Выбрать главу

— Праходзь.

Я патаптаўся ў пярэдняй, не ведаючы, што рабіць далей, што казаць. А Адамавіч моўчкі, пільна аглядаў мяне з галавы да ног. Каб не напалохаць яго, я ўсміхнуўся і як мага мякчэйшым голасам нагадаў:

— Парасон… Я забыў учора парасон.

— Парасон? Ці яшчэ штосьці?

— Не, здаецца, усё.

— А золата? — раптам падміргнуў мне Адамавіч. — Нябось, расказаў учора той пустамеля пра золата, вось ты і прыплёўся!

— Не разумею…

— Усё ты разумееш. Расказаў, набрахаў табе, а ты і паверыў. Паверыў жа? А яшчэ дарослы чалавек — як не сорамна? Ён усяму Мінску пра мяне небыліцы бае. Але падумайце сваёй галавою — калі б у мяне было золата, ці грошы, — хіба б я так жыў, як жыву? Я не настолькі яшчэ дурны, каб мне не хацелася пагуляць хоць пры канцы жыцця, — але за што? І рад бы — ды пуста!

Пуста было і ў мяне на душы. Хоць я і разумеў, што дзед кпіць, пацяшаецца з мяне — хоць бы таму, што навошта ён вось цяпер перада мною апраўдваецца, хто я яму такі? — разам з тым я не мог не прызнаць лагічнасці яго слоў. Усё правільна, ніякага багацця няма, і ён, баючыся мяне, чужога чалавека, тлумачыць мне гэта. А калі нават дапусціць, што ёсць багацце, дык як яго ўзяць? На якіх правах? Забіць зараз дзеда і пачаць абшукваць кватэру?

Мне сорамна прызнавацца, грамадзянін следчы, але я стаяў перад Адамавічам увесь чырвоны, як шкадлівы вучань перад настаўнікам. Калі здранцвенне прайшло, я зняў з вешалкі свой парасон, заціснуў пад пахаю:

— Прабачце… Дык я пайду?

— Пачакай, давай у шахматы, раз прыйшоў Толькі разувацца не трэба, — і патупаў на кухню. — Я спяшаюся… — аднак жа нейкі чорт, што сядзеў усярэдзіне, пацягнуў мяне следам. На кухні было чысцей, чым учора, праветрана, вядро з-пад смецця стаяла пустое, адно лінолеум у сіне-белыя клеткі быў такі ж брудны, мо з год нямыты. Я адразу заўважыў, што акрамя табурэта з расстаўленымі шахматамі стаяць яшчэ два — значыць, дзед сапраўды чакаў мяне. Але цяпер гэта не мела ніякага сэнсу. Я быў злы на сябе, злы за свае дурныя дзіцячыя мары, за страчаны дарма час… Адзінае, чым суцяшаўся, — значыць, праз гэта трэба было прайсці, каб супакоіцца і жыць, як і жыў раней.

— Дзе ты вучышся? — нечакана спытаў Адамавіч, робячы першы ход. — Раскажы трохі пра сябе. Бацькі ёсць?

Я неахвотна адказаў. Злосць, як ні дзіўна, памагла мне, і я выйграў тры партыі запар, чым давёў Адамавіча ледзь не да шоку.

— Тэорыя, — мармытаў ён, і калі браўся за фігуру, так сціскаў яе, што пальцы бялелі. — Што значыць тэорыя…

Потым мне надакучыла, і я даў Адамавічу выйграць тры партыі. Ізноў, як і ўчора, я са здзіўленнем назіраў метамарафозу, што адбывалася з чалавекам, якому даўно ўжо трэба думаць пра той свет. Адамавіча падмянілі. У яго разгарнуліся плечы, у яго памаладзелі, заіскрыліся шчасцем вочы; Вы не паверыце, грамадзянін следчы, ён пачаў нават напяваць казліным голасам модны апошнім часам шлягер!..

Мне было страшэнна нудна тут. Пасля шостай партыі я падняўся і катэгарычна заявіў:

— Усё, пайду!

— А можа, яшчэ? — пачаў упрошваць Адамавіч. — На пасашок?

— Не. Я спяшаюся.

— Ну, што ж, — ён глыбока ўздыхнуў і пайшоў правесці мяне да дзвярэй.

Вось тут адбылося наступнае. Зазіраючы мне ў вочы, дзед раптам гулліва ўшчыкнуў мяне за бок і прашаптаў:

— А ёсць золата! Толькі халеры знойдзеце, хоць усё тут абшукайце. Я не такі дурны, як вам з тым шалапутам здаецца, я ведаю, што вы змовіліся. Вы, цяперашнія, за капейку зарэжаце, а то за золата! — і паківаў мне пальцам.

— Як вам не сорамна… — я не дагаварыў. Хутка сунуўшы ў бакавую кішэню кабата руку, Адамавіч, не зводзячы з мяне вачэй, працягнуў мне на далоні невялікі, памерам з палову запалкавага карабка злітак цёмна-жоўтага металу.

— І такіх многа! — прашаптаў ён, хаваючы злітак назад, не даўшы мне нават як след разглядзець яго. Я стаў агаломшаны. Вось гэта фокус!

— Дык будзеш прыходзіць у шахматы гуляць? — Адамавіч хіхікаў і пашчыкваў мяне за бок.

— Мабыць… буду, — я зглынуў сліну.

VII

З таго дня пачаліся мае пакуты, якія можна параўнаць, і то вельмі прыблізна, з нераздзеленым каханнем. Я кахаў і "хацеў" — а мяне не кахалі і "не хацелі", але і не адпускалі ад сябе, падаючы слабую надзею.

Доўжылася гэта амаль месяц. Кожны вечар я, нібы пад гіпнозам, плёўся да Адамавіча, гадзінамі сядзеў у яго на кухні за шахматамі, робячы выгляд, што абдумваю хады, што радуюся, калі выйграю і засмучаюся, калі атрымліваю мат. Само сабою, выйграваў я рэдка, адну-дзве партыі за вечар — больш было небяспечна, каб не пакрыўдзіць, не спужнуць, не астудзіць капрызлівага дзеда…

Заняткі я, вядома, запусціў — якія заняткі, калі я магу атрымаць усё адразу, калі ў адзін момант, як у той чарадзейнай казцы, мне ў рукі можа прыплыць тое, дзеля чаго я ў прынцыпе і вучуся, — багацце.

Я цярпеў, грамадзянін следчы, і чакаў — як хітры вопытны палюбоўнік церпіць і чакае ўзаемнасці ад халоднай непрыступнай красуні. А гэты момант усё ніяк не наставаў. Кожны вечар, часта запозна, вяртаючыся на метро дамоў, я скрыгітаў зубамі і ледзь не плакаў ад злосці. Я схуднеў, еў мала. Начамі не мог спаць. Але надыходзіла раніца, і вось я ўжо з нецярпеннем чакаю, калі ж вечар? У мяне соладка пачынае трымцець сэрца: "А раптам сёння? Чаму ён усё распытвае, з якой я сям'і? Чаму так прыглядаецца да мяне, нібы хоча сасватаць мне нявесту? Выпрабоўвае? Несумненна. Гэта Крывіцкі мог не заўважыць такога, але не я. Адамавіч сапраўды сватае мяне, каб ажаніць потым… са сваім багаццем! А пакуль прыглядаецца, што я за жаніх, ці ў добрыя рукі патрапіць яго скарб. А жаніх павінен быць ветлівы, усмешлівы, культурны, чысценькі, абавязковы. Гэта пазней, пасля вяселля, можна ссунуць на бок гальштук, можна будзе дазволіць сабе расслабіцца…»

Адамавіч між тым выпрабоўваў мяне — хоць і прымітыўна, аднастайна, але нямала нерваў каштавала выконваць ягоныя капрызы. Усе яны зводзіліся да аднаго: праверыць, ці не хачу я яго забіць.

Напрыклад, седзячы за шахматамі, ён хапаўся раптам за сэрца, пачынаў войкаць, стагнаць:

— Там… у пакоі… парашок на стале… Ох, хутчэй!.. Я кідаўся ў пакой, дзе пахла нежылым духам, уключаў святло, хутка аббягаў вачыма небагатае убранства, стараючыся ўгадаць, дзе можа быць схавана золата. У гэтай старой шафе, на якой зверху пад шклом дзве палічкі з кнігамі? У гэтым стаматалагічным крэсле, што, пакрытае цыратаю, стаіць тут проста сярод пакоя чужароднай няўклюдаю? У ложку, пад ложкам? У падаконніку? У ножцы стала? Знаходзіў парашок, бег на кухню, набіраў вады ў шклянку. Адамавіч пільна сачыў за кожным маім рухам, тады браў парашок, дэманстратыўна высыпаў яго ў вядро з-пад смецця, а ваду выліваў у ракавіну:

— Адпусціла; сядай гуляць.

— Які ж вы дзівак, Адамавіч, далібог, — прыязным голасам, мякка дакараў я яго.

Гэта паўтаралася ў розных варыянтах — напрыклад: "Зрабі мне ўкол, толькі набірай лекі ў шпрыц тут, на кухні!" Я бег у пакой, знаходзіў у аптэчцы аднаразавы шпрыц, лекі, на Адамавічавых вачах набіраў, выціскаў з іголкі струменчык і толькі падступаўся з уколам, як Адамавіча «адпускала». Усе гэтыя праверкі былі, паўтаруся, аднастайныя, усе мелі на мэце паказаць, што Адамавіч заўсёды напагатове і не такі прасцячок, каб не здагадацца пра нашыя з Крывіцкім планы. (Яму па-ранейшаму здавалася, што ў нас з Крывіцкім змова супраць яго.)

Праўда, быў выпадак, калі я ледзь не "засыпаўся". У адзін з вечароў мы мірна сядзелі за шахматамі. Раптам Адамавіч, як заўсёды ні з таго ні з сяго, падазрона ў мяне ўставіўся, тады збялеў і пачаў гучна стагнаць. Я памог яму дабрацца да ложка, накрыў коўдраю… І тут цюкнула мне ў галаву: а што, як на гэты раз праўда, і ён не жартуе? Вунь якое дыханне частае, з хрыпамі, уздрыгвае ўвесь — відаць, ад прыступаў болю, твар бела-сіні, нездаровы…

— Выкліч «хуткую», паміраю!.. — і калі я кінуўся ў пярэднюю, дзе на тумбачцы стаяў тэлефон, пачуў ззаду: — Тэлефон адключылі, не заплаціў у час, бяжы на двор!..