адмахнуўся Крушынскі. У яго не было ніякага жадання гаварыць на гэтую тэму.

Ды і Віка: як толькі ўлеглася ў любімы тапчан, як толькі дакранулася галавою да падушкі — так і заснула мёртвым сном. А Крушынскі доўга яшчэ корпаўся, тупаў па хатцы. Запаліў грубку, грэў ваду, бразкаў нейкімі слоікамі. Яму здавалася, што ўжо вельмі позна.

Але чалавеку — не падлеткам Ціму з Валікам, — а даросламу чалавеку, які стаяў зараз пад хвояю за дзесяць метраў ад леснічоўкі, так не здавалася. Чалавек убачыў святло ў вакне, удыхнуў гаркаваты дым з коміна. «Тэ-э-эк, — сам сабе прамовіў, — ну вось і добра!» І знік.

Віка прачнулася, калі на двары ўжо развіднела. Нарэшце скончылася праклятая адліга. За вакном ляжаў свежы снег. У леснічоўцы было халаднавата — значыць, за ноч узяўся і мароз. Дзяўчынка, усунуўшы ў валёнкі ногі, падыйшла да грубкі, прыклала далонь. Нават цэгла была халодная. Віка павярнулася да «ляжанкі» Крушынскага. і аслупянела.

Ніякага Крушынскага не было. На яго месцы ляжаў і ціхенька хроп нейкі незнаёмы мужчына. Праз увесь твар яго — ад падбародка да самай шчакі, цягнуўся крывы, выпуклы шнар.

«У Афгане паранены ў сківіцу!..» — успомніла Віка аповед Крушынскага. Дык гэта ж. і ёсць Васіль! Крушынскі прывёў яго ўночы, паклаў на сваё месца, вось ён і спіць тут!

Мужчына прыкрыў далоняю вочы.

— Што гэта… светла так? — прамармытаў спрасонку. голасам Крушынскага. Затым расплюшчыў вочы. Падхапіўся і сеў.

Віка пільна глядзела на яго. Ён пачырванеў і адвярнуўся.

— Дык вось яно што, — прамовіла яна. — Вось чаму ты быў такі ўпэўнены, што ніякі Васіль тут з'явіцца не можа. Бо Васіль — гэта ты!

Ён маўчаў.

— Гэта ты даглядаў у шпіталі скалечанага «афганца»?

— Я.

— Гэта табе ён расказаў перад смерцю пра шкатулку?

— Мне. Ну вось… Цяпер ты ўсё ведаеш. Сама ж прасіла згаліць бараду. Думала, гэта я так, ад няма чаго рабіць, дзеля моды яе гадую? Цяпер, нябось, і пазіраць на мяне брыдка.

Віка працягнула руку і пагладзіла шнар пальцам. І раптам хутка прысела на коленцы, нагнула Крушынскаму галаву і дакранулася да шнара вуснамі.

Моцны стук у дзверы прымусіў іх абодвух уздрыгнуць.

— Хто там? — крыкнуў Крушынскі.

— Гэта мы, дзядзька Барыс! — пачуўся голас Ціма, а таксама радаснае, нецярплівае сабачае цяўканне. Прыйшлі хлопцы і прывялі Барса.

Віка, спяшаючыся, нацягвала світэр і спартыўныя штаны.

— Пачакайце хвіліну, дайце апрануцца…

І праўда, не больш чым праз хвіліну ён ужо адчыняў дзверы. Хлопцы, і сабака разам з імі, не ўвайшлі, а ўсе ўтрох проста-такі ўваліліся ў леснічоўку. Барс, які б рады гаспадарам ні быў, на грудзі кідацца не адважыўся, шмыгнуў на сваё месца. Цім з Валікам ад узрушэння, і ад таго, што патрапілі пасля двара ў хатку і вочы іхнія яшчэ не паспелі прывыкнуць, нават не адразу заўважылі, што Крушынскі не такі, як звычайна.

— Вы чыталі маю… запіску? — Цім захлёбваўся словамі. — Васіль раскапаў магілу! Пазаўчора ўночы! А мой бацька.

— А яго бацька, — перабіў Валік, — вырашыў, што гэта вы!

Валік замоўк раптам. І Ціму, які сабраўся быў гаварыць, наступіў на нагу — маўляў, паглядзі, хто перад табою!

Але Цім не заўважаў нічога.

— …Бацька прыходзіць учора ўвечары, — тарабаніў ён, — і хваліцца: ведаю, кажа, хто раскапваў магілу! Сляды, кажа, у леснічоўку вядуць, а мне гэты барадач заўсёды быў падазроны. Я ледзь стрымліваўся, каб не засмяяцца! Яны ж не ведаюць, што са спецслужбаў! Во смеху будзе, калі прыедуць вас арыштоўваць! Уяўляю іхнія твары!

— Ты спачатку на гэты твар паглядзі, — няветліва абарвала яго Віка. — Разуй вочы! Які ён спецслужбіст? Ён і ёсць Васіль. я хацела сказаць, што ніякага Васіля не існуе ўвогуле, — сама заблыталася.

Цім нарэшце падняў вочы на Крушынскага — і здранцвеў. Нейкі час у леснічоўцы панавала нямая сцэна.

— Дык… тады хто раскапаў магілу? — парушыў маўчанне Валік.

А Цім усклікнуў:

— Якая розніца?! Бацька яшчэ з раніцы пайшоў у лясніцтва, каб у Жытнявічы, у міліцыю пазваніць! Яны ж вось-вось прыедуць сюды! Па вас!