Выбрать главу

"Рота, целая рота легла под Моздоком!", і п'яныя слёзы і ўсхліпванні.

Адзіны ратунак — сядзець і ківаць моўчкі, пакуль не зойдзе новы пасажыр і «чачэнец» на яго не пераключыцца. Прыпынак, пасажыры — маладая маці з маленькай дачкою. Гуд бай, «чачэнец», пераключайся. І прабачце, жанчына. Я вам не зайздрошчу. Падсядае: "Как это вы одна, без мужа? А я в Чечне роту в бой водил…" Не адказвай, дурнічка. Адказала, усміхнулася. Прапала… "Мужу нельзя таких жен одних отпускать… Вот у нас в Чечне тоже был случай…»

Другі прыпынак. Не, так жа не бывае!.. Знаёмы плашч белы, вочы шэрыя, знаёмая сумка… І дзяўчына яго пазнала; здзіўлена, нават радасна: "Привет!"

Усё, «чачэнцу» ні ў якім разе яе не аддаваць… Сядае побач.

"Так, зараз я табе зноў купляю пасцель і зноў аддаю сваю ніжнюю лаўку".

"Праўда?"

"І так будзе кожны раз. Мы цяпер заўсёды з Мінска і ў Мінск будзем ездзіць у адным купэ". Засмяялася.

"Чачэнец" нагаварыўся, упаў на рукі на столік, заснуў. Потым прачнуўся, залез у адзенні на верхнюю паліцу і адразу ж захроп. Жанчына ўкладала дачку спаць. Святло прытушылі і ў паўзмроку свяціліся добрыя шэрыя вочы.

"Як цябе завуць?"

"Наташа". "Сур'ёзна?"

"А што, такое рэдкае імя?"

"Ты не першакурсніца "ін'язу?"

"Не, першакурсніца медінстытута".

"Проста я якраз пішу п'есу, там галоўная гераіня — першакурсніца Наташа".

Яна не зразумела, аж прыадкрыла роцік. Н. паўтарыў па-руску.

"А чаму вы пішаце… гэтую… п'есу?"

Н., упершыню за ўсё жыццё, сказаў незнаёмаму чалавеку, што ён — пісьменнік. А што гэта такое? Ну, проста, друкуецца ў часопісах і піша кніжкі.

Яна памаўчала з ветлівасці. Ён пачаў асцярожна распытваць і хутка зразумеў, што яна не ведае нічагуткі: ні таго, што людзі могуць гаварыць па-беларуску, ні таго, што нехта нешта піша, а хтосьці чытае; яна не ведала ніводнай назвы беларускага часопіса.

"Чым вы там займаецеся, у сваім інстытуце?"

"Зубрым… А пра што вы пішаце?"

"А чаму ты завеш мяне на вы? Колькі мне гадоў, як ты думаеш?"

"Павярніцеся да святла…»

Доўга, уважліва разглядала, ўрэшце сказала ўпэўнена: "Дваццаць пяць".

"Трыццаць адзін, — з гонарам адказаў Н., прыгадаўшы выказванні мінскіх літаратараў (гл. пачатак аповесці). — Чацвёрты дзесятак!"

"Ніколі не дасі. Тады тым больш трэба на вы, — і адразу ж: — Дык пра што ты пішаш?"

"Не, я пра сваё не ўмею. Я чужое люблю расказваць. Вось, паслухай, якую навелу напісаў мой сябра…»

Сюжэт навелы быў такі: галоўны герой, студэнт, блізарукі, падчас сяброўскай выпіўкі знянацку разбівае свае акуляры. Яго знаёмяць з дзяўчынаю. Яна бачыцца яму, бы ў тумане, уся размытая, але ў яе цудоўны голас. Дзякуючы голасу, уяўленне малюе гэтаму студэнту яе як дзяўчыну незвычайнай прыгажосці. Ён праводзіць яе дамоў, закаханы, шчаслівы. І на другі дзень ідзе на спатканне з ёю, — у акулярах, вядома. І вось ён бачыць перад сабою звычайнае, шэрае, невыразнае дзяўчо. Толькі голас яе — той самы, начны, мілагучны — не дае яму адразу павярнуцца і ўцячы. Дзяўчына між тым усё разумее. Ёй сорамна. Яна яшчэ больш сцінаецца. І тады хлопец — які цудоўны, нечаканы паварот! — нібыта выпадкова зноў разбівае свае акуляры, і ўсё вяртаецца: зноў каханне, зноў дзяўчына ператвараецца ў фею.

Н. расказваў з інтанацыяй, падрабязнасцямі, жэстыкулюючы і робячы паўзы ў патрэбных месцах, стараючыся не прапусціць драбнюткіх дэталяў, дадаючы сёе-тое (па праву пісьменніка) і ад сябе.

Яна была ўражаная: "Трэба ж!.. Няўжо цяпер такое пішуць?"

VI

Пастуквалі колы. Час ад часу за акном праплывалі асветленыя пероны невялікіх станцый, на якіх цягнік не спыняўся, — тады і ў купэ святлела. А потым — зноў ноч і перастук колаў.

"Пра што ты думаеш? — спытала дзяўчына. — Мне здаецца, ты гаворыш і думаеш пра штосьці сваё".

"Звычка такая… Прафесійная!" (Чорт бы яе, гэтую звычку, пабраў.) "Дык пра што?" "Табе цікава будзе?"

"Цікава".

"Я гавару з табою, а сам мару. Мне хочацца "білецік на другі сеанс". Каб зноў апынуцца ў дзяцінстве, пайсці зноў у школу, тады твае гады зноў перажыць, студэнцкія… Усё-ўсё па-нову, разумееш? Колькі памылак можна было б пазбегнуць!"

Яна не зразумела. Ён сказаў: "Кладзіся спаць, Наташа", — і пайшоў курыць у тамбур.

Вярнуўся — яна ляжала, прыкрытая коўдраю, і не спала.

"Пасядзі са мною", — сказала яна раптам.

Ён прысеў, паправіў ссунутую коўдру, падаткнуў ёй пад ногі.

"Мне так пашэнціла, што я з табою еду", — прашаптала яна.

"З-за таго, што купіў табе пасцель?"

"Раскажы яшчэ што-небудзь", — папрасіла яна, не адказаўшы.

"Ну, слухай. Бог стварыў Зямлю. І ўсё жывое на ёй. І гэтае жывое жыло і развівалася, а потым памірала, мільёны гадоў. Нараджаліся і паміралі розныя мудрацы, розныя рэлігіі, розныя грамадскія лады, вяліся войны, адбываліся рэвалюцыі, ірваліся атамныя бомбы… і ўсё гэта рабілася дзеля таго, каб у канцы дваццатага стагоддзя два чалавекі сустрэліся ў адным купэ цягніка. Смешна, праўда? Вось вынік усяго развіцця чалавецтва — каб мы з табою сустрэліся! А раніцаю развіталіся назаўсёды".

"Не, — хутка сказала яна. — Ты пакажаш мне Мінск".

"Што менавіта ў Мінску?"

"Усё. Я амаль нічога там не ведаю. Не ведаю нават, дзе цырк, не была ў ім ні разу, не ведаю, дзе плошча Перамогі…»

"Ты не перастаеш мяне здзіўляць. Ты ж нармальная сімпатычная дзяўчына — табе няма каму паказваць Мінск? Як жа ты жывеш, чым?"

"Колькі я там жыву — менш чым паўгода. Інтэрнат не даюць, гаспадыня кватэры сварыцца, каб не гуляла позна. Лекцыі, семінары, а ўвечары зноў вучу і тэлевізар гляджу. Ведаеш, як цяжка ў медыцынскім?"

"Здагадваюся. Усё, Наташа, заўтра ўставаць рана".

"Пачакай, нагніся… — сказала яна, прыўзнялася і пацалавала яго ў вусны. — Добрай ночы!"

VII

Н. драмаў. Ён чуў, як гадзіны ў тры пастукалі ў дзверы, правадніца крыкнула: "Жлобін!", і «чачэнец» падхапіўся, пачаў збірацца. У чатыры гадзіны зноў стук і крык: "Беразіно!", і маладая маці з дачкою выйшлі. Нарэшце а палове шостай уключылася святло, зайшла правадніца і аб'явіла: "Мінск".

Н. паляжаў трохі, каб не перашкаджаць дзяўчыне збірацца. Потым зірнуў уніз, павітаўся. Яна сядзела апранутая, трохі прыпухлая пасля сну і ад таго яшчэ больш па-дзіцячы прыгожая. Яна разглядала білеты.

"Вось, аддалі, — сказала яна, убачыўшы яго. — На, на памяць".

Ён узяў два білеты, запіхнуў у кішэню кашулі.

Вакзал сустрэў іх ранішнім рэзкім шумам, лютаўскім, адліжным, прапахлым дымам паветрам.

Яны спусціліся ў светлы пераход, да метро.

"Ну, шчасліва", — сказала дзяўчына, забіраючы сумку, якую ён падносіў.

"Ты паедзеш?"

"Паеду, метро працуе ж". "Можа, запішы тэлефон?"

"Навошта?" — яна няўцямна зірнула на яго, усміхнулася чамусьці.

Белы плашч мільгануўся апошні раз, змяшаўся, растварыўся сярод людзей.

Н. выйшаў на другім баку вуліцы. Першы тралейбус будзе толькі праз паўгадзіны.

На прыпынку курылі, і гэты цыгарэтны ранішні смурод раздражняў. Праехала прыбіральная машына, са скрыгатам здзіраючы сваім касым «нажом» бруд з асфальту, а жорсткі "венік"-круцёлка падхопліваў ззаду гэты бруд, не так падмятаючы, як раскідваючы яго ва ўсе бакі. Людзі хапалі сумкі, ціснуліся да сцен, далей ад краю тратуара, на які ляцела гразь.

О, пракляцце! Гэтыя галасы, мацюкі, бледныя ў паўзмроку твары, сумкі, цыгарэтны дым, гэты скрыгат «нажа» аб асфальт!.. Таксоўку ўзяць? І прыперціся дамоў у шэсць раніцы? І дома будзе тое ж самае!