Выбрать главу

Н. было страшна.

"Ну, выратаваў Мінск?" — папытаў ён у сябе.

VIII

Ён сабраўся і хутка пайшоў Ленінградскай вуліцай у бок «Дынама», завярнуў улева і ў скверыку прысеў на крайнюю лаўку. Святлела. У Мінску зусім не было дажджу. Сёння будзе сонечны, цёплы, харошы дзень. Жыць бы і радавацца.

Што ж адбылося?

Тое, што яму зноў стала страшна. Да моташнасці. Да істэрыкі. Да немагчымасці не тое што радавацца, а жыць.

Учора яго выратавала ад гэтага страху думка хутчэй вярнуцца ў Мінск. Што цяпер? Чым цяпер гэты страх мог бы быць зняты?

Адным: калі б гэтая абсалютна чужая яму дзяўчына не развіталася так абыякава. Калі б яна пакінула адрас, ці запісала нумар яго тэлефона. Навошта? Няважна, ён больш чым упэўнены, што ніколі не шукаў бы яе.

"Пакуль не разбяруся, нікуды не паеду! Буду сядзець тут хоць да вечара!"

"Пачнём з прасцейшага: што мяне спалохала? Для гэтага трэба ўспомніць, калі ТАКОЕ было апошні раз. Даўно, да жаніцьбы. Я пісаў тады сваю першую аповесць…»

І Н. прыгадаў сюжэт той аповесці (ён увогуле помніў кожную старонку трох сваіх кніжак). Галоўны герой ведаў, што яго сяброўка спіць з іншымі. А з ім — не. Разам з тым яна кахала яго, несумненна. Яна, голая, выходзіла з ванны, выціралася перад ім, прасіла зашпіліць на спіне станік, цалавала, запаляла яго — і далей ніяк. Яна смяялася з яго, нібы помсціла за тое, што ён кахае яе такую. А ён не столькі кахаў, колькі хацеў разабрацца. Было не каханне, а паталогія кахання, хвароба. Яе паводзіны і словы былі алагічныя. І сваёй непаслядоўнасцю, невытлумачальнасцю дзяўчына даводзіла галоўнага героя да адчування страху перад жыццём.

"Дык што — сексуальныя матывы? — думаў Н., седзячы ў ранішнім скверыку на лаўцы. — Глупства, гэтая дзяўчына з невялікай нацяжкаю годная мне ў дочкі! Не, могуць быць, вядома, і сексуальныя, але не гэта галоўнае…»

Ён успомніў жанчыну, з якой пазнаёміўся ў тых жа гадах, студэнтам, у "Кнігарні пісьменніка". Ён выйшаў з дзвярэй "Закрытага фонду", тады яшчэ быў такі, толькі для пісьменнікаў; жанчына падышла і папрасіла купіць ёй у тым «Фондзе» нейкую кнігу па псіхалогіі. Ён вярнуўся, купіў. Яны пазнаёміліся. Жанчына аказалася дзіцячым псіхіятрам. Н. падараваў ёй сваю кніжку з той першай аповесцю. Потым разоў колькі хадзіў да жанчыны ў госці (яна была ўдава); яны гулялі ўвечары па вуліцах і размаўлялі.

"Ты ведаеш, што ты «прирожденный» пісьменнік? — казала жанчына. — Проста дзіўна: нарадзіцца сярод нейкіх палескіх балот — і такое абвостранае адчуванне ўсяго! Твая аповесць — беларускі варыянт "Крэйцэравай санаты", я называю гэта «мардабой» — калі жанчына і мужчына, кахаючы адно аднаго, абое люта мучацца. Але бачыш, дарагі Н., п…страданне заўсёды было і будзе асновай любой творчасці…»

Не таму шарахнула яго тое слова, што і да яго адносілася, не таму, што так будзённа вылецела з вуснаў старэйшай за яго, сімпатычнай інтэлігентнай жанчыны, дзіцячага доктара, — а таму, што няпраўдай было. У гэтым ён гатовы быў паклясціся. Ды Божа мой, калі б толькі гэтае — мала ў інстытуце дзевак, якія клаліся ў ложак за пачак цыгарэт!..

Н. успомніў іншыя свае творы на тэму «кахання». Несумненна, творы тыя звязвала адно — адчуванне героямі АЛАГІЗМУ, СУПЯРЭЧНАСЦІ.

Чалавек зацыкліваўся на пункце: чаму сказаўшы «а», жанчына не гаворыць «б»? Чаму, абяцаючы чакаць з войска, не чакае? Чаму голая выходзіць з ванны, прыхінаецца, запаляе — і на гэтым усё канчаецца? Чаму цалуе першая ў цягніку, просіць паказаць Мінск, а раніцай абыякава кідае: "Шчасліва"?..

Матывам тых твораў быў не секс, а жаданне звесці канцы з канцамі, адшукаць логіку, нават гармонію. То былі пакутныя пошукі нейкай формулы, якая давала б магчымасць разгадваць такі тып жанчын.

І ў творах гэта больш-менш удавалася. Гармонія знаходзілася, супярэчнасці знікалі. Гераіні каяліся, прасілі прабачэння… Гэта значыць, калі б Н. захацеў напісаць мастацкі твор пад назваю "Банальнае дарожнае знаёмства", дык для вырашэння супярэчнасцяў ён скончыў бы яго тым, што дзяўчына адшуквала б Н. — галоўнага героя — і ўсё выйшла б цудоўна і гарманічна.

Зусім інакш было ў рэальным жыцці.

IX

Н. падумалася, колькі заходніх фільмаў ён перагледзеў за апошнія гады. Як там усё лёгка і проста! Знайшоў праблему — пазнаёміўся ў цягніку з дзяўчынаю, якая не пакінула свой тэлефон! Ды выйдзі з цягніка, заходзь у любую кавярню — і знойдзеш дванаццаць яшчэ лепшых, якія дадуць не толькі тэлефон!..

"Чаму ж я капаюся ў гэтым?

Таму, што веру адзіна сваёй інтуіцыі.

Таму, што мяне палохае гэта, мне гэта найбольш цікава; а каму не цікава і каго не палохае гэта — тым горш (ці лепш) для яго…»

І так, паехалі. Секс-матывы калі і ёсць, дык не галоўныя. Вырашэнне супярэчнасцяў — важнае, але недастатковае (мала што можа абяцаць жанчына, а потым не выконваць! Не трэба спадзявацца, тады не будзе і расчаравання).

Адкінем яе абяцанні, словы і магчымыя думкі. Возьмем канкрэтнае дзеянне. Учора раніцаю што зрабіла дзяўчына? Яна пайшла. І сёння пайшла. Узнік страх. І ўчора, і сёння.

Значыць, яму не хочацца, каб яго кідалі? Хочацца быць побач? Што ён хацеў узяць ад яе? Выгаварыцца? З такім жа поспехам можна было выгаварыцца і «чачэнцу», і сябрам, і маці, і жонцы…

Н. здавалася, што ён круціцца недзе блізка-блізка ад разгадкі. Нешта казала яму, падавала сігналы — "цяплей, цяплей!", калі ён пачынаў шукаць гэтай разгадкі не ў сваім жыцці, а ў сваіх ранейшых творах. Ён зноў пазваў на дапамогу памяць, і ўсплылі перад вачыма старонкі, раздзелы… Што хацелі яго героі ад жанчын? Ад адной — сексу, ад другой — пакаяння, ад трэцяй — усяго толькі тэлефоннага нумара… І побач з гэтым хаценнем заўсёды ішоў страх. Што кепскага рабілі, ці маглі зрабіць, яго героям тыя жанчыны? Маглі сысці, кінуць іх.

"І тады я пайшоў да Тані, — успамінаў Н. свае цытаты, — і бажуся, як толькі пастукаў у дзверы, зайшоў, сеў, павітаўся — уся мая трывога некуды знікла".

"Страшна і незразумела, калі думаеш, што яна бавіць час са мною і цалуе на развітанне…"

"Галоўнае, я падышоў, сеў насупраць — і ўсе страхі мінулі без следу. Як гіпноз. Як п'яніцу з пахмелля трэба гарэлка, так мне трэба яе бачыць увесь час".

"Ён заўсёды панічна баяўся расстанняў…"

X

Разгадка аж закружыла галаву.

А любімыя песні, якія ён заўсёды мурлыкае пра сябе, едучы на працу ці з працы, або напявае ўголас, калі застаецца адзін?

"Не говорите мне прошай — я это слово ненавижу…"

"Не уходи, побудь со мною…"

"Ён яшчэ вернецца!..»

"Бывай, абуджаная сэрцам дарагая, чаму так горка? — не магу я зразумець…»

"Я так устала с тобой расставаться, что ненавидеть стала дороги…"

"Давай пожмем друг другу руки — и в дальний путь на долгие года…"

"Самая нелепая ошибка — то, что ты уходишь от меня…»

Яшчэ раней Н. усё распытваў маці, які ён быў малы. "Ціхі быў, спаў усё, — адказвала маці неахвотна. — Я з раніцы пайду ў калгас, а ты ляжыш у калысцы, спіш, чакаеш, пакуль прыйду і пакармлю". — "Я заставаўся цэлы дзень галодны?" — "Ну, бацька карміў трохі… Нажуе якога хлеба ў суслу… А то раз баршчом цябе накарміў, у паўгода, ледзь адратавалі. Цэлы месяц у бальніцы з табою ляжала. Уколы табе ў галаву давалі". — "А я плакаў, калі ты раніцаю сыходзіла?" — "Гм, яшчэ як! Як і ўсе дзеці".

Адзін з нямногіх яркіх успамінаў да двух гадоў: калыска, з якой трэба выбрацца. Трэба знайсці чалавека, які ўратуе ад голаду, ад адзіноты. Палачкі з аднаго боку калыскі, аказваецца, можна рассунуць. Можна пралезці ў гэтую дзірку, вываліцца неяк. Удар аб падлогу. Боль, кроў. Прыбягаюць нейкія людзі (бацька?), сварацца, выціраюць кроў, кладуць назад у калыску. На гэты раз палачкі папраўленыя, сядзяць моцна, не рассунеш…