— Ну і жмот! Дай хоць якую цыбуліну з хлебам! Я стаяў каля дзвярэй (табурэтка з шахматамі была адзінай на кухні) і адчуваў тое ж, што, відаць, і любы б чалавек на маім месцы. Куды я патрапіў? Навошта я тут? Нашто патраціў грошы — каля дзесяці даляраў, а яшчэ ж, як кажуць, "не вечар"?..
Пасля нядоўгага аднеквання і ламаніны Адамавіч, крэкчучы, палез пад стол, пашамацеў у адной з картонных скрыначак, што там стаялі, выцягнуў тры невялікія цыбуліны. Абцерабіў у пальцах шалупінне:
— Хлеб сам вазьмі, у халадзільніку, — загадаў Крывіцкаму. А мне патлумачыў: — Усё адно туды няма чаго класці, дык я яго і не ўключаю. Чаго дарма электрычнасць пераводзіць? Так і служыць, усё адно як шафа.
— Вось жмот, — Крывіцкі адчыніў халадзільнік. — Сапраўды, пуста! Хочаш паглядзець? Я адмовіўся. Крывіцкі паклаў побач з цыбулінамі кавалак чарствога батона.
— Ну ты ўжо зусім здзяцінеў, Адамавіч! Хіба ж так можна? Памрэш — хто цябе хаваць прыйдзе? Я не пайду!
— Без цябе пахаваюць, не бойся.
— Можа, сапраўды няма ў чалавека? — умяшаўся, каб не стаяць маўчком, я.
— У яго ды няма! Такія жмоты ведаеш якія багатыя? Адамавіч, скажы яму, колькі ў цябе грошай!
— От пустазвон…
— Ты ж паў-Мінска мог бы скупіць — што, не так? — От шалапут, — ківаў галавою Адамавіч. Крывіцкі наліў яму першаму, і Адамавіч выпіў прагна, нагбом — як сасмяглы чалавек, што дарваўся да шклянкі калодзежнай чыстай вады. Калі я выпіў і пачаў хрумстаць цыбулінай, дзед раптам заўважыў:
— Зуб ніжні трэба лячыць, малады чалавек. Не запускайце. — Як вы ўбачылі? — здзівіўся я, кратаючы языком рэшткі пломбы, якая сапраўды выкрышылася дзён колькі назад. — Ён ды не ўбачыць! Усё жыццё зубы ставіў — адкуль жа і грошы ў яго.
— Тады б вы сабе паставілі, — сказаў я, убачыўшы, як Адамавіч жуе мякіш. Яўна ў яго ў самога з зубамі было не ўсё ў парадку.
— Ён ды паставіць. Золата шкада!
— Пустазвон, — ані не крыўдзіўся дзед. Доўга не чакаючы, паўтарылі. Крывіцкі развесяліўся:
— Ну што, дзед, выпіў? А цяпер — дыскатэка! Я падышоў да табурэткі з шахматамі. Адамавіч ні з таго ні з сяго аж затросся.
— Мо гуляеце? — з надзеяй запытаў ён.
— Так… гуляў колісь, — я не стаў хваліцца, вядома, што быў чэмпіёнам раёна сярод школьнікаў.
— Не сядай з ім, ён памешаны на шахматах! І сапраўды, Адамавіч ажывіўся так, што вочы засвяціліся нейкім дзіўным, нават фанатычным бляскам. Раптам кінуўся ў пакой, з'явіўся з двума табурэтамі ў руках:
— Сядай, — да мяне. — А ты, — Крывіцкаму, тыцкаючы яму штосьці ў руку, — збегай пакуль, купі, ну, сам ведаеш.
— Даўно б так! — Крывіцкі, задаволены, сышоў.
Разыгралі: Адамавічу выпалі белыя. Ён доўга нацэльваў старэчыя дрыготкія пальцы, складзеныя ў жменьку, на цэнтральную пешку, затым хуценька адымаў руку, нават хаваў за спіну. Урэшце прасунуў пешку на e4, і пасля майго ходу, ужо не думаючы, другую пешку на f4 — каралеўскі гамбіт, даволі хітры, але састарэлы пачатак… (Калі вы не ведаеце, грамадзянін следчы, каралеўскі гамбіт — гэта каскад прыгожых ахвяраў у белых, трох пешак і каня, каб вызваліць "калідор" па лініі f і пасля ракіроўкі атрымаць моцную атаку; зрэшты, магчыма, гэта не галоўнае ў маіх тлумачэннях.)
Некалі я і сам любіў карыстацца гэтым пачаткам, але цяпер усё забылася; адразу патрапіў у «пастку», нарабіў памылак — не памог і лішні конь, і лішнія пешкі. Я пачаў задумвацца над хадамі куды даўжэй за Адамавіча, якога спачатку не прыняў усур'ёз як шахматыста.
Да таго ж Крывіцкі вярнуўся, пачаў шумець, перашкаджаць, падносіў нам "імперыял", тоўкся за маёй спіною і падказваў адно і тое ж:
— Канём хадзі, канём! — такі ў яго быў жарт. Словам, я прайграў. Здаўся недзе на пятнаццатым ходзе.
— Тэорыю трэба вучыць, малады чалавек, — Адамавіч, не проста задаволены, а шчаслівы, паціраў сухія рукі.
— На высадку! — гарлапаніў Крывіцкі. — Зараз вып'ем, тады я сяду!
Ён закасаў рукава ў кашулі, напінаў біцэпс і ўсё чапляўся да Адамавіча:
— Выходзь, стары, на арэну!
З першага ходу стала ясна, які ён гулец. Як і ва ўсіх недалёкіх, тупаватых людзей мышленне ў яго было, калі можна так сказаць, шашачнае, не здольнае да абстрактнага камбінавання. Стаіць фігура пад боем — значыць, трэба браць.
— А если он меня прикончит матом, то я его через бедро с захватом, или ход конем по голове! — крычаў ён, хапаў з дошкі каня і жартаўліва замахваўся на дзеда, які, праўда, аніяк на гэта не рэагаваў.
Крывіцкі прапусціў "дзіцячы" мат у тры хады, мы памяняліся. На гэты раз я добра вымучыў дзеда, тым больш, што Крывіцкаму надакучыла, ён курыў у фортку і не перашкаджаў нам, — і ўсё ж Адамавічу ўдалося-такі правесці ў ферзі адну-адзіную лішнюю пешку.
Я, грамадзянін следчы, рэдка бачыў у сваім жыцці такіх шчаслівых людзей, як Адамавіч у той вечар, калі двойчы выйграў у мяне. Я ведаў самых розных шахматных "фанатаў", яшчэ ў дзяцінстве любіў па выхадных хадзіць у парк, дзе гулялі ў шахматы на грошы і дзе гэтая бяскрыўдная гульня часам нагадвала "баі без правілаў" — у прамым сэнсе многія партыі заканчваліся фізічнымі бойкамі. Але Адамавіч, чалавек, які, можна сказаць, стаіць адной нагою ў магіле, радаваўся так, нібы выйграў па меншай меры мільён даляраў. Ён прытанцоўваў (я не жартую) на месцы. Ён смяяўся, паціраў рукі і ўсё паўтараў:
— Тэорыя, малады чалавек, тэорыя!
IV
Калі мы выйшлі на двор, было зусім цёмна. Крывіцкага развезла — не так, мабыць, ад выпітага, колькі ад свежага восеньскага паветра пасля смуроднай кухні. Да таго ж ён курыў, не перастаючы. Мы прыселі на лавачку каля пад'езда.
— Чаму ты ўвесь час пра нейкае золата, пра нейкія грошы нёс? — спытаў я.
— Што значыць "нёс"? — пакрыўджаны маім недаверам, Крывіцкі нават працверазеў. — Паслухай, хлопец, — ты ведаеш, што такое зубны тэхнік? Ды яшчэ прыватны? Ты ведаеш, што такое паставіць зубы без чаргі? Ведаеш, якія колісь грошы за гэта выкладвалі?
— Ну, здагадваюся.
— Нават і не здагадваешся! А ці ведаеш ты, колькі золата ідзе на каронку ці на зуб, дапусцім, з залатога персценя? Думаеш, усё да грама? Памыляешся! На кожным зубе, на кожнай каронцы абавязкова штосьці эканоміцца. А ўжо выплавіць гэтыя лішкі ў злітак і дзіця малое зможа.
А сапраўды, падумаў я. Мне прыгадалася раптам гісторыя, даўным-даўно вычытаная ў нейкай кніжцы. Справа ў тым, што золата вельмі мяккі метал — вага, напрыклад, манеты змяншаецца нават пасля таго, як яе патрымаеш у пальцах. Гэтым і карыстаўся адзін кемлівы банкаўскі служачы. Кожную суботу, калі ў банку пералічвалі залатыя манеты, ён прыносіў з дому новенькі дыванок, якім засцілаў стол, у канцы работы акуратна яго скручваў у трубачку, дома спальваў на спецыяльнай патэльні і кожны раз атрымліваў злітачак чыстага золата.
— І дзе ён можа хаваць тыя зліткі? — ляпнуў раптам я нечакана для сябе самога.
Крывіцкі паблажліва засмяяўся:
— Ты, я гляджу, як той Адамавіч — многа хочаш! Дзе хавае… Спытай што-небудзь лягчэйшае.
— Ды ці ёсць яны ўвогуле?
Крывіцкі прамоўчаў, нібы набіваючы сабе цану. Падняўся з лаўкі:
— Пайшлі памалу, мне дабірацца далёка, у Курасоўшчыну…
— Я вазьму табе таксоўку, — прапанаваў я, зразумеўшы, да чаго ён хіліць.
— Праўда? Ты — сапраўдны сябар! А піва яшчэ купіш?
— Куплю.
Мы пайшлі да Маскоўскай, Крывіцкі хістаўся, і я вёў яго пад руку.
Кіёск з разліўным півам быў даўно зачынены. Я купіў бутэлечнага, здаецца, нават імпартовага.
— Ты ж ведаеш, я сядзеў, — глынуўшы піва, гучна адрыгваючы, расказваў Крывіцкі, — за аліменты. Амаль паўгода. Выйшаў адтуль — ну, думаю, гады, я вам устрою! Пра жонку з цесцем. Жонкі, праўда, дома не аказалася, яе шчасце, а цесця змалаціў на горкі яблык. Адвёў душу. Добра, што ён паддаты быў тады, адразу пабоі не здагадаўся зняць. Але ўсё адно — праз дзень піша на мяне заяву, я, вядома, ні сном ні духам, мала ты дзе, цесць, валэндаешся, ды і паддавала ты добры, можа, упаў дзе-небудзь п'яны і ўсе праблемы… Словам, выкручваюся, як магу. Аднак выклікаюць да следчага, той спачатку для прафілактыкі ўрэзаў па нырках пару разоў… Я адпіраюся. Тады ён моўчкі штосьці піша на аркушыку і падсоўвае мне пад нос. Уверсе стаіць лічба тры, а ўнізе — сума, якую я і ў руках не трымаў![5] Значыць, выбірай: ці тры гады «страгача», ці "на лапу". Аркушык забраў і пры мне спаліў у попелцы. Паказвае на дзверы — свабодны!