Выбрать главу

Ежу, ласку, супакой — усё можа даць адзін чалавек, Жанчына. І раптам яна сыходзіць. І дзіця не ведае, на колькі — на гадзіну, на дзень ці назаўсёды?

Дык што: кожнае расстанне з любой жанчынаю — закамплексаваны ў падсвядомасці тых гадоў страх? Не, не кожнае і не з любою. Гэта зусім проста. Страх ад развітання з жанчынамі такога тыпу, якія нагадваюць Н. маці. Якія словамі ці дзеяннямі пачынаюць клапаціцца пра яго, выказваць сваю прыхільнасць, любоў да яго.

Ён патрапляе ў залежнасць ад іх. Пакуль яны побач, яму спакойна. Пакуль яны побач, ад іх можна ўзяць штосьці.

Тыповы комплекс!..

XI

Н. закурыў, падняў сумку і пайшоў назад на прыпынак. Шумны горад пасвятлеў і даўно ўжо жыў сваім — чужым, незразумелым жыццём.

Н. не спяшаўся.

"Добра, комплекс. Але разгадка комплексу нічога не дае. Псіхааналізам вылечыцца немагчыма.

Даўно і не мною даказана. Ёсць толькі два — у ідэале — варыянты.

Першы — "адпусціць" свае жаданні, «развязаць» іх, даць ім волю, не заганяць іх у глыбіні свядомасці. Вызваліць сябе ад прыдуманай людзьмі маральнасці. Мапасан, за шэсць гадоў да свайго вар'яцтва і смерці, марыў: раскошны палац недзе ў Егіпце, чарнаскурыя рабы, мармуровыя басейны, мяккія, абцягнутыя скураю сцены, пяць жонак — з пяці кантынентаў Зямлі… Гэтым ён хацеў «развязацца», "адпусціць" інстынкты.

Другі варыянт — рэзка адваротны першаму. Скруціць сябе, свае хаценні, комплексы, падпарадкавацца маральнаму закону. Гэта значыць, прызнаць… Бога над сабою".

І Н. жыва, ярка прыгадаўся ягоны сон перад гэтай паездкаю. Цягнік, бамбёжка, самалёты… "Вяртанне да пачатку". А што, калі… Вось ён сядзіць у купэ, заходзіць дзяўчына. Хто яго, жанатага чалавека, цягне за язык? Навошта ён купляе ёй пасцель? Чаму не лягае моўчкі спаць?

"Праўду, праўду кажу: гора таму, хто зірне на жанчыну з пажадлівасцю!"

Не было б той пяшчоты, што варухнулася ў ім, калі ён папраўляў дзяўчыне коўдру, не было б пацалунка яе. Падумаеш, страта! Затое і гэтага раздзірання не было б. Не было б адной супярэчнасці.

"І не толькі адной, — думаў Н. — Вера, хрысціянства здымаюць УСЕ супярэчнасці. Але якім чынам? Смерцю. Калі ісці да канца, атрымаецца: хрысціянства — смерць. Мне, напрыклад, з маім максімалізмам, з жаданнем дабірацца ва ўсім да канца, прыняўшы сапраўднае хрысціянства, трэба ісці зараз у той вунь пераход каля вакзала, аддаць жабракам і бомжам усе грошы, распрануцца, аддаць куртку, кашулю, чаравікі… Калі мяне ўдараць нажом у бок, трэба павярнуцца і падставіць другі бок.

Сапраўдны хрысціянін не павінен баяцца смерці. А я — я не тое, што баюся, а проста не люблю і не хачу яе. Я малады. Я яшчэ не прайшоў таго, можа быць, наканаванага мне шляху, які падвёў бы мяне і тыркнуў, як ілбом у сцяну, у непазбежнасць: збавенне — смерць. Адна яна вырашае ўсе супярэчнасці".

XII

Тралейбусы спыняліся, забіралі пасажыраў і ад'язджалі, а Н. стаяў на прыпынку, каля таксафона, і не кранаўся з месца.

Заставалася адно: цярпець. Змірыцца. Цягаць на сабе свой крыж. "Такі ўрадзіўся", людзі кажуць. Ехаць дамоў, сядаць і атупела глядзець у адну кропку. Хай будзе што будзе.

Нехта, праходзячы блізка, штурхнуў Н. плячом. Нехта, цягнучы за сабою калясачку, брудным колам церануў мыс чаравіка. Усе спяшаліся некуды, гучна размаўлялі.

"І чаму мне гэта? — думаў Н. — Чаму я такі ўрадзіўся?"

Ён ведаў пра сябе, ды і блізкія людзі не раз казалі, што ён па натуры, па характары — добры, цярплівы, "кісель". Але цяпер ён ненавідзеў, ненавідзеў сур'ёзна. Ненавідзеў жыццё за яго супярэчнасці. Сябе — за тое, што гэтыя супярэчнасці так адчувае. Людзей — за тое, што жывуць сярод гэтых супярэчнасцей і радуюцца.

"Вось яны штурхаюць мяне, пэцкаюць чаравікі, а іншыя, ім падобныя, як сланы ў пасуднай лаўцы топчуцца ў маёй душы, у маёй творчасці, — нічога самі не адчуўшы, не перажыўшы! Не разумеючы, што трэба права мець, каб выказаць нават самую банальную, самую агульную ісціну, крывёю і нервамі заплаціць за гэтае права!" — думаў ён, не маючы на ўвазе нікога канкрэтна.

Яму здавалася, само жыццё супраць яго — такога.

XIII

--------

--------

--------

XIV

Нейкі мужчына папрасіў закурыць.

Н. паглядзеў на яго, падумаў і палез ва ўнутраную кішэню курткі. Дастаючы пачак, адчуў, як пад світэрам, у кашулі, зашамацелі білеты. Адзінае, што засталося пасля яе…

І раптам ён аж скалануўся.

Спрактыкаваная "пісьменніцкая" памяць хуценька вярнула яго ў сённяшнюю раніцу, у купэ. Вось прыпухлая пасля сну дзяўчына разглядае білеты. Чаго іх разглядаць? "На, на памяць… Ну, шчасліва!" — "Можа, запішы тэлефон?" — "Навошта?" Няўцямны позірк, усмешка… Дурань, значыла гэтая ўсмешка, навошта мне твой нумар, калі я табе свой запісала?!

Няўжо такая карусель раскруцілася на пустым месцы?!

Ён, знарок няспешна і разам з тым ужо амаль не сумняваючыся, дастаў білеты, разгарнуў, і на адным, з таго боку, дзе ўказваюцца тарыфныя паясы, прачытаў зверху: "Ты милый. Вот только я твоей жены боюсь…" І ўнізе ўбачыў шэсць лічбаў.

Ён адвёў ад білета вочы, каб выпадкова не запомніць гэтыя лічбы, ведаючы, што такое — выпадковае — запамінанне бывае самае моцнае. Тады чыркнуў запальнічкай, падпаліў білет, даў яму добра схапіцца агнём і кінуў у пустую сметніцу.

Потым ён ехаў у тралейбусе. Яму было радасна.

Смешна. Лёгка. Як бывае, калі прачнешся пасля цяжкага, дурнога сну і адчуеш сябе ў рэальным, знаёмым свеце.

1995 г.

Ратан

Гэта штосьці сярэдняе паміж акунём і яршом, з вялікай прадаўгаватай галавою, якая займае прыблізна адну трэць цела. Драпежная, страшэнна пражорлівая рыба — нават малёк памерам з фільтр ад цыгарэты лёгка заглытвае кручок і дае рады пацягнуць ці прытапіць паплавок. Увогуле, лавіць іх — адна асалода: бяруцца ў любое надвор'е, у любы час, не трэба ні асаблівай снасці, ні падкормкі, ні выбару месца — знай закідвай вуду ці донку і выцягвай. У параўнанні з тым жа акунём, асабліва яршом, якіх намучышся пакуль пачысціш, у ратана амаль няма лускі. Мяса ў іх белае, на смак нагадвае шчупаковае, і юшка атрымліваецца — пальчыкі абліжаш, не кожная «сапраўдная» рыба дакажа.

У Беларусі ратан водзіцца не паўсюль. Асабіста я, напрыклад, да мінулага года нават не чуў, што за ён, і ні разу яго не бачыў. Ажно раз акурат насупраць нашага дома ў мінскім раёне Кунцаўшчына, на пустцы, бралі экскаватарамі зямлю для будоўлі, парабілі ямаў, якія запоўніліся вадой, злучыліся — і ўтварылася, на радасць жыхарам блізкіх дамоў, даволі прыстойная, хоць і неглыбокая, сажалка-копанка. Месца там нізкае, лугавое; вельмі хутка яна зарасла паўз берагі травою, сітняком, аерам. Неўзабаве на ёй пасяліліся некалькі сямеек качак-чыранак, якія хутчэй за ўсё і перанеслі з іншых сажалак рыбіную ікру. Само сабою, дзе вада, ды яшчэ, лічы, у самым горадзе, пад бокам, там абавязкова з'явяцца і людзі з вудкамі — «ціхапамешаныя», як называюць іх тыя, хто не любіць і не разумее рыбнай лоўлі.

З вакон майго дома ўся гэтая сажалка-копанка была відаць як на далоні. Зацікавіўшыся, што ж там такое яны ловяць, пайшоў я неяк паглядзець.

Спыніўся каля дзядзькі — сур'ёзнага, спаважнага, ва ўсёй рыбацкай амуніцыі, зусім не падобнага на «ціхапамешанага», — які акурат здымаў з кручка нешта.

— Што вы злавілі?

— А-а, гібрыды нейкія, — махнуў ён рукою, не гледзячы на мяне, нібы яму было крыху сорамна за свой занятак. — Ратанамі мы іх называем, помесь бульдога з насарогам… — І дадаў, апраўдваючыся: — Я іх так лаўлю, для фіззарадкі. А заўтра на Вячу паеду, ці на Мінскае мора — па сапраўдную рыбу!