- Я прыйшоў, як Вы пажадалi, гер Айцэн, i гатовы да паслуг на любыя даведкi.
Тым часам да хворага працiснулiся ўсе астатнiя, у першую чаргу магiстр Паўль, якi лiчыць, што мае першае права на жыда, але й брат Дзiтрых i сёстры Марта й Магдалена, а таксама жонка Ганна й сам гер галоўны пастар Эпiнус, бо побач з пахапнасьцю да грошай i прагай да пацехi цiкаўнасьць ёсьць самы моцны пацяг i паганяты. Але хворы больш не глядзiць нi на жонку, нi на дзяцей, нi на дастойнга гера галоўнага пастара; ён глядзiць толькi на гэтага жахлiвага, агiднага жыда, сузiрае толькi яго разгарачанымi вачыма, бо гэты Агасфэр зусiм не падобны на зморшчанага, скукшанага, сьлязьлiвага старалюдка, якiм ён яго сабе ўяўляў, i пытаецца:
- Дык гэта праўда, што Вы, вечны вандроўнiк, i што вы бачылi нашага Госпада Iсуса ў асобе ды так за абы што й прастарэкавалi зь iм?
Яўрэй кiвае галавой.
- А то хто ж яшчэ? Цi ж бы йшоў я да Вас, каб ня быў той, хто я ёсьць? Каб я так жыў, каб я так стаяў, як стаю перад Вамi, гер Айцэн, як я ня гутарыў з рабi, калi ён у дарозе на Галгофу з крыжам на плячах спынiўся каля дзьвярэй майго дома.
Гэта здаецца хвораму вельмi слушным i ўсяляе давер, так што ён дабрадушна заяўляе:
- Мяне мучыць страх перад Нiчым. Скажыце мне, прашу Вас, гер Агасфэр, цi ёсьць несьмяротная душа, i калi яна ёсьць, празь якую дзiрку яна пакiдае чалавечую стаць i куды выпраўляецца?
Гэтага ўжо геру Эпiнусу задосыць, i ён крычыць хвораму:
- Вы не павiнны мучыцца плягамi праз такiя страхi й думкi; усё вызначана найлепшым чынам i ўрэгулявана сьвятымi таемнасьцямi, якiх Вы прычасьцiлiся.
Хворы заплюшчвае вочы; боль у грудзях перацiнае яму дыханьне, i ён зь цяжкасьцю кажа:
- За вамi яшчэ адказ, гер Агасфэр, на маё пытаньне.
Яўрэй сьмяецца.
- Я ўсюды iх судашаю, асiрацелыя душачкi; над зямлёю i памiж нябёсамi лунаюць яны, празрыстыя як подых зiмою, i зьнiкаюць зь ветрам бясконцасьцi, i я часта пытаюся ў сябе, а цi ня было б мiлажальнай ласкай Бога, каб ён даў iм нарэшце цалкам растаць.
Хвораму робiцца зусiм няўцешна, i ён пачынае жаласна плакаць. Пасьля чмыхае, ускiдае ўгору нос i пытаецца:
- I няма ратаваньня ў Хрысьце?
Яўрэй вагаецца. I зноў успамiнае рабi, i як той угнуўся пад крыжам i як iшоў далей, i ён кажа:
- Рабi любiў людзей.
I тут хвораму зрабiлася так, быццам той абруч, якi сьцiскаў яму горла, парваўся, i ён стогне ўголас, i ўздыхае глыбока й шчасьлiва, апошнi раз, i тады жыд праводзiць яму далоняй па павеках.
Нiхто ня ведае, колькi доўжыцца цiша, пакуль гер галоўны пастар не спахапляецца й не пачынае ўголас малiцца:
- О ты Божае ягнятка, што нясеш на сабе грэх сьвету, зьлiтуйся i ўмiлажалься з нас. О ты Божае ягнятка, што нясеш на сабе грэх сьвету, дай нам мiр. Хрысьце, пачуй нас. Kyrie eleison. Christe eleison. Kyrie eleison.
Пасьля чаго жонка Ганна й дочкi Марта й Магдалена выбухаюць гучным галасам, а сын Дзiтрых думае, што ён вось павiнен разаслаць пiсьмы ўсiм гандлёвым партнёрам i карэспандэнтам таго зьместу, што дом Райнгарда Айцэна, палатно й шэрсьць, з гэтага часу будзе ўзначальвацца iм, i што дом будзе пастаянна верна сьледаваць сваiм абавязанасьцям, што, думае ён далей, пры сёньняшнiх завышаных цэнах i таму што ён павiнен будзе выплацiць брату, магiстру, i сваiм сёстрам Марце й Магдалене iхнюю долю, яму патрэбная божая дапамога, альбо што ён павiнен будзе залезьцi ў боргi да жыдоў.
Пры гэтай подумцы на вочы яму зноў трапляе жыд, зь якiм толькi што гаварыў яго спадар бацька, i вось ён стаiць, крыху разгублены, i ўжо больш зусiм ня ўзьнёслы, а як звычайны жыдок, i таму ён хапае яго за каўнер зашмальцаванага лапсердака й штурхае ў дзьверы прэч. Крыху пазьней ён i ўся сям'я зводзяць унiз па лесьвiцы гера Эпiнуса й праз шырокiя сенi да дзьвярэй дома, пры чым магiстр Паўль асаблiва руплiва лiстам сьцелецца перад герам галоўным пастарам; застаецца толькi нябожчык, склаўшы рукi на грудзях, вусны ўмiратвораныя, i цяпер, нябось, ведае ўжо, зь якое ягонае дзiркi вышмульнула несьмяротная душа й куды памкнулася.
РАЗЬДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
У якой прафэсара Лёйхтэнтрагера павучаюць, што душа выконвае функцыю чалавечай нэрвовай сiстэмы, а богабаязныя варшаўскiя яўрэi сумняваюцца ў Бозе, i Агасфэр спальвае сам сябе
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew University
Jerusalem
Israel
24 сакавiка 1980
Шматшаноўны гер калега!
Тое, што сёння, ужо праз некалькi дзён пасля майго пiсьма Вам ад 17 г.м., я пiшу другi раз, мае сваю прычыну ў маiх апасеннях, што сваю думку, якая стаiць у цеснай сувязi з усiм Агасфер-комплексам, я да гэтага часу асвятлiў недастаткова. Мае папярэднiя ўяўленнi на гэты конт падзяляюцца, зрэшты, калектывам майго iнстытута, якi ўзяў на сябе абавязацельства да 1 Мая, мiжнароднага свята працоўных, звесцi матэрыял у эсэ пра рэакцыйны характар мiфаў пра вандраванне душ.
Разглядаць Агасфера, якi нiбыта ў розны час i ў розных мясцiнах зноў i зноў усплывае як канкрэтны прыклад вандравання душ, пры чым канкрэтная праклятая душа заўсёды ўвасабляецца ва ўсё новай, праўда, заўсёды падобнай постацi, блiзкая мне, i мною, як Вы можаце прачытаць, у раздзеле "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда" ў маёй працы "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання", таксама адзначана; пры далейшым разважаннi пра нашу двухбаковую карэспандэнцыю па гэтай тэме гэты момант здаецца мне дадаткова важкiм, так што цяпер я лiчу неабходным ўдацца ў яго больш дэталёва, асаблiва таму, што я падазраю, што i Вам такiя iдэi ў кантэксце з праблемай Агасфера павiнны былi прыходзiць на думку.
Загадзя прымаю, i Вы мне, спадзяюся, ласкава дазволiце, Вашую згоду з маiм тэзiсам, што паняцце "вандраванне душ" патрабуе, прынамсi, наяўнасцi душы. Але цi ёсць яна наогул, чалавечая душа, i, лагiчна следуючы гэтаму пытанню, цi ёсць яно, жыццё чалавека пасля смерцi?
Але калi ласка, скажуць, у нас ёсць цэлая навука пра душу - псiхалогiя, i пра хваробы душы - псiхiятрыя, з адпаведнымi спецыялiстамi, менавiта ж псiхолагамi, псiхiятрамi, псiхааналiтыкамi, псiхатэрапеўтамi, з адпаведнымi кафедрамi, клiнiчнымi ўстановамi, часопiсамi, медыкаментамi i т. д. i да т. п.; значыцца павiнна быць псiхiка, якою ўсё гэта займаецца. Шырока, добра, правiльна. Але гэты вiд душы можа разглядацца толькi ў аспекце адзiнства цела i духу; сепаратнай жа душы, якая магла б весцi ўласнае жыццё да, у час альбо пасля псiхiчнага iснавання адпаведных людзей, як выявiлi сукупныя прыродазнаўчыя даследаваннi ў гэтым кiрунку, няма; звыш таго, тое, што мы азначаем як душа альбо псiхея, ёсць проста функцыя чалавечай нервовай сiстэмы, уключна з мозгам, выклiканая аб'ектыўнымi працэсамi ў прыродзе i ў грамадстве, якiя, са свайго боку, праз органы адчуванняў чалавека ўздзейнiчаюць на яго нервовы апарат i запускаюць яго ў рух. Адны з гэтых пераменных уздзеянняў, якiя адлюстроўваюцца ў свядомасцi альбо ў несвядомасцi, у мысленнi, адчуваннi i снах чалавека, ужо даследаваны i растлумачаны, другiя - не; але гэта толькi пытанне часу, сваiм часам мы атрымаем поўную яснасць. Аднак абсалютна пэўна, што псiхiка чалавека, iнакш яго душа, перастае iснаваць у той момант, калi знаходзiць свой канец псiхiчная функцыя мозгу, з чаго, дарэчы, урачы i адлiчваюць момант клiнiчнай смерцi, г.зн. з моманту згасання апошнiх электрычных iмпульсаў у мозгу.
Усё гэта банальныя iсцiны, i я ведаю, што з iмi, паважаны гер прафесар, я рвуся да Вас у адчыненыя дзверы. Я i паўтараю iх толькi ў магчымай мне сцiсласцi i даступнай сутнасцi выключна дзеля ўразумення феномена Агасфера, якога Вы ўсё яшчэ маеце за рэальнасць, на што ў нас усё яшчэ адсутнiчае якое б там нi было дастатковае навукова прымальнае тлумачэнне. Вандраваннем душы ў кожным разе гэта быць не можа, бо ўвогуле няма нiякай аўтаномна лунаючай у прасторы душы, якая магла б на працягу стагоддзяў трансмiгрыраваць з аднаго Агасфера ў другога. Тут я хацеў бы ў Вас ласкава папрасiць адмысловай увагi; гэта - кардынальнае пытанне, што Вы на гэта скажаце?
Натуральна, i я ахвотна прызнаю Вашу рацыю, можна лiчыць недахопам, што чалавечая душа, якая была б у стане вызвалiцца ад сваёй цялеснай абалонкi, не iснуе. Што няма такога тонкага iнструмента, здольнага радасць i боль, любоў i нянавiсць i да таго падобныя эмоцыi больш чым адчуваць, мяняючы iх у долi секунды, гэта сапраўды шкада; але навукоўцы, якiя абавязаны служыць аб'ектыўнасцi, павiнны мiрыцца з гэтым фактам, як i з усведамленнем таго, што ўсе мы з'яўляемся толькi грудачкай, праўда, высокаарганiзаванай, матэрыi, якая ўтварылася ў працэсе маруднага, але цалкам натуральнага працэсу.