Выбрать главу

РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ

У якiм Агасфэр парушае нябесны спакой i пярэчыць рабi, што iсьцiна не ляжыць у нейкiм адным цэнтральным месцы, а вiдна кожнаму, хто мае вочы, каб бачыць вачыма

Вельмi цiха, нiякага руху.

Сьвятло, у якiм ён сядзiць на троне, мяккае, як блакiтныя прыцемкi; ён атулены пяшчотнай любоўю Бога, i бляск замiранасьцi азарае яго аблiчча, калi ён паглядае ўнiз, на сьвет, падымаючы руку на дабраславеньне, руку, усё яшчэ з ранай, прабiтай цьвiком.

А я падумаў, якiм чужым i далёкiм ён мне зрабiўся, хоць i выглядае акурат як рэбэ Ёшуа, якога я ведаў, хоць i ўсьмiхаецца як той, пакута, якую ён рашыў прыняць на сябе, ужо адбiлася на яго ўсьмешцы; ён як лялька ў ляльцы, у якой зноў жа лялька: так тры лялькi ў адной, i ўсё ж - адна.

I наблiзiўся я да яго й спытаўся: Рабi, цi ты гэта?

Але ён анi варухнуўся, i позiрк яго быў нерухома скiраваны ў далеч, пакуль ён гаварыў: Я Iсус Хрыстос, народжаны Сын Божы, зачаты Духам Сьвятым ад дзевы Марыi й народжаны ёю i адпакутаваў пры Понцii Пiлаце, укрыжаваны, памёр i пахаваны, сышоў у царства сьмерцi й на трэйцi дзень уваскрэс зь мёртвых i ўзьнёсься на неба, дзе й сядзiць праваруч Бога, усемагутнага Бацькi.

I я спытаўся: Рабi, што ты бачыш?

I ён сказаў: Я бачу людзей, якiх я збавiў ад вiны iх грахоў праз горкую чару, якую я выпiў.

I я спытаўся: Рабi, а ты бачыш iх ясна?

I вось зацьмiўся яго позiрк як бы ценем, i рука на дабраславеньнi апусьцiлася ў яго, i ён сказаў: Яны вельмi малыя, i iх як цэлы мурашнiк.

I схiлiўся я перад iм i сказаў: Ты пракляў мяне, рабi, асудзiў чакаць цябе там унiзе, пакуль ты ня вернешся: таму я вандрую сярод iх, i я як адзiн зь iх, i чую, што яны кажуць, i бачу, што яны робяць.

I вось нахiлiў ён сваю галаву, i яго плечы панурылiся, i яго рука прыцiснулася да раны ад дзiды на баку, быццам яна зноў яму забалела, i ён сказаў: я не хачу гэтага ведаць.

Але я сказаў: Калi мы сустрэлiся з табою ў пустынi й ты быў голы й пакiнуты, павёў я цябе на высокую гару й паказаў табе царствы сьвету й як у кожным зь iх панавала беззаконьне, i сказаў я табе, ты павiнен узяць гэта пад сваю руку й нiз перавярнуць угору, бо прыйшоў час узьвесьцi сапраўднае царства Божае. Але ты прагнаў мяне й сказаў, што тваё царства не ад сьвету гэтага.

I зноў на яго твары была гэтая ўсьмешка, пра якую нiхто ня мог бы сказаць, журботлiвая яна цi iранiчная, i ён адказаў: Ты сказаў.

Але я гаварыў далей: I калi ты шукаў ценю ў маiх дзьвярах, iдучы на Галгофу, з крыжам на плячах, я загаварыў з табою пра меч Божы, якi я хацеў падаць табе, каб ты згуртаваў вакол сябе народ Iзраiля i павёў яго на бiтву. Але ты зноў прагнаў мяне й сказаў, што хочаш выпiць чару, якую даў табе твой Бацька.

Слухай, сказаў ён, я вiсеў на крыжы на пагорку Галгофе ў дзённую сьпёку й разважаў, пакуль яшчэ кроў была ў маiм мозгу, i пра тое, што ты мне сказаў; але ня дзеля гэтых мэтаў паслаў мяне Бацька, а каб я адпакутаваў i памёр, каб спраўдзiлася слова й прыйшло царства для ўсiх.

I вось устаў я перад iм i спытаўся: I спраўдзiлася слова? I прыйшло царства?

Ён маўчаў. I сьвятло, у якiм ён сядзеў на троне, перамянiлася, i бляск замiранасьцi зьнiк зь яго аблiчча, i ён павярнуў галаву, каб глянуць за сабою, быццам там нехта стаяў i падслухваў.

I зноў спытаўся я: Прыйшло яно, царства?

I вось адкрыў ён вочы свае шырока, як у страху, i ўсклiкнуў: Адыдзi ад мяне, сатана!

Але я засьмяяўся i сказаў: Я ня той, з кiм ты гаворыш, хоць многае зьвязвае мяне зь Люцыпарам; я iншы анёл, якi ведае iсьцiну.

Iсьцiна, сказаў ён, у Богу.

Як часта, сказаў я, чуў я ўжо гэта. Але iсьцiна вiдна таму, хто хоча бачыць, i таму, хто хоча думаць, яе можна дасьледаваць. А ты сядзiш на сваiм троне й ня бачыш, i суцяшае цябе недасьледвальнае.

I вось нарэшце спытаўся ён: Чаго ты хочаш наогул?

I я адказаў: Я хачу, каб ты быў, кiм павiнен быць.

Калi я даваў маiм вучням ад цела майго, сказаў ён, i ад крывi маёй тым, што любiлi мяне, ты сядзеў каля мяне, схiлiўшы галаву мне на грудзi. Чаго яшчэ магу я даць больш, што ўжо даў, i як больш павiнен адпакутаваць, чым ужо адпакутаваў?

Рабi, адказаў я, я хачу, каб ты ўбачыў, што бачыў я ў царстве, якое прыйшло пасьля цябе, каб пачуў, што я там чуў, i зьведаў, што я зьведаў пра яго структуры.

I вось засланiў ён рукамi твар. Пасьля авалодаў сабою i сказаў: Я ўзяў вiну грэшных чалавекаў на сябе й гэтая вiна адкуплена маёю ахвяраю, але дзе такое сказана, каб я адкупаў сам грэх?

Рабi, сказаў я, недасканаласьць людзей ёсьць адгаворка любой рэвалюцыi, якая не асягнула сваёй мэты. А ты ж патрабаваў: Любеце ворагаў сваiх. I ты ж сам сказаў: Шукайце сьпярша царства Бога й яго справядлiвасьцi. I ты ж верыў у тое, чаго патрабаваў i што сказаў. Але для сотняў тысяч, якiя падушылi адзiн аднаго, калi ты прапаведаваў з гары, цяпер iх сотнi разоў па сотнi тысяч. Яны прагнуць багацьця i жонкi суседа, распусьнiчаюць i апiваюцца й жаруць сваiх дзетак, ушчапляюць сабе ў вены атруту й апаганьваюць усё, што ёсьць высакароднага ў чалавеку. I кожны зь iх кожнаму iншаму вораг, яны цiкуюць адзiн за адным i прадаюць адзiн аднаго, замыкаюць адзiн аднаго ў лагеры, дзе тыя мруць масамi, альбо ў камеры, дзе яны душаць, б'юць i катуюць адзiн аднаго да сьмерцi, i ў кожным месцы абвяшчаюць валадары, што ўсё гэта робiцца ў iмя любовi й дзеля дабра народам. Яны нiкчэмняць i зьнiшчаюць скарбы зямлi, ператвараюць шчодраплодную зямлю ў пустыню, ваду ў сьмярдзючую жыжку, i многiя мусяць пляжыцца дзеля нямногiх i таму памiраюць раней часу. Нiводзiн меч, насуперак прадказаньню прарока, ня быў перакаваны на арала, нiводная дзiда не ператварылася ў серп; яны бяруць таемныя сiлы сусьвету й робяць зь iх да самага неба грыбы з агню i дыму, у якiх усё жывое робiцца попелам i ценем на сьцяне.

Калi я закончыў, ён сядзеў глуха й не варушыўся, быццам быў вычасаны з дрэва й пафарбаваны; i была вялiкая цемра вакол нас, i толькi на iм пакоiўся маленькi праменьчык сьвятла.

Рабi, сказаў я, ты чуў мяне?

I тады быў голас, якi прамовiў: Сын чалавечы вернецца, бо ён назначаны Богам судзiць жывых i мёртвых, i ён пашле сваiх весьнiкаў-анёлаў, i яны зьбяруць са свайго царства ўсё зло й беззаконьне; i тады будзе лямант i скрыгат зубоў, а праведнiкi будуць сьвяцiцца, як сонца, перад Госпадам.

I калi гэта будзе? хацелася мне ведаць.

Рабi, здавалася, пракiнуўся са свайго здранцьвеньня. Мой Бацька назначыў дзень, сказаў ён.

Я нiчога не перастаўляў бы датуль, сказаў я.

РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

У якiм герцаг Адальф закладвае падмурак царства божага ў Шлезьвiгу, а супэрiнтэндэнт ня можа пад'ехаць да графiнi Эрэнтрой, а Агасфэр зь песьняй выпраўляецца на вайну

За плячыма абрысы Гамбурга, у кiшэнi герцагава запрашэньне ў замак Гаторп - Айцэн едзе па вясёлай зямлi Шлезьвiг, справа пасьвяцца кароўкi, зьлева кароўкi, авечкi й сьвiнкi; гэта новы Ханаан, крыху, праўда, забалочаны, дый якое дзiва - уклiнены ж памiж Балтыкай i Паўночным морам, але герцаг зьбiраецца адгарадзiцца дамбамi, - даведваецца ён у бравага пробашча Форстыуса ў Iцэгу, зрабiўшы там прывал, каб адпачылi конi, каб перакусiць самому падсмажанай рыбкай-сухабочыцай - камбалой. Герцаг Адальф, кажа Форстыус, сапраўдны бацька краiны, добра таксама абазнаны ў боскiх справах; не хапае там толькi царкоўнага iнспэктара, каб навесьцi парадак у запушчанай кiрсе, дзе й сам ня ведаеш, цi наогул рукапалажаны там прапаведнiк, як яно сьлед таму быць, i якую квяцiстую бздуру са сваёй катэдры ён будзе плявузгаць наступнага разу.

Пра гэта Айцэн можа пасьпяваць песьню сам: нiчога, апрача прыкрасьцi ў родным горадзе, дзе геры pastores потайкам закiдаюць адзiн аднаму ерась, а яму тым болей, за яго вернасьць Лютэраваму слову, ня кажучы ўжо пра тых, што адкрыта выстаўляюць яго за ворага, тырана й фарысея, сьмяюцца зь яго, бо ён, бач, хоча перавучыць цьвёрдахрыбетных жыдоў сваёй дыспутацыяй; а сэнат Гамбурга, якi павiнен умяшацца ў гэтыя справы з жалезнай мятлой, сэнат той нават ня рыпаецца. Ах вось, сказаў бравы Форстыус, усюды пахiснуўся духоўны парадак; а край тым часам аж кiшыць ўсякiмi фанатыкамi й мяцежнымi духамi, пасьлядоўнiкамi тых, якiя драпанулi зь Мюнстэра, калi гэты грахоўны Вавiлон, дзе нават баб качаюць калегiяльна, быў нарэшце выкураны; Бог i начальствы жах, разносiлi праклятае перахрышчэнскае вучэньне зь месца ў месца, ад Галандыi да герцагства Шлезьвiг, а на сваiх таемных сходнях чыталi кнiжыцы Мэна Сiманса й iншых псэўдапрапаведнiкаў.