— Ну і?
— Ну я ногі ў рукі — і да Адамавіча свайго… Так і так, кажу, ратуй, дзед, другі раз я адтуль жывым не выйду, ведаю гэта. Памажы, адкупі, свая ж кроў, не чужая! Дзед які ні чокнуты, а паверыў, адно сказаў: "Грошай у мяне няма, у далярах вашых я не разбіраюся. (Тады толькі пачыналася гэтая карусель з перабудоваю.) Але ў мяне, кажа, ёсць штосьці лепшае за грошы і за даляры. Схавана яно ў надзейным месцы, мне трэба час, каб дастаць. Паедзеш заўтра на вакзал, у камеры захоўвання знойдзеш такую й такую ячэйку, а вось табе лічбы, якія набярэш, — і з хітрым выглядам піша штосьці на шматку паперы — акурат як той следчы! — і падае мне. — Калі ў цябе, кажа, хапіла розуму за паўгода двойчы дапасці да турмы, дык павінна хапіць і на тое, каб адчыніць дзверцы ячэйкі". Я зірнуў і ледзь не абамлеў. Ды ён проста здзекуецца з мяне!
— А што там было?
— Ахінея нейкая, як спачатку здалося, старэчы маразм! Я ўжо не помню даслоўна — нешта, "ад майго адымі сваё, дадай палавіну матчынага, падзялі на бацькавае… " А ён радуецца як дзіця: "Цяпер, кажа, я, ведаючы цябе і твой язык, калі што, заўсёды адкручуся!"
— Ты сур'ёзна?
— Кажу ж, здзяцінеў чалавек пад старасць, ты ж сам бачыў! А па-другое, падумаўшы, і сапраўды — успомні, як раней строга з золатам было, гэта цяпер поўна скупак, любую рэкламную газету разгарні — паўсюль аб'явы; а тады, напрыклад, тармазнулі б мяне каля камеры, застукалі б з золатам, хто б усур'ёз успрыняў тую запісачку і на Адамавіча падумаў? Дарэчы, і «шыфр» яго аказаўся наіўным, як і сам Адамавіч: трэба было ўзяць гады нараджэння, ад Адамавічавага адняць мой і таму падобнае. Выходзіла акурат чатыры лічбы, а літару я проста падабраў механічна. Адкрыў дзверцы і знайшоў там пакуначак, у якім ляжаў вось такі…
Крывіцкі правёў пальцам па рыльцы бутэлькі:
— Вось такі злітак. Я бягом на Батанічную, ад радасці і здуру цыганам амаль за паўцаны аддаў. Але следчаму акурат хапіла, адкупіўся, справу закрылі. Затое Адамавіч, як пачуў, колькі я за яго метал узяў, — мо з паўгода на мяне нават пазіраць не хацеў, такі злы быў. І цяпер я добра ведаю — хоць разапнуся перад ім, хоць на каленях буду поўзаць і ногі цалаваць — не дасць ні капейкі! Крывіцкі ўздыхнуў. — Адна надзея — хату адпіша…
V
Раптам я заўважыў, што акрамя недапітай бутэлькі з півам пры мне больш нічога няма. А парасон дзе? (Памятаеце, грамадзянін следчы, я забіраў парасон з рамонту?) Застаўся ў Адамавіча. Было яшчэ не так і позна, можна было спакойна вярнуцца і забраць. Але я нічога не сказаў Крывіцкаму. Пасадзіў яго ў машыну, напярод расплаціўся з таксістам, а сам на метро паехаў у сваё Уручча, дзе здымаў пакой.
Працверазеў і абдумаўся я яшчэ па дарозе. Дурань, каго я слухаю, каму веру! Мне трыццаць гадоў, а я слухаю нейкую ахінею пра нейкія "зліткі золата", "шыфроўкі", "камеры захоўвання"!.. Як не сорамна?!
Гаспадыня яшчэ не спала, піла гарбату на кухні. Я ціхенька праслізнуў у свой пакой, не стаў ні есці, ні піць. Лёг спаць, а сон не йшоў. Перад вачыма стаялі то шахматныя фігуры, то зубны тэхнік Адамавіч, у якога ў самога кепскія зубы, то пастарэлы твар Крывіцкага, то парасон, які вісіць зараз недзе там, у пярэдняй, на вешалцы…
Потым я задрамаў, але сярэдначы прачнуўся, бы ад штуршка, ужо зусім цвярозы, і раптам іншыя думкі заснавалі ў галаве. Я зразумеў, што гісторыя гэтая не скора забудзецца, бо наколькі яна здаецца на першы погляд неверагоднаю, настолькі ж яна і заманлівая. Адзінокі, хворы, стары чалавек, які ў любы час можа, як выказаўся Крывіцкі, "дуба ўрэзаць"… Няўжо, калі ў яго сапраўды ёсць багацце, ён не зразумее, што ўсяго ў магілу не забярэш?.. Няўжо ён не разумее, што яго Крывіцкі — не той чалавек, каму можна даверыць нават маленькую суму?..
Хто з нас, грамадзянін следчы, хоць раз у жыцці не любіў марыць? У кім з нас яшчэ з дзяцінства не жыве вера ў цуд? Выйсці, скажам, на вуліцу і раптам знайсці кашалёк, набіты грашыма… Або цэлы чамадан… А зрэшты, які ў гэтым цуд? Хіба не бывае такога? Вунь сусед нядаўна расказваў: выходзіць ён рана-раненька, гадзін у пяць, на вуліцу — у яго праца такая, што трэба рана выходзіць, — і бачыць на прыпынку, пад ліхтаром, ляжачага чалавека з раскінутымі рукамі, побач — шапка і «дыпламат». І вакол ні душы. "Мне б, дурню цара нябеснага, — расказваў сусед, — схапіць «дыпламат» ды ногі хутчэй адтуль! Але хто мог ведаць, што там?! Ды і боязна. Вярнуўся дамоў, патэлефанаваў у міліцыю, у «хуткую», пакуль выйшаў зноў да прыпынку, яны ўжо там. Мужчына жывы, толькі п'яны і пабіты моцна. Занеслі яго ў «хуткую», а мне міліцыянеры выпісваюць даведку, каб на рабоце апраўдацца, і просяць быць панятым. Залазім у машыну, адчыняюць яны «дыпламат», і ў мяне, — расказвае сусед, — ды, думаю, і ва ўсіх, хто там быў, літаральна сінее ў вачах: «дыпламат» увесь, з верхам набіты пачкамі новенькіх фунтаў стэрлінгаў!"
Вось вам і «цуд». І праўда, як казаў герой вядомага рамана: раз сярод людзей пакуль яшчэ ходзяць грошы, значыць, павінны быць і асобы, у якіх гэтых грошай вельмі і вельмі многа. І наш Мінск не выключэнне. Паслухаеш, пачытаеш газеты, паглядзіш тэлевізію — усе такія бедныя, такія жабракі, што толькі міласціну прасіць; але ж нехта ўвесь час купляе каштоўныя рэчы, адзенне, дарагія прадукты, ездзіць на красунях-іншамарках, прасаджвае ў казіно па тысячы даляраў за вечар… Я стараўся прагнаць ад сябе гэтыя думкі. Я казаў сабе: "Калі такія дзівосы, як знаходка «дыпламата», набітага фунтамі, і здараюцца, дык не з табою!" — а іншы голас нашэптваў мне: "Ды чаму не з табою? Чым ты горшы? Паглядзі, напрыклад, не на Крывіцкага, а на іншых сваіх аднагодкаў: для многіх з'ездзіць, скажам, у Іспанію, Англію, Амерыку — тое ж самае, што для цябе ў вёску да бацькоў. І гэта не здаецца ніякім дзівам! А пачыналі яны, як і ты, на пустым месцы. Цяперашнім часам усё магчыма, любое дзіва можа зрабіцца яваю, трэба толькі моцна хацець яго, ну, і варушыцца як-небудзь…»
Клянуся, грамадзянін следчы, мне і ў галаву не прыходзіла тады жадаць Адамавічу смерці, — ды і які сэнс у гэтым?! Што можна ўзяць ад мёртвага? Бяруць ад жывых… Проста я фантазіраваў у тую ноч, нявінна, па-дзіцячы фантазіраваў: хай бы і са мною нарэшце здарыўся цуд, і, скажам, падараваў мне той жа Адамавіч кілаграмаў так з пяць сваіх зліткаў — навошта яны яму? А ў мяне — першапачатковы капіталец, кватэру змог бы купіць, адзецца па-людску, дзяўчыну ў дарагі рэстаран звадзіць… Ды, Божа мой, што значыць, калі не трэба лічыць праклятыя рублі, калі ў кішэнях шастае "зеляніна" даляраў, — элементарна адчуваеш сябе Чалавекам!..
Заняткі ў нас у другую змену; да абеду не было куды сябе дзець, я сабраў канспекты і паехаў у бібліятэку. Але заказаў, сам не ведаю чаму, не падручнікі, а зборнік… "Шахматныя мініяцюры". Гартаў яго, аднаўляючы ў памяці мудрагельетвы такой любімай некалі гульні, адразу ўбачыў і зразумеў сваю ўчарашнюю памылку ў "каралеўскім гамбіце"… Але ўвесь час не пакідала адчуванне, што ёсць у мяне наперадзе нешта радаснае, прыемнае, — і ўспаміналася: "Парасон!"
Гэта можна параўнаць, грамадзянін следчы, з тым, як некалі была ў мяне каханая дзяўчына, прыходзіла да мяне, а потым забывала штосьці — шарф, кнігу, пальчаткі; я ведаў, што гэта знарок, каб прыйсці яшчэ раз, і, ведаючы гэта, на душы рабілася прыемна і радасна…
VI
Без пятнаццаці чатыры я падыходзіў да дома на Фабрыцыуса. Знаёмая лесвіца, учарашнія знаёмыя смуродныя пахі… Я націснуў кнопку званка і падрыхтаваўся да такой жа доўгай "дуэлі" на словах, якую вялі ўчора Адамавіч з Крывіцкім.
Але дзверы расчыніліся адразу. Адамавіч, у той жа апратцы, што і ўчора, з абвязанай хусткаю паясніцаю, хутка і ахвотна, нібы мы дамаўляліся пра сустрэчу, упусціў мяне: