— Ну, Віка, — Валік адважыўся на камплімент. — Ты мала таго, што прыгожая, дык яшчэ і такая разумная, назіральная. Пазайздросціць можна!
Не Валік, а дзяўчынка пачырванела: яе так рэдка ў жыцці хвалілі. А Цім сказаў насмешліва:
— Ну, ну, потым будзеце хваліць адзін аднога… Колькі цяпер? — узяў са стала будзільнік і чамусьці прыклаў яго да вуха. — Палова на адзінаццатую? Ён правільна паказвае? У дванаццаць аўтобус на Мінск. Збірайцеся.
— Пачакай, а грошы? — ускінуўся Валік.
— Ты што, забыў? — нагадала Віка. — Крушынскі ж пакіў нам грошы!
— А ты не баішся, што цябе ўбачаць?
— Няхай бачаць, — адказаў за дзяўчынку Цім. — Няхай прывыкаюць, што яна тут. Толькі не забывайце: Віка, ты — пляменніца Крушынскага!
Раздзел XXIX
Мінск. — Званок на "сотавік". — Стась не здраджвае сваёй звычцы. — Дом у прыватным сектары. — Цімава смеласць. — Віка пазнае доктар а, а Цім — Ігар а. — Аддзяленне міліцыі. — Заява паводле ўсіх правілаў. — Крах доктара Пракулевіча з зяцем Ігарам.
Хлопцы не аднойчы ездзілі ў Мінск — і разам, і нават самі, таму дома не ўзнікла ніякіх пытанняў. Валік сказаў, што яму трэба купіць адну важную кнігу (маці нават грошы яму дала), а Цім, не прыдумваючы ніякай прычыны, проста ляпнуў:
— Паедзем з Валікам ў Мінск гуляць. Надакучыла тут.
— Ды глядзі, пад машыну не падлезь, — папярэдзіла маці. — Гэта ж Мінск, а не Вялікая Паляна!
— Не вучы вучонага. Не ў першы раз!
Віка з'явілася на прыпынку за лічаныя хвіліны да адпраўлення аўтобуса. Ніхто з пасажыраў нават не звярнуў на дзяўчынку ўвагі. Мала тут дачнікаў, перасяленцаў ды ўвогуле чужых людзей! Усё адно і хлопцы, і Віка рабілі выгляд, што яны незнаёмыя. Так і даехалі да Мінска, ні словам не перакінуўшыся.
На вакзале першым чынам купілі тэлефонную картку. Цім узяў у Вікі пачак з-пад цыгарэт. Набраў нумар — з таго самага таксафона, з якога званіў некалі Крушынскі сваім даўжнікам.
— Алё! Мне, калі ласка, трэба Стась.
— Слухаю, — буркнуў сярдзіты голас.
— Дзе вы жывеце? — пачаў хітры Цім. — Да вас ёсць важная справа. Нам трэба сустрэцца.
— А ты дзе знаходзішся?
— На ўсходнім вакзале. Цэнтральны перон.
— Тады не кладзі трубку…
Нічога не разумеючы, Цім пераглянуўся з сябрамі. Праз хвіліну ён пачуў у трубцы:
— Хочаш пабачыцца, дык азірніся.
Стась, трымаючы каля вуха "сотавік", стаяў каля самага таскафона. Яму выйсці з «масквіча» і падысці сюды было якіх метраў пятнаццаць. Ён падазрона агледзеў тройку сяброў.
— Ну, я слухаю. Што вам трэба?
Цім запытальна зірнуў на Віку. Тая крутнула галавою — не, гэта не доктар!
— Мы ад Крушынскага, — сказаў Цім.
— Якога яшчэ Крушынскага?
— Вы вазілі доктара да яго ў леснічоўку, — умяшалася Віка. — Каля сяла Вялікая Паляна.
— А-а! Ну, ведаю. І што?
— Вы ж адвезлі таго доктара назад у Мінск?
— Дапусцім.
— Вы памятаеце, куды? Нам тэрмінова трэба яго адрас!
— Яшчэ і тэрмінова, — пасміхнуўся Стась. — Не, не помню.
Стась які быў падазроны, да ўсяго і да ўсіх недаверлівы, такі й застаўся.
— А што вы за такія юныя следапыты? Навошта вам доктар?
— Крушынскі ў турме, — сказала Віка, гледзячы Стасю ў вочы. — А ён ні чым не вінаваты. Мы ведаем, што. Словам, што вінаваты ва ўсім доктар! А зваліў на Крушынскага!..
— Крушынскі ў турме? — Стась задумаўся. — Дык вы, значыць, сабраліся «абмяняць» яго на доктара? Нешта ўспамінаю. Калі ад'язджалі, дык сядзеў ён, як на цвіках… Папрасіў ў мяне аловак, паперу. У самога рукі дрыжэлі. Я яшчэ тады падумаў — штосьці ён такое замыслівае!
— Дык вы скажаце адрас?
— У прынцыпе, нам не паложана Ёсць такое правіла ў таксістаў: ніколі нікому не называць каардынаты кліентаў. Але толькі дзеля Барыса! На яго і на ваша шчасце ён мне спадабаўся. Хадзем у машыну.
Праз паўгадзіны сябры вылезлі з «масквіча» на вуліцы Адоеўскага. Злева спрэс цягнуўся так званы прыватны сектар.
— Вунь дом, — паказаў пальцам Стась, — бачыце? Прывітанне Крушынскаму. Калі вызваліцца, хай паведаміць. Ну, поспехаў!
Сябры наблізіліся да самых веснічак паказанага ім дома. Сабакі ў двары не было, ужо добра.
— Ну, паграбуся памалу, — прашаптаў Цім.
Не паспеў ён узяцца за веснічкі, як дзверы з дома расчыніліся і на парозе паказаўся. нізенькі мужчынка! Той самы, які швэндаўся па Вялікай Паляне і заходзіў на могілкі!
Следам, праводзячы мужчынку, на ганак выйшаў і нейкі стары дзед.
— Чаго табе, хлопчык? — насцярожыўся дзед, убачыўшы Ціма.
— Нічога, — адказаў той і засмяяўся. Цяпер ім ужо сапраўды нічога больш не трэба было. Усё зразумела. Вось дзе яны жывуць, сапраўдныя злачынцы!
Аднак на вуліцы яшчэ перапытаў ў Вікі:
— Ён?
— Ён. Той самы доктар.
— А з ім хто, цікава? — сказаў Валік.
— А з ім — той самы «Васіль», якога я бачыў у Вялікай Паляне!
Валік толькі прысвіснуў.
Бліжэйшае аддзяленне міліцыі знаходзілася ў вельмі зручным месцы — побач з празрыстай, нібы з аднаго шкла зробленай кавярняю. Дамовіліся, што Віка будзе сядзець там, у цяпле, і чакаць хлопцаў, колькі спатрэбіцца.
Дзяжурны — малодшы лейтэнанцік без фуражкі — крыху здзівіўся, калі двое падлеткаў, высокі і нізкі, зайшлі ў вестыбюль і наблізіліся да вакенца.
— Мы хочам зрабіць важную заяву. Каму гэта можна, вам альбо следчаму?
Дзяжурны надзеў фуражку і ў сваю чаргу спытаў:
— У пісьмовай ці ў вуснай форме?
— У пісьмовай. Толькі нам папера трэба.
— А вы зможаце?
— Паспрабуем…
— Калі ласка. Вось вам папера, вунь стол. Напішаце — аддадзіце мне.
Хлопцы пісалі, а дзяжурны ўсё пазіркваў на іх. Праз хвілін дзесяць перад ім леглі два, буйным Цімавым почыткам спісаныя, аркушыкі. Дзяжурны пачаў чытаць. Прачытаў.
— Нічога сабе!.. — Падняўся. — Хадземце за мною.
Хлопцы падняліся за ім на другі паверх. Каля аднаго з кабінетаў стаялі тры, разам змацаваныя, крэслы.
— Пачакайце тут, калі ласка, — дзяжурны пастукаўся і зайшоў у кабінет, а дзверы, відаць, знарок, пакінуў расчыненымі.
— …Першы раз у жыцці такіх талковых хлопцаў бачу, — пачуўся яго голас. — А напісалі як! У нас акадэміі паканчалі, а граматыкі не ведаюць.
Цім заірдзеўся. Валік паляпаў яго па плячы.
— Ды будзе табе… — прамармытаў Цім. — Звычайная хроніка!
Пісаў ён заяву па прынцыпе «нічога лішняга». Раздзяліў яе на дзве часткі: 1) уводзіны ў курс справы і 2) голыя факты. У ноч з такога на такое чысло раскапана магіла ў Вялікай Паляне; па падазрэнні ў злачынстве арыштаваны Жытнявіцкім РАУС Барыс Крушынскі, былы «афганец»; у сувялі з гэтым маем паведаміць наступнае: за тры дні перад здарээннем у сяло прыязджаў чалавек, які пражывае ў г. Мінску па такім і такі адрасе, і цікавіўся менавіта гэтай магілай; акрамя таго, у ваколіцах Вялікай Паляны знойдзена пальчатка (прыкладаецца да заявы), якая належыць чалавеку, што пражывае там сама, дзе і першы падазроны. Няма сумнення, што гэта саўдзельнікі. Просьба найхутчэй выпусціць ні ў чым не павіннага Б. Крушынскага і ўзбудзіць крымінальную справу супраць сапраўдных злачынцаў. Дата, прозвішчы з прыпіскай — вучні шостага класа Вяліка-Палянскай сярэдняй школы, подпісы.
— І дзе ты так налаўчыўся? — спытаў Валік.
— Кніжак многа чытаю…
— Зайдзіце! — паклікаў хлопчыкаў следчы. Гэта быў стары мажны чалавек з сівымі вусамі.
Зайшлі, селі ва ўжо мяккія крэслы за стол, насупраць следчага. Той званіў некуды па тэлефоне і не спускаў з хлопчыкаў пільных вачэй.
— Ага… Так, так! Запісваю…
І запісваў, гледзячы не на паперу, а на хлопчыкаў! Такога ім яшчэ бачыць не даводзілася.