Я даю Табе падумаць, цi Ты, кладучы ў аснову гэтага рукапiсу i некаторых iншых тэкстаў, здабыванне якiх прадастаўлена Табе, не павiнен быў сабраць i прадставiць матэрыял, у якiм Ты ўказаў бы на сувязi памiж рэлiгiяй i iмперыялiстычнымi экспансiянiсцкiмi памкненнямi, асаблiва ў дачыненнi да Iзраiля. Я падкрэслiваю Iзраiль, бо падобныя тэндэнцыi праяўляюцца i ў iсламе, якiя мы з улiкам палiтычных мэтаў, што асягаюцца нашымi савецкiмi сябрамi i намi, хацелi б пакiнуць без увагi.
Калi ты можаш своечасова сабраць i апрацаваць матэрыял, мы маглi б рэалiзаваць яго ў наступным годзе на канферэнцыi ў Маскве. Навука перад фактам абвастрэння класавай брацьбы таксама не павiнна стаяць убаку, яна павiнна заняць партыйную пазiцыю.
З сацыялiстычным прывiтаннем
Вюрцнер
кiраўнiк аддзела
Мiнiстэрства вышэйшай i
праф. школьнай адукацыi
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew Univercity
Jerusalem
Israel
17 сакавiка 1980
Шаноўны гер калега!
Хто б мог падумаць, што з Вашых першых кароткiх заўваг што да фрагмента пра так званага Вечнага Жыда з маёй кнiгi "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання" можа развiцца такое цiкавае i iнструктыўнае карэспандаванне, за якiм з неаслабнай увагай будзе сачыць i мой калектыў. Я заўсёды трымаўся таго погляду, што навукоўцы нават тады, калi яны светапоглядна моцна дыферэнцыраваныя, могуць паразумецца адзiн з адным у вобласцi сваiх распрацовак, i з Вашага апошняга пiсьма я з задавальненнем убачыў, што тут нам удалося крышачку пахiснуць Вашу пазiцыю.
Вы, у кожным разе, згодныя, што персiдскi цар Агасфер не iдэнтычны Вашаму сябру, уладальнiку шавецкай крамы; гэта, прынамсi, скрэслiвае добрых 400 гадоў з жыцця апошняга. Як што далей вынiкае з рукапiсу 9QRes, якому Вы надаяце такую вагу, у сувязi з "Настаўнiкам справядлiвасцi" i "Князем цэлай абшчыны" гаворка iдзе пра дзве чалавечыя iстоты, а не пра шматкроць паўторанага альбо вечнага духа. Вы з поўным правам указваеце, паважаны гер калега, на рэалiзм адной часткi цытаванага Вамi верша. Тым не меней мы мусiм канстатаваць, што ўсё астатняе напiсана ў такой звышвысокай форме, што акрамя аднаго месца наўрад цi прасвечваюцца якiя-небудзь рэальныя факты. Вiдавочна ў абшчыне Кумран верылi, як, зрэшты, Вы i самi згадваеце, у двух месiй, i аўтары цытаванага Вамi рукапiсу паведамляюць, як яны памiж сабою спрачаюцца. Лiтаральны змест спрэчкi, на шчасце, перададзены вельмi натуральна, i ўсё ў ёй стасуецца з вельмi натуральнымi рэчамi. Мы трымаемся думкi, што абодва нiбыта месii альбо проста былi мазурыкi, якiя, скарыстаўшыся прымхлiвымi iнстынктамi членаў абшчыны, працавалi рука ў руку, альбо, што перад фактам абсалютна правiльна ацэньваных Вамi iстэрычных настрояў у прамежку часу памiж 1 ст. i 2 ст. паводле нашага летазлiчэння, найпраўдападобней былi параноiкi. Тое, што махляры часта сварылiся, зразумела; але ж таксама i параноiкi, з якiх кожны лiчыць сябе вялiкiм, будзь тое Напалеонам альбо месiяй, таксама часта спрачаюцца i павiнны быць па магчымасцi iзаляваныя.
За параною, прынамсi, у "Князя абшчыны", далей гавораць i яго выразна акрэсленыя ваенна-рэлiгiйныя шалы. Паколькi дух гэтай адзначанай 9QRes асобы таксама, як i Агасфер, неўмiручы, я даручыў двум маiм супрацоўнiкам пашукаць у Бiблii, апокрыфах i iншых пiсаннях падобнага роду выказванняў iншых габрэйскiх персаналiяў. Iх мы, як толькi наша праца дасягне пэўнага пункту, ахвотна прадаставiм у Ваша распараджэнне; магчыма, i Вы маглi б са скарбнiцы Вашых ведаў даць нам адпаведныя iнфармацыi.
Чакаю Вашага адказу i па-сяброўску вiтаю Вас
Адданы Вам
(праф. д-р Dr.h.c.)
Зiгфрыд Байфус
Iнстытут нав. атэiзму
Берлiн, сталiца ГДР
РАЗЬДЗЕЛ АДЗIНАЦЦАТЫ
У якiм удаецца зазiрнуць у прыгожую душу Паўля фон Айцэна, а певень на вежы кiрхi тры разы крычыць у доказ таго, што Агасфэр ёсьць той, хто ён ёсьць
Лiст, якi доктар Лютэр сунуў у руку юнаму Айцэну, адрасаваны галоўнаму пастару Эпiнусу ў саборы сьв. Пятра ў горадзе Гамбургу, добра заклеены й прыпячатаны асабiстай пячаткай Лэтэра. Але Айцэну пячэ пiсьмо ў кiшэнi, i чым далей ён ад'язджае, тым гарачэй. Да Рослава на Эльбе ён яшчэ трывае, расказваючы спадарожнiку пра сваю ранiшнюю казань; ён яшчэ выдатна трымае ўсё ў памяцi, як жыды, поўныя гардынi, пыхi й нявер'я, жывуць сярод нас, i ня з працы, а з махлярства, пры гэтым з тых, з каго яны дзяруць, а менавiта з гояў, яшчэ й зьдзекуюцца й праклiнаюць iх; i пра тое, што паводле права зь iмi трэба было б зрабiць. Але ўжо ў Цэрбсьце, Ангальцкiм, сядаючы на каня пасьля неспакойнай ночы, ён ў нясьцерпе кажа Лёйхтэнтрагеру:
- Скажы мне, Гансе, якая ў чалавека самая-самая дарагая даброць, якое ён павiнен трымацца, нягледзячы на ўсе спакусы?
Лёйхтэнтрагер пачэсвае гарбок, мабыць набраўся-такi блох на цэрбсцкiм начлезе, i сузiрае ландшафт, зялёныя дрэвы, у якiх так весела грае гульлiвае сьвятло, палеткi навокал, усе дагледжаныя, дабраславёная мясцовасьць, толькi людзi не выглядаюць на дабраславёных, якiм добра жывецца на сьвеце; у прыстойнай дзяржве з прыстойнымi носьбiтамi гонару, там народ водзяць на кароткай шворцы.
- Самая дарагая даброць людская? - кажа ён, хоць ужо добра ведае, куды хiлiць сябар; ён ужо чакаў, з таго часу, як той расказаў яму, якi разьвiтальны дарунак атрымаў ад добрага доктара Марцiнуса. Таму цяпер гаворыць у той самай годнаснай манеры, якую начапiў на сябе i Айцэн, набыўшы магiстарскую годнасьць: - Самая дарагая чалавечая даброць, Паўль, гэта давер, якiм цябе асяняе нехта iншы й каго ты не павiнен расчараваць без пахiбы тваёй несьмяротнай душы.
Айцэн чакаў пачуць нешта такое, хоць i спадзяваўся, што чалавек, падобны на яго сябра, пасобiць яму зламаць пячатку.
- А менавiта ж, а ў самы акурат, - уздыхае, - бо й куды ж мы зайшлi б, каб ня нашыя гонар i вернасьць; сьвет, сёньня такi сапсаваны, ператварыўся б у гадзючнiк, у гнязьдзiшча ўсякай нечысьцi.
Але калi яны ўязджаюць у Магдэбург, раскошны бiскупскi горад, дзе пераначуюць у доме гера саборнага прапаведнiка Мiхаэлiса, Айцэна зноў разьбiрае.
Геру саборнаму прапаведнiку вельмi прыемна даць кватэру юнаму confrater, сабрату, у яго тры незамужнiя дачкi, адна за адну худзейшая i ўсе разам як усё роўна назначаны ў будучыя пастарыхi; i ён прыступае да куплi кульгавага суправоднiка, адразу пачынае лiсьлiвiць пра дзельных дзеў, аж у тых вушы агнём гараць. За вячэрай, якую любоўнымi рукамi ўшыкавала фраў саборная пастарыха з трыма юнымi асiстэнткамi, Лёйхтэнтрагер падрабязна й шырока паведамляе пра магутную казань, якую сказаў яго сябар Айцэн у Вiтэнбэргу ў пысутнасьцi доктара Лютэра й Мэланхтона; пры гэтым пад абрусам ягоныя пальцы пагладжваюць кашчавыя каленi то Лiзбэт, сярэдняй, то худзюшчыя сьцёгны Юты, малодшай сястры. Старэйшая, Агнэс на iмя, з пэўным сумыслам упляцавалася поплеч юнага Айцэна й вымушана абыходзiцца без тагоных пагладак i шчыкаў.
Гер саборны прапаведнiк ня ведае, чым ён мусiць больш уразiцца, цi тое красамоўствам свайго толькi што ўзьведзенага ў прапаведнiцкую чыннасьць сабрата, цi тое фабулёзнай памяцьцю гэтага дзiўнага спадарожнiка, i кажа яму:
- Вы, мабыць, вельмi пiльна слухалi, калi ўзгадваеце ўсё так дакладна. Дай Божа, каб у маёй абшчыне знайшлiся такiя, каму б так западалi мае словы зь нядзельнай казанi!
Гэта была не ягоная заслуга, адказвае Лёйхтэнтрагер i строiцца пад сьцiпленькага; з такой казаньню, з такой тэмаю, i выкладзенай у такiм духу, было такое адчуваньне, што слухаеш сапраўднага прарока, яно й ня дзiва, што кожнае слова, кажнюсенькае слоўца незабыўна ўелася ў памяць.
Юны магiстр падносiць да вуснаў i адпiвае глыток вiна й папярхаецца; ён ведае, што яго сябра Ганса зусiм нават i ня было ў саборы, калi ён бушаваў наконт прыбродаў-жыдоў. Дзева Агнэс ускоквае й паплясквае свайму застольнiку па сьпiне; вой, гэта ўсё з самымi добрымi намерамi, але ён яшчэ некалькi дзён будзе насiць на сабе плямкi, - сатру, сатру! - i жарцiк сябра, якi ў яго, абсьледаваўшы ўначы ўсе самыя датклiвыя месцы, выскаляючыся паведамляе, што тоненькiя пальчкi пацаляюць найлепей куды сьлед.
Але пазьней, як што ён ня можа заснуць, бо яму заходзiць пра блiзкую сьмерць бацькi куды больш, чым ён можа выказаць гэта, i таму, што ён адчувае, якi слабы й бездапаможны чалавек бяз Божай аслоны альбо магутнага сябра, пра што яму мог бы даць поўнае тлумачэньне лiст у кiшэнi, ён паварочваецца да Лёйхтэнтрагера й пытаецца: