Даволі доўга ішла тэлефонная размова. Нарэшце следчы паклаў трубку.
— Зараз я гаварыў з Жытнявічамі, — патлумачыў ён. — Скажыце, кім вам даводзіцца гэты Крушынскі? Што вы за яго так турбуецеся?
— Нікім…
— Проста сябар. Старэйшы, — адказаў Цім.
— А ці ведаеце вы, што ваш старэйшы сябар ужо аднойчы быў судзімы? Праўда, неўзабаве высветлілася, што ён невінаваты.
— Ведаем!
— Расказаў, значыць? Добра… Ваш Крушынскі, канечне, герой, ардэнамі-медалямі ўзнагароджаны, і ўсё такое. Аднак блізка з ім сыходзіцца я б вам не раіў. Дужа ж ўжо нейкая бурная біяграфія ў чалавека!
Хлопцы маўчалі.
— Зрэшты, хай вашыя бацькі з гэтым разбіраюцца, — спахапіўся следчы. — Я вас слухаю. Вы паводле ўсіх правілаў напісалі заяву, а цяпер паўтарыце, калі ласка, вусна.
Ці м, як змог, паўтарыў.
— Дзякую! — сказаў следчы, выслухаўшы. — Усё. Ваша місія скончана. Вас выклічуць, калі трэба будзе.
— А як мы даведаемся пра вынікі? — пацікавіўся Валік.
— Чакайце вашага сябра. Вернецца Крушынскі — значыць, усё ў парадку. Значыць, вы не памыліліся. І яшчэ! Канечне, вам будзе аб'яўлена падзяка, вы атрымаеце каштоўныя падарункі і гэтак далей.
— Мы зусім не дзеля падарункаў, — сказаў Цім.
— Я разумею. Пачакайце… У любым выпадку — нават калі вы і памыляецеся, а мне вельмі б не хацелася, каб вы памыліліся, — вы сапраўдныя хлопцы. Сапраўдныя сябры. Я проста хачу паціснуць вам руку…
Сівавусы следчы разам з аператыўнай групай сам выехаў па ўказаным адрасе. Хлопцам на развітанне ён сказаў: «Хоць я і не да канца ўпэўнены, што нешта з гэтага выйдзе…»
Давялося ўпэўніцца.
Пасля, прыгадваючы вобыск і неадэкватныя паводзіны грамадзяніна Пратасевіча, уся следчая група клалася ад смеху. Па-першае, доктар страшэнна спалохаўся, калі ўбачыў людзей у форме і ў цывільным. А хіба калі чалавек не вінаваты, ён палохаецца так? Па-другое, на пытанне ў лоб: «Гэта ваша пальчатка?» — здуру ляпнуў:
— Мая…
— Дзе вы былі ў ноч з такога на такое?
— Рыбу лавіў. На Мінскім моры.
— Хто можа пацвердзіць?
— Зяць мой, Ігар…
— Адрас яго! І тэлефон — службовы, і хатні! Калоцячыся ад страху, доктар назваў. Адразу ж выйшлі двое. Завялася машына на вуліцы. Следчы працягваў допыт.
— А як пальчатка аказалася ў Вялікай Паляне, за дзвесці кіламетраў ад Мінскага мора?
— Не ведаю…
— Пакажыце мне адзенне, у якім вы ездзілі на рыбалку.
Лепш бы не рабіў гэтага доктар Пратасевіч! Ён нават гразь і гліну не счысціў са свайго хімабаронаўскага касцюма. Да ўсяго, другая, цэлая пальчатка, але такая ж брудная, выпала з кішэні.
— І дзе вы ўмудрыліся на Мінскім моры, зімою, так выпэцкацца?
— Не ведаю…
Следчы, які сам быў някепскі рыбак, палез у скрынку.
— Як вы лавілі рыбу, калі ў вас нават вудкі не размотаныя? Калі ў вас ўсе, як адна, мармышкі сухія?
— Не ведаю…
Следчы махнуў рукою і нават дапытваць перастаў. Не варта было марнаваць час. Неўзабаве прывялі зяця Ігара. Той убачыў пальчаткі, убачыў брудны касцюм, убачыў перакошаны страхам цесцеў твар… Усё зразумеў. Стары гультай! Нават касцюм у парадак не змог прывесці! А дамаўляліся як?!
— Дык што, — звярнуўся следчы да Ігара, — будзем праводзіць экспертызу? Здымаць адбіткі пальцаў? Рабіць выезд на месца злачынства? Ці адразу пярэйдзем да галоўнага: што вы рабілі ўночы на магіле «афганца»?
— Не трэба… экспертызы, — выціснуў Ігар. — Запісвайце!..
Раздзел XXX
Вяртанне Крушынскага. — Хлопцы ходзяць героямі. — «Легалізацыя Вікі. — Дык ці была шкатулка з каштоўнасцямі? — Містыка. — «Сабака на сене». — Дзяўчынцы здаецца, што ўсё гэта сон.
Крушынскага выпусцілі тым жа вечарам.
Усё сяло толькі і гаварыла аб апошніх падзеях. Усе ведалі, што нейкія прахадзімцы з Мінска капаліся на магіле «афганца», шукалі нейкі скарб, нічога, канечне, не знайшлі, бо адкуль яму, гэтаму скарбу, было тут узяцца?
Усе таксама ведалі, што Крушынскага арыштавалі несправядліва, па нагаворы. Перажывалі за яго — як бы ўжо ён зрабіўся іхнім, вясковым. Бо і праўда — каму ён што кепскага рабіў, такі непрыкметны, ціхі? Да таго ж гэта менавіта ён некалі паставіў на магіле свайго сябра такі прыгожы помнік! За ўласныя грошы!
Аб гэтым расказаў людзям Цімаў бацька-ляснік. Самому лесніку было сорамна перад Крушынскім, ён збіраўся прыйсці ў леснічоўку прасіць прабачэння і на поўным сур'ёзе казаў сыну: «Падрыхтуй ты як-небудзь барадача свайго.», і збянтэжана чухаў патыліцу.
Аднак Цім і сам быў сярдзіты на Крушынскага. Навошта ён хлусіў ім пра спецслужбы, пра афганскую шкатулку, пра Васіля?.. Калі ўжо так карцела яму, дык мог бы і менш праўдападобную гісторыю выдумаць. І зусім не абяцанага матацыкла, якога ён цяпер, вядома, ніколі не атрымае, шкадаваў Цім. Не настолькі ён быў наіўны, каб спадзявацца на такі дарагі падарунак. Проста каму прыемна, калі цябе падманваюць, дык яшчэ так сур'ёзна, так грунтоўна, так дакладна?..
— Яго таксама можна зразумець, — апраўдваў Крушынскага Валік. — Ён правільна зрабіў. Падумай: цэлыя канікулы мы жылі гэтай тайнаю! А калі б ён проста прагнаў нас? Нічога не прыдумваючы? А так — ціквей было жыць.
Зрэшты, нават і ведаючы, што скарб — усяго толькі міф, прыдуманы Крушынскім, хлопцы пачуваліся героямі. Гэта ж менавіта яны раскрылі злачынства; міліцыі толькі заставалася арыштаваць віноўных! Гэта ж менавіта яны мала таго, што ўратавалі ад турмы Крушынскага, дык яшчэ і памаглі «легалізаваць» Віку. Цяпер дзяўчынцы не трэба было хавацца. Усё проста. Са слоў Ціма з Валікам вяскоўцы ўжо ведалі, што яна — пляменніца Крушынскаму, прыехала да яго з Гомеля на канікулы. Пажыве крыху, ды і паедзе.
— А што: гэтага доктара, і таго, другога, хто з ім быў — у турму пасадзяць? — пацікавілася Віка ў Крушынскага.
Быў позні вечар. Крушынскі сядзеў на сваім любімым месцы — перад грубкай, і пакурваў у комін.
— Гэтых? — рассеянна перапытаў ён. — Ды не, наўрад ці. Суд улічыць і матывы, і нанесены ўрон, і гатоўнасць кампенсаваць гэты ўрон, і характарыстыкі на іх, і раскаянне. Упэўнены — выкруцяцца яны!
Забягаючы наперод, скажам, што Крушынскі як у ваду глядзеў. Так і атрымалася. Не падмануў зяця Ігара знаёмы юрыст, усё сышло аферыстам з рук, лёгкім перэпалахам абыйшлося; хаця ў Ігара і былі вя-я-лікія непрыемнасці па службе!..
— А шкада, — прамовіла Віка. — Шкада, што гісторыя з афганскай шкатулкай усяго толькі легенда. Выдумкі!
Крушынскі сядзеў прыгорбіўшыся. Маўчаў. Часта зацягваўся цыгарэтаю. Віка ўважліва паглядзела на яго. Раптам неверагодная здагадка цюкнула ёй у галаву. Толькі жанчына можа ўгадваць такія рэчы (а не Цім з Валікам; яны адразу паверылі, што ніякага скарбу не было!).
— Ці… гэта не легенда? — прашаптала Віка.
— А ты як думаеш? — павярнуўся ён да яе.
— Я магу і памыляцца… Але думаю, шкатулка існавала. Ты даўно забраў яе. Яшчэ калі ставіў на магіле помнік.
Віка сказала, а сама сцялася ўнутрана. Ёй страшна было, што рассмяецца зараз Крушынскі, альбо проста агрызнецца: «Ды колькі можна?! Як мне ўсё гэта надакучыла?!»
Не засмяяўся. Не агрызнуўся.
— Гэта было вельмі лёгка зрабіць, — толькі і сказаў вінавата і ціха. — Помнік тры дні ставілі. Раствор, бетон, крошка, там падкапаць, там падважыць. Вось я і выбраў адну ноч… Нават рабочыя нічога не заўважылі.
— І ты… ўсё патраціў?! За гэтыя пятнацацць гадоў?!
— Не паверыш, але амаль што нічога.
— Дык шкатулка ў цябе?
— Яна схавана ў надзейным месцы. Я, Віка, калі б нават і захацеў, дык нічога не змог бы патраціць.
— Як… гэта?
— Так. Гэта не мае каштоўнасці. Яны не прыносяць мне шчасця, — сур'ёзна гаварыў Крушынскі. — Проста містыка нейкая! Праўда: за гэты час я паверыў і ў Бога, і закляцці, і ў забабоны, і ва ўсё замагільнае, нерэальнае. Ды тут любы на маім месцы паверыў бы. Гэта праклятыя каштоўнасці, Віка! Я не магу імі распраджацца, не магу траціць іх на сябе, а яны не адпускаюць мяне! Ведаеш выраз сабака на сене? Вось так і я! Як ланцугом якім да гэтага месца прыкуты! Як вартаўнік, што павінен быць заўсёды побач!