Выбрать главу

- Ты толькi паглядзi, наш муляр зусiм здурэў! - пацiху, каб сваiм крыкам не спалохаць Андрэя, бо ён тады мог бы разбiцца, праказала адна дзяўчына да сябровак.

Да комiна наблiжалася варона. Канцы яе крылляў свяцiлiся, як канцы сцёртага венiка, i пры ўзмахах iх даносiўся сiплы свiст паветра. Муляр нагнуўся, схапiў камяк сухой вапны, крыкнуў i запусцiў яго ў варону. Варона часта залопала крыллямi, быццам яна забiлася на вадзе, i спалохана паляцела назад. Камяк разляцеўся ў паветры i градам пасыпаўся на дзяўчат. Унiзе пачуўся крык, смех.

Прагудзеў гудок. Да краю комiна быў прымацаваны блок з вяроўкай. Кола пачало круцiцца, натужлiва заскрыпела на iм вяроўка: гэта дзяўчаты знiзу падавалi муляру вядро вапны. Андрэй адагнаў мары, паспрабаваў нагамi, цi моцна пад iм ляжаць дошкi, узяў вядро, кельму i прыступiў да працы.

Але як толькi паклаў першую цаглiну, яго вочы пацягнула ў бок сталоўкi. Далей Андрэй клаў цэглу, ахоплены марамi. То яму здавалася, што ён з Люсяй iдзе ў сваёй вёсцы па лузе, дзе iскрыць на сонцы не то раса на травах, не то крышталь са сталоўкi. То яму здавалася, што яго комiн знаходзiцца дзесьцi сярод хмар, на iм стаiць ён i яна. Гэты малюнак ён так выразна бачыў, што нават адчуваў цяпло Люсiнага подыху.

IV

Аднаго дня, яшчэ задоўга да абеду, Люся рыхтавалася да сустрэчы са сваiм "тынкоўшчыкам".

У гэты дзень дзяўчыне з самага рання не шанцавала. Спачатку яна разбiла цэлы паднос пасуды i расплакалася. Потым, забегшы за цёцiну шырмачку, Люся аб жалеза, якiм былi акаваны скрынi, парвала панчоху. Стала шукаць iголку i, як на бяду, яе нi ў кога не было. Нарэшце кухар паклiкаў дзяўчыну, зняў свой белы каўпак, дастаў з яго iголку i, даючы, сказаў:

- На. Яшчэ салдацкая. А другi раз каб сваю мела, глядзi. А то дзяўчына i без iголкi.

Уладзiлася справа i з талеркамi, жанчыны яе запэўнiлi, што пасуда б'ецца абавязкова на шчасце! А цёця Глаша ад сябе дадала, што заступiцца перад Сямёнам Макаравiчам, каб ён гэтыя талеркi спiсаў.

Ужо, здаецца, усё было добра. Надзя адна абслугоўвала залу. Раптам дзяўчыне стрэлiла ў галаву, што яна ад плачу змянiлася ў твары. Люся пабегла да шафкi, у якой афiцыянткi клалi свё адзенне. У гэтай шафцы Мiра пакiнула аб сабе ўспамiн - памаду. Люся ўзяла яе i пабегла за шырму.

Калi з падфарбаванымi вуснамi, шчокамi i брывамi Люся выйшла з-за шырмы, жанчыны ўспляснулi рукамi: так той было не да твару. Але дзяўчына спадабалася сама сабе i не хацела нiкога слухаць.

Увайшоў Андрэй. Люся крыху пачакала, каб той усеўся, а потым выйшла ў залу. Хлопец узняў ад меню вочы, глянуў на дзяўчыну i сумеўся. Ён заморгаў вачыма, нават азiрнуўся навокал, потым зноў накiраваў свой позiрк на афiцыянтку.

Люся дагэтуль нiколi не фарбавала твару. Зараз ад фарбы яна не стуляла губ, i яны так i заставалiся ў яе адтапыранымi, нiбы дзяўчына збiралася свiстаць, нiбы губы ў яе былi апухлыя. На шчоках вiднелiся плямы пудры. Адчуўшы сябе няёмка, дзяўчына ўставiлася ў меню. З нафарбаванымi вуснамi яна не магла гаварыць. У такiм смешным выглядзе Люся i стаяла перад Андрэем.

У сталоўцы абедала яшчэ некалькi рабочых, якiя працавалi разам з Мiронiшыным сынам. Адзiн з iх, убачыўшы Люсю, пырснуў ад смеху. Хлопец падумаў, што ўсё гэта зроблена назнарок i цяпер з яго насмiхаюцца. Ён грозна кашлянуў i, не паднiмаючы вачэй, пачаў заказваць абед. Афiцыянтка стаяла i толькi кiвала галавой.

Вярнуўшыся на кухню, дзяўчына забегла за шырму i расплакалася. Зараз яна плакала так, што яе нiхто не мог суцешыць. А калi Надзя пачала дапытвацца, чаго яна плача, Люся пабегла да шафкi, схапiла сваё адзенне i ўцякла са сталоўкi.

У гэты дзень Люся не вярнулася, i Надзi зноў адной прыйшлося абслугоўваць усiх клiентаў.

Дзяўчаты, якiя ля комiна дапамагалi Андрэю, неяк даведалiся пра "таямнiцу" свайго муляра. I калi ён прыйшоў са сталоўкi змрочны, як лес цёмнай ноччу, пачалi строiць з яго жарты. Але ён, нiбы глухi, палез па жалезных скабах да сябе на комiн, не адказаўшы iм нiводным словам. Дзяўчаты не пакiнулi яго ў спакоi i там. Разуўшы сяброўку, якая моцна спала, у вядры ад вапны падалi яму наверх чаравiкi з запiскай: "Падарунак ад афiцыянткi". Андрэй, праўда, адправiў чаравiкi ўнiз, натаптаўшы ў iх раствору. Аднак гэта яго не развесялiла. Назаўтра муляр абедаў у другой сталоўцы. Вяртаючыся з абеду, Андрэй спаткаў... Люсю. Яна была апранута ў старэнькае палiто i абвязана цёплай хусткай. Дзяўчына iшла са старой жанчынай, захутанай у такую ж, як i Люся, хустку. Ён здагадаўся, што гэта Люсiна мацi. Бо старая iшла з дзяўчынай так, як звычайна хадзiлi па горадзе з дочкамi старыя з яго вёскi: пусцiўшы дачку ўперад, а самi тэпаючы ззаду i шчаслiва заглядаючы сустрэчным людзям у вочы, намагаючыся разгадаць, цi падабаецца людзям iх дзiця.