Выбрать главу

Сын ведае многiя выслоўi зь Сьвятога Пiсаньня й зь iншых вучоных кнiг i мог бы файненька iх прамовiць, гэтаму ён навучаўся ў Пiлiпа Мэланхтона i ў добрага доктара Марцiнуса; але якая карысьць ад тых суцешлiвых слоў чалавеку, якi шэсьць разоў на тыдзень разгортвае разьлiковую канторскую кнiгу, а малiтоўнiк толькi раз i якi прывык узважваць Мець супраць Павiнен? Такому досыць жывога сьведкi, якi выказваецца надзейна, думае сын i адразу ўжо ведае, што гэтая думка даўно засела яму ў галаве; сьпяваньне меднага пеўня ў Гэльмштэце ўразiла яго да глыбiнi душы й мiтрэнжыла ўсю дарогу да самага Гамбурга, i ён разважае сам у сабе, што праклён, якi аднаго асуджае на векi вечныя, да вечнага ж дабраславеньня можа абярнуцца другому.

- Пэўнасьць, - кажа ён, - я хачу даць Вам пэўнасьць, спадару тата. Я хачу расказаць Вам пра жыда Агасфэра, якога я сустракаў шмат разоў, i як тры разы закукарэкаў певень на вежы кiрхi.

Хворы прыслухоўваецца да сынавых слоў. Яны - бальзам на нябогае сэрца, якое адчувае, быццам вакол яго сьцiскаецца жалезнае колца; ён хоча да Бога, ён мог бы разарваць тое колца, але ведае, што калi разарвецца яно, разарвецца й сэрца. А гэты жыд, думае ён, а што, калi б тое было праўдай, што ён ёсьць, кiм хоча быць, быў бы самы неабвержны доказ i добрая пэўнасьць, i калi хлопец не выпрабоўваў памянёных жыдоў i сам чуў, як тройчы закукарэкаў медны певень на рыначным пляцы i як маланка й гром джыганулi зь яснага неба? I калi б яно было, тое вечнае жыцьцё, на якое нехта асуджаны праклёнам, як жа тады, каб другi памiраў, хай сабе й дабраславёным i ў мiры з самiм сабою й iз Богам?

- I дзе ж, мой сыне, - кажа ён, - той Вечны Жыд цяпер?

Гер магiстр забыўся падумаць, а гэта магло б прывесьцi хворага, як Банадыка да "аману", што ён будзе мусiць таго памянёнага Агасфэра валачы сюды на суцяшэньне й на зьмёртвыхустаньне. Але йсьцi шукаць жыда на вузкiх вулiчках, сярод гэтага людзкога тлуму, ды яшчэ, магчыма, прасiць ласкi ў таго, не, на такое ён ня можацца хоць бы ўжо праз тую прынцэсу Трапезундзкую, чыiх кпiнаў ён баiцца, i таму, што хацеў нацкаваць на iх абаiх людзей у Гэльмштэце, каб iх там пабiлi.

- Дзе той жыд сёньня? - кажа ён. - А чорт яго ведае дзе, чорт дзiрку знойдзе, куды ўшыцца.

Хворы бачыць, як малады магiстр юрзае заднiцай па крэсьле, думае пра ягоную долю ў гешэфце, але менавiта цяпер якраз i забывае распытацца пра жыда, цi насамвоч ён бачыў нашага Госпада Iсуса жывым i гаварыў зь iм i пасьля тысячу пяцьсот гадоў зь лiшкам бадзяўся па сьвеце. Певень туды, певень сюды, жыда клянуць, а жыд - як ягада, але гэты жыд не ашукае мяне, у мяне нюх на людзей, iнакш бы я ўжо тройчы збанкрутаваў, гэта моцны гешэфт, палатно й шэрсьць, у iм махляроў, шмугляроў i прайдзiсьветаў больш, чым сумленных людзей.

- Мой сынку, - кажа ён, - прывядзi мне сюды твайго жыда. Мне мус паталкаваць зь iм.

Хлопец хоча запратэставаць, але хворы са стогнам падводзiцца й кажа:

- Гэта мая воля, апошняя. Iдзi.

Юнаму магiстру фон Айцэну застаецца толькi паслухацца, ён падымаецца, iдзе. У хлопца ўжо пастарская паходка, думае хворы, такая разьмераная, разважлiвая i ўсё ж амаль нячутная: нельга ўспалошыць грэшнiка, пакуль яго ня ўдасца забрытаць. З кiм-кiм, а з жыдам пакумекацца ён патрапiць, думае й спрабуе намаляваць сабе перад вачыма, як мае выглядаць зь сябе той, у каго на горбе ўжо столькi гадоў, дрыгатлiвенькi чалавечак са сьлязьлiвымi вочкамi, зморшчаны, скурчаны й скуксабочаны, скура й косьцi, а вакол яго смурод гнiлiзны й цьвiлi. З такiмi думкамi ён i засынае й прычынаецца толькi тады, калi чуе ў памяшканьнi галасы й думае, што гэта яго сын, магiстр, разам з жыдам Агасфэрам, ён падымае галаву, каб пабачыць iх; але гэта сямейнiкi, а менавiта яго цёртая баба, Ганна, i старэйшы сын Дзiтрых, а таксама дочкi Марта й Магдалена, ўсе з жалобай у вачах, жанчыны патузваюць хусьцiнкi, а каля iх гер галоўны пастар Ёган Эпiнус, прыйшоў-такi, каб палегчыць гаротнiку апошнюю гадзiну, што хвораму зараз ужо зусiм не дарэчы, бо ён яшчэ мае шмат у чым памеркавацца з кiмсьцi зусiм iншым.

Але гер галоўны пастар Эпiнус з тых, хто заўсёды стрымгалоў ляцiць па сьледзе галоўнай задачы, няважна, каму наступаючы пры гэтым на пяты, а тут якраз прысьпела наставiць на правiльны шлях душу, добра прэпараваную i падрыхтаваную ў даль-дарогу - пахвальны чын i служба дружбы звыш таго. I ён адсылае жонку й дзяцей хворага з пакоя, як вялiкi птах шырокiмi размахамi, бо для сьвятой таемнасьцi споведзi прадпiсана, каб ён быў сам-насам з грэшнiкам. Пасьля падыходзiць да краю ложка, на якiм ляжыць хворы, такi ацiхлы й бледны, з потам страху на лобе, i загаворвае зь iм голасам, якi гучыць, быццам ужо спатойбоч магiлы:

- Калi прызнаеш ты, Райнгард Айцэн, што грашыў i раскайваешся ў гэтых грахах сваiх, дык адказвай - так.

Хворы моцна палохаецца пры гэтых словах, якiя ён ведае. Няўжо зайшло аж так далёка, што я мушу адгарнуцца ад сьвету, калi яшчэ зусiм не гатовы да гэтага; i дзе мой сын Паўль з абяцаным мне жыдам?

Галоўны пастар Эпiнус хоць i не пачуў з вуснаў хворага нiякага "так", аднак прымае журботны позiрк хворага ўгору да бэлек на столi за пажаданы адказ, строга кашляе й пытаецца далей:

- Калi прагнеш ты, Райнгард Айцэн, дараваньня тваiх грахоў у iмя Iсуса Хрыста, адказвай - так.

Хвораму здаецца, быццам ён чуе галасы з гоману за дзьвярыма. Там яны ўжо за чубы пабралiся, хоць я яшчэ не ахалонуў; усё гэта пустая марнасьць i марная трата, а той хто павiнен даць патрэбную мне пэўнасьць, дзе ён?

Усё яшчэ ня было нiякага "так" з вуснаў хворага, ня было нават слабенькага кiўка, але галоўны пастар Эпiнус прымае стомленыя ўздрыгi павекаў у хворага за пажаданы адказ i задае сваё трэцяе пытаньне, самае цяжкае й сур'ёзнае, ад якога залежыцьме, цi гэты вось, прасьветлены i ўжо свабодны, праз хвiлiну-другую ўзьнясецца ўгору да мiлажальных анёлаў, i ён кажа ўрачыстым i прыглушаным тонам:

- Калi верыш ты, Райнгард Айцэн, што Iсус Хрыстос вызвалiў цябе ад усiх тваiх грахоў i што дараваньне, якое я табе выказваю, ёсьць дараваньне ад Бога, адказвай - так.

Гэтым разам, аднак, на радаснае зьдзiўленьне гера Эпiнуса, хворы спрабуе загаварыць, вусны яго варушацца, хрыплы шэпт, неразборлiвы. Гер галоўны пастар нахiляецца да хворага, вухам да самых вуснаў, i разумее, што той кажа, а менавiта: "Дзе жыд? Дайце мне жыда!" - але ўсё яшчэ не разумее, што мае рабiць нейкi там жыд памiж тым, хто рыхтуецца Туды, i яго спавядальнiкам? Таму ён думае, што дух хворага ўжо блукае, як гэта часта бывае пры сконе, i што цяпер ужо час дакладна адмераны на адпушчэньне грахоў i прычасьце, i хуценька шэпча absolve te, быццам ягоны язык пайшоў навыперадкi з чортам:

- У сiлу наказу, якi даў Гасподзь сваёй царкве, абвяшчаю табе, Райнгард Айцэн: усемагутны Бог умiлажалiўся зь цябе й праз пакуты й сьмерць i ўваскрэсеньне Госпада Iсуса Хрыста даруе табе ўсе грахi. Аман.

I пасьпешна асяняе знакам крыжа й сьпяшаецца да дзьвярэй адчынiць, бо жонка й дзецi хворага павiнны засьведчыць, што той паспытаў ад сьвятога прычасьця й сам стаў часьцiнкай ад плоцi й крывi Госпада, - апошняя вячэра перад далёкай дарогай на гэтым сьвеце; але толькi дзьверы з рыпам адчыняюцца, як у iх урываецца магiстр Паўль, цягнучы за руку нейкага рыжага жыда й на ўсё горла абвяшчаючы: "Вось ён!" - i гэта ў вушы брату Дзiтрыху й сёстрам Марце й Магдалене, а таксама жонцы Ганьне, апошняя ў моцным хваляваньнi абураецца, што во якое нахабства, што во якая ганьба - задрыпаны жыдзюга каля чыстага хрысьцiянскага адра.

Небарака магiстр Паўль увесь у душэўным надломе. Вось жа вам яго сыноўскi абавязак, выконваючы якi ён абегаў палавiну Гамбурга, пакуль сябар Лёйхтэнтрагер не навёў на сьлед; але вось жа вам i, з такiм канфузам, з такiм ашаламленьнем ад нечуванага вiзыту, сам адрасат Лютэравага пiсьма, якое ён, магiстр Паўль носiць у кiшэнi, сам гер галоўны пастар Эпiнус, хоць ты зь iм пацалуйся. Апошняе дабрадзейства бацьку, мяркуе Паўль, ня пойдзе яму на лапшае, як i сказаў яму брат Дзiтрых, якi ўзгадаў яму й iдыёцкiя выбрыкi й студэнцкiя свавольствы, i яшчэ ён сам сабе праклiнае прынцэсу Трапезундзкую, якая, бы апошняя шлюндра разьлеглася ў кватэры жыда, бессаромна вывалiўшы цыцкi й шынкi, i ўсяляк адгаворвала жыда йсьцi суцяшаць хворага, бо, сам успомнi, цi ж не хацеў гэты гер магiстр турнуць iх з Гэльмштэта ў каршэнь? Але нiчога не памагае, нi ягоны гнеў на Маргрыт, празь якую прапала так многа дарагога часу, нi ягоныя ўмольныя позiркi на гера галоўнага пастара Эпiнуса й брата Дзiтрыха; ён павiнен растлумачыць i павiнен зрабiць гэта так, каб яму паверылi, i пры гэтым бачыць, як яго спадар тата кiвае жыду, каб той падышоў да яго, але жыд склаў рукi на грудзях i, здаецца, не заўважае, што i ўсе астатнiя зусiм забылiся пра хворага, якi, зрэшты, быў тут галоўным персанажам.