На развітанне вырашылі: пачакаць суткі. Сёння увечары Цім асцярожна пастараецца ўсё выведаць у бацькі: як трымаўся Крушынскі? Што яму можа «свяціць»? Калі праз суткі Крушынскага не адпусцяць — тады Віка павінна сысці адсюль. Дзесьці схавацца. Няважна, куды сысці і дзе схавацца. А хлопцы паедуць у горад і прызнаюцца ва ўсім. Хто такая Віка. Хто такі «Васіль». Што Крушынскі не мог раскапваць магілу.
Жорстка ў адносінах да Вікі? Але гэта адзінае разумнае выйсце! З якім і сама дзяўчынка згадзілася. Крушынскі не вінаваты, а невінаватыя ў турме сядзець не павінны. Трэба ратаваць яго, бо сам ён ратавацца не будзе, зберагаючы Віку. Што тут незразумела?
Памятаючы наказ Крушынскага, Віка ў той вечар не запальвала ні лямпу, ні ў грубцы. Рана легла спаць. Яшчэ і не цёмна было. Доўга трэслася пад халоднай коўдраю. Барс падышоў да самага тапчана і глядзеў на яе, павільваючы хвастом. Дзяўчынка адчула пяшчоту да яго, адзінай жывой істоты, што заставалася з ёю.
— Барс, мілы, — звярнулася яна да сабакі. — Памятаеш, ты знайшоў мяне? У лесе, пад снегам? А гаспадар твой не выгнаў, прытуліў. І дзе ён цяпер? У сырых сценах!
Ад гэтых уласных слоў так шкада ёй стала і Крушынскага, і сябе, што захацелася плакаць. Яна ўспомніла, як Крушынскі прывозіў ёй доктара. Як купляў ёй апельсіны, бананы, яблыкі. Тушыў для яе зайца і здабываў і смажыў курапатак. У Гомель яе звазіў. Адшукаў яе маці і заплаціў грошы, каб тую не выганялі з бальніцы. Нарэшце, бараду згаліў — яе, Віку, паслухаўшы! Дарослы чалавек, а паводзіны, як у дзіцяці малога! І чаму ён так носіцца з ёю? Хто яна яму?
— Барс, чаму ён так са мною носіцца? — паўтарыла Віка ўголас сабаку. — Ты часам не ведаеш? А вось я, здаецца, ведаю. Хаця і баюся гэтага! І ніколі нікому не скажу!
Барс стукаў хвастом па падлозе і аддана, акурат, як на Крушынскага, глядзеў на яе. І ёй здавалася, што ўсё-ўсё ён разумее.
Пакрысе яна сагрэлася, скурчыўшыся пад коўдраю ў камячок. Прыснілася ёй летняе рамонкавае поле, па якім яна бяжыць босая, не бяжыць, а ляціць нават, ледзь кранаючы нагамі кветкі — так, што яны нават не прыгінаюцца. І нагам яе надзіва цёпла!
Дзяўчынка не ведала, што гэта Барс тайком залез на тапчан і скруціўся клубком у яе нагах, грэючы іх.
Раздзел XXVIII
Барс у каторы раз выручае людзей. — Пальчатка. — Віка ўспамінае доктара. — Нумар на цыгарэтным пачку. — Трэба дзейнічаць!
Віка так прытрымлівалася наказаў Крушынскага, што ад залішняй стараннасці забыла зачыніць дзверы на ноч. Пад раніцу Барс піхнуў іх лапамі, выслізнуў на двор і пабег па сваіх сабачых справах.
Калі Віка прачнулася, сабака ляжаў у кутку за грубкаю і ціха гырчэў — як робяць сабакі, калі хтосьці хоча адабраць у іх ежу. Канечне, гырчэў ён нарочне. Але ж сапраўды грыз штосьці!
Віка падыйшла бліжэй. Барс ашчэрыў на яе маладыя белыя клыкі і наступіў на сваю знаходку лапаю.
— Што гэта за дрэнь? А ну, не еж абы-чаго…
Віка адшурхнула сабаку. Падняла тое, што ён грыз. Гэта была скураная пальчатка, брудная і мокрая ўсярэдзіне, да таго ж пацярпелая ад сабачых зубоў. Аднак дзяўчынка, перамагаючы непрыемнасць, надзела яе на руку. Штосьці вельмі і вельмі знаёмае! Яна прымярала яе ўжо аднойчы! Гэтая самая пальчатка была некалі на яе руцэ!
І Віка ўспомніла доктара з горада. Хіхіканне яго і паціранне рук. Агляд — цыпкі на скуры ад дакранання інструментаў. Крушынскі з доктарам выходзяць, яна прымярае пальчаткі, забытыя на стале.
Не было сумнення, што гэта адна з тых пальчатак. Але як яна тут апынулася?!
«Дзе ты яе знайшоў?» — ледзь не папытала ў Барса. Ды схамянулася: колькі можна гаварыць з ім? На ўсе пытанні ў яго адзін адказ — стуканне хвастом па падлозе.
Крушынскага арыштоўвалі так хутка, што ён не паспеў (ці знарок не захацеў, бо ў цёплым бушлаце ў камеры зручней) нават пераапрануцца. Скуранка яго вісела ў «шафе». Віка пачала шнырыць па кішэнях. Куртка пахла Крушынскім. Нічога! Усе чатыры кішэні пустыя. Толькі крышкі ад тытуню, ды ва ўнутранай, «патаемнай» кішэні — пусты, скамечаны пачак ад цыгарэт.
Пачакайце. Але Крушынскі не курыць такіх! Дзяўчынка расправіла пачак. Збоку былі напісаны чужым почыркам восем лічбаў і пад імі — слова «СТАСЬ».
Хлопцы прыйшлі роўна ў дзесяць, як і дамаўляліся. Абодва былі панурыя. Стараліся не глядзець на Віку. І дарма! Бо калі калі глянулі б, сёе-тое маглі б убачыць. Напрыклад, што ў вішнёвых вачах яе скачуць такія ж іскрынкі, як і ў Крушынскага, калі ён расказваў легенду пра Васіля.
— Крушынскі маўчыць, — сказаў Цім, уздыхнуўшы, і прысеў на табурэтку. — Яму «шыюць», бацька расказваў. Вось, тут запісана ў мяне, — Цім зачытаў з кавалачка паперы, — трыста сорак сёмы артыкул, частка першая — апаганьванне могілак.
— Яму! — усклікнула абураная Віка. — Які нічога не апаганьваў, а наадварот, за ўласныя грошы паставіў помнік чужому чалавеку!
— Што ж будзем рабіць? — спытаў Валік. — Адразу папярэджваю: у міліцыю я не пайду! І Віку падстаўляць не збіраюся!
— Баішся, каб яна не знікла адсюль? — ціха, у падлогу гледзячы, прамармытаў Цім.
— Што-што?
— Паўтары! — у адзін голас усклікнулі Віка з Валікам.
Не такі Цім дурны, каб паўтараць.
— Вось што, хлопчыкі, — сказала Віка, і «хлопчыкі» цяпер толькі звярнулі ўвагу, якая яна сёння вясёлая і ўпэўненая ў сабе. — У мяне зусім іншы план. Мы паедзем у Мінск. Усе разам.
— Як так?
— Чаму ўсе?
— Здаецца, я ведаю, хто раскапваў магілу. Мы павінны самі знайсці злачынцу. І я адна магу пазнаць яго.
Хлопцы пераглянуліся. Вось табе і Віка!
— А як жа той мужчынка, які прыезджаў у сяло і бадзяўся па могілках? — спытаў Цім. — Я ўпэўнены, што без яго рук не абыйшлося.
— Магчыма, злачынцаў было некалькі. Бачыце гэтую пальчатку? — узяла са стала і паказала хлопцам Віка. — Дык вось, калі мяне, непрытомную, падабраў тады Крушынскі, на другі дзень.
З вялікай цікавасцю выслухалі хлопцы і пра доктара з Мінска, і пра тое (дзяўчынка нічога не стала ўтойваць), як яна прыкінулася нямой і як хутка раскусіў яе доктар, і пра забытыя ім пальчаткі, якія яна прымервала. Адну з іх Барс сёння знайшоў і прывалок сюды.
— Гэтую вось самую.
— Ты ўпэўнена, Віка?
— Упэўнена. Проста… у мяне сваіх пальчатак ніколі не было. Я першы раз у жыцці іх адзела. Як такое можна забыць?
— Дык, значыць, Крушынскі ведае гэтага доктара? — спытаў Валік. — Не на вуліцы ж ён яго падабраў.
— Думаю, што ведае, — адказала дзяўчынка. Яна ўспомніла, як Крушынскі не хацеў пакідаць яе ў сябе, і адзін з ягоных довадаў быў такі: «Ды і доктар гэты бачыў цябе!» Па яго інтанацыі яна тады зразумела, што Крушынскі з доктарам — даўнія знаёмцы.
Але пра гэты эпізод дзяўчынка расказваць не стала. Такога кшталту ўспаміны маглі належаць толькі ёй і Крушынскаму.
— Тады навошта нам ехаць у Мінск? — перабіў яе думкі Валік. — Паедзем у Жытнявічы, у міліцыю да Крушынскага, раскажам пра пальчатку, ён назаве адрас, дзе гэты доктар жыве.
— Зараз, — іранічна азвалася Віка. — Хто нас да яго пусціць? Хто мы яму такія? Да таго ж тры першыя дні падследным забаронены любыя пабачанні, нават з роднымі людзьмі. Толькі з адвакатам.
Віка казала як спецыяліст па такіх справах.
— Адкуль ведаеш? — з зайдрасцю (знайшоў чаму зайздросціць) да такой яе эрудыцыі спытаў Цім.
— Ведаю. Неяк з маці да айчыма хадзілі, — неахвотна патлумачыла Віка. — Дык вось! Калі мы самі знойдзем, дзе гэты доктар жыве, ды напішам афіцыйную заяву, ды прыкладзем пальчатку — тады іншае! Тады яны вымушаны будуць адпусціць Крушынскага.
— Але як мы знойдзем таго доктара? — засумняваўся Валік.
Ці м падказаў:
— Трэба пакапацца ў рэчах Крушынскага! Павінны ж быць у яго нейкія блакноты, адрасы, тэлефоны.
— Ужо зроблена, — з усмешкай адказала Віка. Дастала пачак з-пад цыгарэт з кішэні. — Крушынскі такія не курыць. І почырк не яго. Значыць, гэты нумар «сотавіка» напісаны альбо рукою самога доктара, альбо чалавека, які іх тады падвозіў. Мы нават імя ведаем — Стась!