Выбрать главу

Магiстр Паўль пачынае гаварыць; поўны натхненьня ён, аднак, распавядае ня толькi пра вечнае жыцьцё свайго спадара таты, але й пра сваё, у вышэйшай ступенi зямное, i як гэтае апошняе можна было б уладкаваць. Было, кажа ён, жаданьне яго бацькi, каб ён прывёў сюды жыда, якi, праўда, зусiм ня звычайны жыд, якiмi кiшаць усе вулiцы й завулкi, а Агасфэр, што быў асуджаны нашым Госпадам Iсусам Хрыстом на вечнае блуканьне пасьля таго, як гэны во ня пусьцiў нашага Госпада, калi таму не цярпелася адпачыць ад цяжкага крыжа, на парог свайго дома; i жыд Агасфэр павiнен засьведчыць спадару тату, што ён сапраўды ведаў нашага Госпада Iсуса Хрыста й сапраўды зь iм гутарыў, i тым самым даказаць, што вечнае жыцьцё ёсьць ня толькi сымболь, у якi маем верыць, а ўвачавiдкi ваiсьцiну iснае.

На што гер галоўны пастар Эпiнус рве на сабе й без таго рэдзенькiя валасы, што, бач, дзiка чуць такiя дзiкiя словы з вуснаў толькi што ў Вiтэнбэргу рукапаложанага будучага брата па пасадзе й грымiць:

- Тра-та-та, тра-та-та! Чыстая бздура! Вечны Жыд! Вечная жыдоўшчына!

I пайшоў i паехаў, як лёгка гера магiстра падмазаць, i якога такога ляду патрэбен нахабны жыдзюга для доказу вечнага жыцьця, якое кожнаму прававернаму хрысьцiянiну й так ясным-яснае, як яснае неба, пра што ўжо сказалi сьвятыя прарокi й наш Гасподзь Iсус гэтаксама, а пасьля яго яшчэ й сьвятыя апосталы. I цi гэта вам тая навука, якую ён прайшоў ва ўнiверсiтэце ў Марцiнуса Лютэра й Пiлiпа Мэланхтона, i цi ня там набраўся такога вялiкага розуму, ужо цi ня болей зь пiўнога й вiннага чаду, якому герства студэнты, пакарай iх, Божа, так часта аддаюцца.

У юнага магiстра ўсё ў галаве перакруцiлася: вобраз бацькi там на сьмяротным ложку, як гэта ён слабенькай рукою падклiкае да сябе жыда; злосны расчырванелы твар гера Эпiнуса, якому пасьля ўсяго гэтага давядзецца чытаць рэкамендацыйны лiст Лютэра ў надзвычай неспрыяльным сьвятле; плясканьне рук i закоты вачэй брата й сясьцёр i мацi; i пасярэдзiне гэтага кавардачнага гвалту цiхага й выскаленага жыда, быццам усё гэта яму да аднаго месца й быццам ня ён ёсьць прычына й вынiк усяго закалоту. I ён, магiстр Паўль, сваёй асабiстай пярсонай яшчэ й павiнен абараняць жыда, каб не стаяць вось так таўкачом i пустабрэхам.

Дык вось, кажа ён, з дазволу кажучы, без гарачкi, гер галоўны пастар, але ягоны настаўнiк, добры доктар Марцiнус, сам можа пацьвердзiць, i ён прывёз з сабою, вось у кiшэнi, пiсьмовае сьведчаньне ў пiсьме да гера галоўнага пастара, як хораша i ўзорна ён вучыўся i як засвоiў слова Божае й прарокаў; а ўсё ж гэты жыд ёсьць сапраўдны Жыд i, можа, хай гер галоўны пастар падумаюць, цi сьведчаньне жывога, якi нашаму Госпаду Iсусу асабiста скруцiў хвiгу пад самусенькi нос, за што й быў iм пракляты, дык вось сёньня, праз тысячу й пяцьсот гадоў цi яно ня гэтаксама каштоўнае, як i сьведчаньне пераказанае, калi нават не каштоўнейшае? I замест, каб яго, магiстра Айцэна, руплiвасьць ганiць, хай падумаюць гер галоўны пастар далей, цi голас Агасфэра ня можа быць больш карысным i ўжыткоўным у спрэчцы з тымi, якiя зноў i зноў сумняваюцца ў адзiнашчасьцедайным вучэньнi?

Гэта здаецца геру Эпiнусу чыстым вар'яцтвам альбо, горш за тое, ерасьсю, i ён хаваецца за моцныя словы; менавiта, цi ня ёсьць гер Паўль мiж iншым, - якая крамола! - яшчэ й прыяцель жыдоў, якiя дазволiлi нашага Госпада Iсуса прыбiць цьвiкамi да крыжа й да сёньняга гудзяць i бэсьцяць i гоняць вучняў Хрыстовых, а хрысьцiянскiх дзетак пратыкаюць шылам i iхнюю кроў запякаюць у пасхальную мацу, i цi не вядома яму, што ягоны настаўнiк доктар Лютэр пра жыдоў сказаў i напiсаў?

Такi закiд яму, магiстру Паўлю, пасьля таго, што ён прапаведаваў на апошняй ютранi ў Вiтэнбэргу ў тамтэйшай замкавай кiрсе! Гер Паўль робiцца белы ў твары, вусны яго сьцiскаюцца як пасьля кiслага вiна; як ахвотна праэкспанаваў бы ён геру галоўнаму пастару, што ён думае пра жыдоў, iхнi род i сутнасьць; але тут над душой стаiць жыд Агасфэр, якi яму яшчэ патрэбны дзеля спадара таты, i наставiў вушы; i таму гер Паўль уздатнiўся толькi на нейкае мармытаньне, пакуль, пасьля, зь яго грудзей ня вырываецца:

- Певень, певень, певень тры разы закукарэкаў!

I азiраецца, шукаючы дапамогi, на жыда, якi лепей расказаў бы пра цуд у Гэльмштэце, але той анi-анi, толькi ўсё яшчэ маўчыць.

А геру галоўнаму пастару Эпiнусу, наадварот, ад слоў i паводзiнаў юнага магiстра - халадок па вантробах.

- Певень-шмевень! - кажа ён. - Тут ня курыны катух, дзе мы знаходзiмся, гер магiстр, а прыстойны пакой, дзе канае сумленны хрысьцiянiн, i калi певень сваiм часам i крычаў апосталу Пятру, дык яму ўжо даўным-даўно галаву скруцiлi.

На гэтых словах ён нарэшце ўспамiнае, што хворы ўсё яшчэ ляжыць на ложку, неаболены духоўна й цялесна, i што, мусiць, цяпер сама-сама крайнi час, каб узбадзёрыць яго сьвятым прычасьцем i з тым прыйсьцi да шчасьлiвага канца. I ён iдзе да абцягнутай скурай прыгожа аздобленай скрынкi, якую прынёс з сабою i паставiў каля ложка, i адчыняе яе й дастае зь яе пудэлачка з тоненькай скiбачкай хлебца, а таксама флакончык зь цёмным вiном i срэбраны кубачак.

Хворы варушыцца. Усiм на жах, i ня толькi жыду, са страшэнным крактаньнем хворы падымаецца, аж вочы ледзьве ня лезуць з чэрапа, i застаецца, абапершыся на худыя локцi, у пазыцыi седзячы.

- Я хачу жыда, - кажа ён выразна i ўсiм чутна, - хачу гаварыць з жыдам.

У гера Эпiнуса расхлябеньваецца рот, ён думае, няйначай тут чорт уплiшчыўся, i апэлюе да мiнулых часоў, калi чорта выганялi з гвалтам i малiтвай; таксама й сыну Дзiтрыху й сёстрам Марце й Магдалене, i найперш жонцы Ганьне робiцца ня тое каб добра, застылi як Лотава жонка, якая акiнулася зiркам на Садому, калi ёй гэта было забаронена, за што й ператварылася ў саляны слуп. А жыд папраўляе на рыжых валасах ярмолку й выцягвае з рукава лапсердака нiтку й кажа хвораму:

- У нас яшчэ шмат часу ў абодвух, гер Айцэн, - i геру галоўнаму пастару Эпiнусу: - Я перашкодзiў Вам у адправе Вашай трэбы, дык жа працягвайце, калi й не дапаможа ў Богу, дык хоць суцешыць чалавека.

Галоўны пастар страляе зьедлiвым позiркам у магiстра, якi прывалок яму бессаромнага жыда, кiдае такi самы позiрк на жыда, якi так велiкадушна паказаў i адначасова выказаў такое абвiнавачаньне; але яму не застаецца нiчога iншага, як толькi адпраўляць трэбу абсалютна так, як i параiў яму жыд. I ён бярэ аплатку ў пальцы й кажа:

- Гасподзь наш Iсус, уночы, калi быў прададзены, узяўшы хлеб i падзякаваўшы, пераламаў i падаў сваiм вучням, кажучы, прымеце i ежце, гэта цела маё, якое за вас аддаецца.

Пасьля чаго ён кладзе хвораму танюсенькую скiбачку на дрыготкую губу, каб той праглынуў; а жыд усё гэта чуе й бачыць i ўспамiнае рабi, як той прыхiлiў яго да сваiх грудзей i шаптаў яму, што ўсё-такi любоў мацнейшая за меч, i ўспамiнае, як мiгацелi лампадкi на вечаровым ветры, што пранiкаў праз вокны, i як сьвятло й ценi адкiдалiся на твары вучняў, на твар Юды Iскарыёта таксама, i ўсё гэта было даўным-даўно, а й што з таго сталася, думае ён, - абракадабра.

- Таксама й чару, - кажа гер галоўны пастар далей i крышачку накапвае з флакончыка ў кубачак, - i даў iм яе, кажучы: прымеце, гэта кроў мая, за вас пралiваная на дараваньне грахоў.

Пры гэтым падносiць кубачак хвораму да вуснаў; але больш вiна пабегла па падбародку на ложак, афарбаваўшы прасьцiну ў чырвонае, чыста кроў жывая. А тады iнтануе гер галоўны пастар пацеры, да якiх магiстр Паўль руплiва далучаецца, як i рэшта сям'i, пасьля якiх, пацераў, можа ўжо й сьмерць нарэшце прыходзiць. Але ня сьмерць падступае да ложка хворага, а жыд, якi раптам здаецца як бы на цэлую галаву вышэйшы, чым раней, а ягоны лапсярдак як бы робiцца сьвятарскаю рызаю. I ён кладзе сваю руку, як калiсьцi зрабiў гэтак рабi, на руку хворага й кажа яму: